Падобныя ці не? Як выглядаюць і чым займаюцца ўнукі Ніла Гілевіча, Івана Мележа і Кандрата Крапівы

Падобныя ці не? Як выглядаюць і чым займаюцца ўнукі Ніла Гілевіча, Івана Мележа і Кандрата Крапівы
Разам з “Мабільнай бібліятэкай МТС” мы сустрэліся з унукамі беларускіх класікаў – распыталі пра дзядоў і пра тое, ці лёгка наогул быць унукамі сапраўдных легенд, якіх ведае кожны школьнік. 

Разам з “Мабільнай бібліятэкай МТС” мы сустрэліся з унукамі беларускіх класікаў – распыталі пра дзядоў і пра тое, ці лёгка наогул быць унукамі сапраўдных легенд, якіх ведае кожны школьнік. 

Матэматык Багдан Гілевіч – унук Ніла Гілевіча:
«Дзед асабліва радаваўся, калі я займаўся музыкай. Прасіў не закідваць»

Унука Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча звычайна не пазнаюць на вуліцах, але бываюць і выключэнні.
 


“Аднойчы незнаёмыя дзяўчаты падышлі да мяне як да клавішніка гурта Stajar, гэта было нечакана”, – прыгадвае 21-гадовы Багдан.

Апошнія шэсць гадоў Багдан Гілевіч сапраўды грае ў рок-гурце, створаным разам з сябрамі падчас вучобы ў ліцэі БДУ. І, хоць для кожнага з іх музыка толькі хобі, рэпетыцый хлопцы не кідаюць – імкнуцца граць рэгулярна. Яны граюць “сімфанічны метал”, спяваюць па-беларуску, а тэксты пішуць сабе самі.
 

“Дзед асабліва радаваўся, калі я займаўся музыкай, і прасіў не закідваць”

Па адукацыі Багдан Гілевіч – матэматык. Першыя поспехі да яго прыйшлі яшчэ ў школе, а ў 11-м класе ён прадставіў Беларусь на матэматычнай алімпіядзе школьнікаў у Калумбіі.

“Сярод 95 краін мы занялі тады 22-е месца, – прыгадвае хлопец. – Алімпіяда праходзіла побач з Карыбскім морам – гэта адна з самых яркіх прыгод у маім жыцці!”

У тым жа годзе Багдана запрасілі на вучобу ў Славенію, але ад прапановы ён адмовіўся і паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі ў БДУ. Што цікава, на той жа факультэт прайшлі і 17 (!) яго аднакласнікаў. 

“З майго класа (22 чалавекі) пяцёра паступілі за мяжу, астатнія пайшлі на факультэт прыкладной матэматыкі БДУ”, – дадае хлопец. 

Універсітэт Багдан скончыў з адзнакай, як і ліцэй БДУ.  

“Мае бацькі, як і дзед, заўсёды казалі, каб я сам выбраў, чым хачу займацца, – прыгадвае ўнук Гілевіча. – Дзед, праўда, асабліва радаваўся, калі я займаўся музыкай, і прасіў не закідваць”.

Багдан дадае, што з дзядулем яны былі падобныя знешне і такія ж рослыя. Абодва ўмелі смяяцца з сябе.

“Дзед вельмі любіў жартаваць. У нас былі вельмі цёплыя адносіны. Я часта заходзіў да яго пасля школы ў госці, і мы размаўлялі ў яго пакоі. Я расказваў пра школьныя справы, а ён радаваўся маім поспехам”, – прыгадвае хлопец. 
 


“Лічу, што вершы ўсё ж не зусім маё”

Сваімі любімымі творамі ў дзядулі Багдан Гілевіч называе “Сказ пра Лысую гару”, паэмы “Перажыўшы вайну” і “Родныя дзеці”. А яшчэ прыгадвае, як у ліцэі настаўніца выдзяляла на творчасць Ніла Гілевіча крыху больш часу, чым было прадугледжана праграмай. 

“Асаблівым я сябе не адчуваў, але прыкмячаў, што аднакласнікам цікава было праходзіць Гілевіча, бо з імі вучыўся яго ўнук, – адзначае Багдан і сціпла дадае: – Як і дзед, я таксама займаюся творчасцю, толькі ў маім выпадку гэта музыка, а не вершы. Але, хто ведае, можа, якіясьці рысы дзядулі яшчэ праявяцца ўва мне з часам...”

Беларускую мову Багдан “ведае нядрэнна”. Можа напісаць сачыненне і часам нават верш для песні.

“Тэксты для песень даюцца няпроста, з гэтым трэба сядзець. Усё ж вершы не зусім маё, а апавяданні я ніколі не пісаў. Тым не менш у мяне ёсць нейкае інтуітыўнае пачуццё складу. Яно дапамагае, хоць я і сам не разумею, адкуль яно”. 

У жыцці хлопец размаўляе па-беларуску і лічыць, што “прыйдзе яшчэ час, калі мова ўвойдзе ва ўжытак”. 

“Нас часам любяць параўноўваць са Швейцарыяй. Было б добра стаць такой “усходнееўрапейскай Швейцарыяй” у геапалітычным сэнсе і адначасова з гэтым – моцнай краінай у інфармацыйных тэхналогіях. Веру, што беларускай мове там таксама знойдзецца месца”.

Шляхам бацькоў (тата Багдана – хімік, маці – гісторык) хлопец не пайшоў. Унук Гілевіча працуе праграмістам у адной са сталічных фірм.

“Задумваюся часам над тым, каб сабраць добрую каманду і стварыць стартап, – кажа Багдан. – Пакуль яшчэ не атрымалася знайсці па-сапраўднаму моцную ідэю, але час пакажа. Знайсці сябе ў IT-індустрыі ў нас можна”.

 

Мастак Іван Сямілетаў – унук Івана Мележа:
“Як і дзед, я крыху замкнёны”

Іван Мележ пражыў толькі 55 гадоў і, на жаль, так і не дачакаўся сваіх унукаў. Іван Сямілетаў нарадзіўся праз чатыры гады пасля смерці класіка. Унук быў названы ў гонар дзеда.
 


“Сваю роднасць з Іванам Мележам я ніколі спецыяльна не падкрэсліваю, бо гэта не мая заслуга. Лічу, што непрыгожа рабіць імя на спадчыне дзеда. Калі б я ўзяў прозвішча маці, былі б два Іваны Мележы. Але гэта занадта, таму я – Іван Сямілетаў”, – тлумачыць мужчына.

Дзед Івана па бацькоўскай лініі быў мастаком-рэалістам, бацька – мастак-манументаліст, маці – дачка Івана Мележа – мастачка-графік... Стаў мастаком і сам Іван.


Адзіны ўнук Мележа

Сваю дачку Іван Сямілетаў назваў Лідай, у гонар бабулі – жонкі Мележа. 

“Мая бабуля была родам з Расіі. З дзедам яны былі зусім розныя, але вайна звяла іх: дзед быў у эвакуацыі, і сям’я бабулі прыняла яго...”

Пасля вайны ў родныя Глінішчы Мележ так і не вярнуўся, з жонкай яны аселі ў Мінску, адбудоўвалі разбураную сталіцу.

“У юнацтве я па кавалачку распытваў у мамы не толькі пра творы дзеда, але і пра тое, як жыла іх сям’я, – прыгадвае Іван. – Калі вучыўся ў малодшых класах, то любіў сядзець за сталом дзеда ў яго кабінеце і маляваць. У нас яшчэ была бібліятэка дзеда – каля 10 тысяч кніг. Пасля мы тую бібліятэку перавезлі ў наш дом у Ждановічах. Частку кніг аддалі ў гарадскія бібліятэкі”.

Іван прызнаецца, што ў знакамітых Глінішчах яшчэ не быў: “Не дабраўся”. Але з’ездзіць хацеў бы. У школе яго так узрушыў раман “Людзі на балоце”, што ён нават зрабіў графічныя работы на гэты твор. 

“Насамрэч мне маці часта кажа, што я ў чымсьці падобны да дзеда. Нібыта ў шэрагу рэчаў я – быццам ён. Мне гэта вельмі прыемна. 

Чытаючы творы дзеда, я пазнаю там свае думкі. Тое ж і з перажываннямі. У мяне падобная псіхалогія. Як і дзед, я крыху замкнёны. Але, на жаль, я яго не застаў”.
 

Мележ з Шамякіным – суседзі праз плот

Іван Сямілетаў заўважае, што, нягледзячы на тое, што яго дзед – народны пісьменнік Беларусі, сам Іван па-беларуску не размаўляе. 

“На беларускай мове ў маёй сям’і ніхто – маці, бацька, бабуля – не размаўляў. Бабуля руская, па-руску пачаў гаварыць і я. Хоць і разумею, што штосьці ў гэтым не тое... Адчуванне такое ёсць”. 

Ці піша ўнук Мележа літаратурныя творы? “Эксперыменты мне цікавыя. Пісаць спрабую – прозу, паэзію. Але я гэта асабліва не афішырую. Сябе я пазіцыяную як жывапісец і не хачу раздвойвацца”. 

З дзяцінства Іван Сямілетаў рос у мастацкім асяродку. Як ён сам прызнаецца – суцэльныя карціны, паходы на выставы, знаёмствы са знакавымі мастакамі. 

У 7-м класе яго работы ўпершыню пачалі выстаўляцца. Пазней прыйшлі і першыя грошы.

“Я пачынаў са станкавай графікі, якой захапіўся яшчэ ў школе. Паступова пачаў дапамагаць маці ў афармленні кніг. Але я быў няпоўнагадовым, таму першыя малюнкі мы падпісвалі імем бацькі”.

Свой першы буйны заказ Іван таксама памятае – трэба было аформіць 12 кніг. І ён, школьнік, усё зрабіў. Але пазней працаваць з мінскімі выдавецтвамі ўсё ж перастаў.

“Калі яны пачалі дыктаваць, што і як рабіць, я больш не працаваў з імі. Так супала, што пасля гэтага перастаў займацца і графікай, перайшоў на жывапіс”, – прыгадвае Іван. 

Яго маці працавала графікам у выдавецтве, дзе афармяла кнігі, у тым ліку і кнігі Івана Мележа. Яна вырасла ў асяродку літаратараў, таму многіх пісьменнікаў ведала асабіста.

“Наша дача знаходзіцца па суседстве з дачай Шамякіных. У дзяцінстве я дастаткова шмат кантактаваў з Іванам Шамякіным, – расказвае Іван. – Гэта быў вельмі просты і добры чалавек. Пасля яго смерці туды ўжо практычна ніхто не прыязджае. Але з яго ўнучкамі Славянай і Машай я сябрую і сёння”. 
 


“У Беларусі зарабіць карцінамі можна”

З Іванам Сямілетавым мы гутарым у яго майстэрні – на паддашку аднаго з дамоў на праспекце Незалежнасці. Тут высокія вокны, з якіх далятае гул горада, і шмат фарбаў, пэндзляў, эскізаў карцін і... аўдыядыскаў, пад якія піша мастак.

“У 2004 годзе, калі я толькі прыйшоў сюды працаваць, то думаў, што нічога не змагу прадаць, бо ўжо тады мае эскізы разумеў не кожны, – прызнаецца мастак. – Я планаваў, як што, прадаваць іх у Італіі. Але праз салоны і галерэі ў Беларусі іх купляюць. Сёння, праўда, усё радзей”. 

Як дадае Іван, калі ведаць, што маляваць, то зарабіць мастаку ў Беларусі можна.

“Самыя “хлебныя” тэмы – рэалістычныя пейзажы або інтэр’ерны жывапіс. Блакітнае неба, рачулка, домік, зялёныя дрэвы... Нейтральнае і шчымлівае”. Куды цяжэй, паводле Івана, прадаць экспрэсіянізм з яго неадназначнымі канцэптуальнымі сюжэтамі, дзе прысутнічае моцны энергетычны ўкід. 

“Я за тое, каб мастак маляваў сумленна, не зарабляў грошы карцінамі, а пісаў для душы, не падманваючы сябе і іншых. Калі ён вось так малюе, а яго творы купляюць – гэта ідэальны варыянт”.


“Лічу ненармальным, калі мастак дзясяты раз малюе адно і тое ж”

З жалем у голасе Іван канстатуе: многія мастакі малююць адно і тое ж, бо яно добра прадаецца.

“Гэта можа быць добры мастак, але ён як станок – вырабляе бясконца адну і тую ж прадукцыю. І я лічу ненармальным, калі мастак дзясяты раз малюе адно і тое ж – ад сюжэта да дэталяў. Ёсць тыя, у каго такі стыль. А ёсць мастакі, якія зрабілі са свайго мастацтва цэлую вытворчасць: што 10 гадоў таму, што цяпер – адно і тое ж...”

Бачачы гэта, адзначае Іван, хочацца сысці ў канцэптуалізм, дзе ўсе творы будуць адрознівацца паміж сабой.

“Ужо шмат гадоў мне ўдаецца жыць за кошт сваёй працы. Думка, што для творчай рэалізацыі абавязкова трэба з’язджаць, – гэта стэрэатып. Мне хочацца жыць і працаваць тут, я люблю Мінск і з’язджаць адсюль не хачу”.

 

Дызайнерка Алена Атраховіч – унучка Кандрата Крапівы:
“У мяне ёсць эскізы да спектакляў па п’есах дзеда”

Алена Ігараўна Атраховіч не стала пісьменніцай, як яе знакаміты дзядуля, але беларускую літаратуру вельмі любіць. Яна не толькі бачыла, як дзед-драматург пісаў свае творы, але і назірала за іх пастаноўкамі ў тэатрах.
 


З дзяцінства Алена Атраховіч расла ў атмасферы творчасці, дзе шмат увагі надавалася літаратуры і мастацтву. Дзядуля быў пісьменнікам, тата – архітэктарам, а дзякуючы маме, якая імкнулася прывіць дачцэ пачуццё густу, у маленькай Алены ўжо ў шэсць гадкоў быў свой гардэроб маленькай лэдзі. 

Пазней яна і сама пачала шыць, спачатку сукенкі для лялек, потым – падарункі сяброўкам. Сёння ўнучка Народнага пісьменніка Беларусі – загадчыца кафедры дызайну моды Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Паводле слоў Алены Ігараўны, здольнасць да мастацтва ёй перадалася ад дзеда: “Кандрат Атраховіч таксама маляваў, хоць нідзе гэтаму не вучыўся. У юныя гады ён працаваў вясковым настаўнікам, у больш сталым узросце скончыў педагагічны факультэт БДУ”.

Сваё жыццё Алена Атраховіч таксама прысвяціла выкладчыцкай працы.

“Паслухмяных студэнтаў я не люблю, – усміхаецца дызайнерка. – Мне імпануюць студэнты, якія ўмеюць спрачацца і маюць індывідуальнасць. Амбіцыі павінны быць, але іх трэба падмацоўваць працаздольнасцю і ўменнем трымаць спіну. З такіх студэнтаў якраз і вырастаюць асобы”, – упэўнена Алена. 
 

Характар героя праяўляецца ва ўмовах выбару

Кандрата Крапівы не стала ў 1991-м. На той час Алене Ігараўне было ўжо за 30 гадоў – у дзеда яна паспела навучыцца шмат чаму.

“Кантактаваць з такім чалавекам, як дзядуля, было для мяне вялікім урокам. Дзед быў не толькі пісьменнікам, але і навукоўцам. Першыя ўрокі па культуры мовы я атрымала ад яго. 

Аднойчы ў Купалаўскім тэатры ставілі яго “Браму неўміручасці” (рэжысёр-пастаноўшчык – Валерый Раеўскі). Дзед часта браў мяне з сабой на рэпетыцыі. Я бачыла, з якім захапленнем уключаліся ў працэс рэпетыцыі акцёры, прапаноўваючы нейкія свае ўстаўкі. Напрыклад, Здзіслаў Стома ці Павел Дубашынскі.

І дзед вельмі пільна і ўважліва абмяркоўваў нюансы кожнай ролі, спрачаўся. Некаторыя рэплікі, якіх у тэксце п’есы не было, сапраўды ўвайшлі тады ў спектакль. Дзядуля хоць і быў чалавекам закрытым, не паказваў эмоцый, але суровасць у ім арганічна спалучалася з добразычлівасцю.

Некалькі гадоў таму мне пашчасціла прысутнічаць пры стварэнні спектакля па п’есе дзеда “Хто смяецца апошнім”. П’еса набыла другое жыццё дзякуючы таленавітай пастаноўцы ў Тэатры кінаакцёра. На этапе стварэння спектакля да мяне звярнуліся рэжысёр і калектыў тэатра, каб параіцца, як увасобіць фінальную сцэну, каб надаць ёй больш сучаснае гучанне. 

Калі я бачыла пасля на сцэне прэм’еру, то ў думках размаўляла з дзедам, пытаючыся ўвесь час: дзядуля, пагаджаешся з гэтым ці не? Думаю, ён пагадзіўся б з рэжысёрскім рашэннем.

Кандрат Крапіва не раз паўтараў, што характар літаратурнага героя праяўляецца ва ўмовах выбару. Задача ж аўтара – выклікаць у гледача пачуцці і перажыванні за выбар, які той герой зрабіў”.


“З узростам глыбей разумею дзеда і яго жыццё”

Сёння Алена Атраховіч з’яўляецца адзінай уладальніцай аўтарскіх правоў на творы Кандрата Крапівы.

“Пры жыцці дзядуля быў вельмі дакладны і педантычны, таму я вельмі адказна стаўлюся да даручанай мне місіі. Аўтарскае права шматграннае: тут і права на пастаноўку, на публікацыю, на распаўсюджванне, на перадачу ў эфір – за ўсім трэба сачыць. 

З узростам я глыбей разумею дзеда і яго жыццё. Ведаю, што стаіць за некаторымі дыялогамі ў яго п’есах. Часта адкрываю для сябе дадатковы сэнс, які раней не заўважала. 

Напрыклад, у п’есе “На вастрыі” ёсць гераіня – медсястра Зоя. Вельмі клапатлівая, суперажывае хворым. У гэтым вобразе ўвасоблена мая маці. Яна медык і таксама Зоя. Калі дзед быў ужо слабы, мама шмат клапацілася пра яго здароўе.

Яшчэ ў дзеда застаўся няскончаным раман “Мядзведзічы”, які ён называў самым аўтабіяграфічным. Прататыпамі герояў сталі жыхары яго роднай вёскі Нізок. І там ён увасобіў вобраз маёй бабулі ў маладосці: якая яна, з якой сям’і, як выглядала. 

У п’есе ваеннага часу “Проба агнём” у адным з герояў ён увасобіў вобраз сына Барыса. У 1943 годзе, калі п’еса была пастаўлена, дзед атрымаў вестку з фронту пра гібель сына. У п’есе ж гэты малады лейтэнант пасля жорсткіх баёў застаўся жывы – такім чынам назаўсёды была ўвекавечана памяць пра сына Барыса. Такія рэчы мяне вельмі кранаюць, бо я ведаю, што засталося па-за сюжэтам”.
 


“Мой дзед вельмі добра разумеў сваю місію”

Найлепшым сябрам свайго дзеда Алена Атраховіч называе Пятра Глебку. Калісьці іх дачы ў пісьменніцкім пасёлку ў Ждановічах стаялі побач.

“Гэта сяброўства працягваецца ў нашых сем’ях і зараз, – дадае Алена. – Што да іншых кантактаў, то, як правіла, у кожнага з нас, дзяцей і ўнукаў, вельмі розныя жыццёвыя шляхі”.

Унучка Крапівы прызнаецца, што вельмі хацела б стварыць касцюмы для герояў п’ес Крапівы ў тэатры.

“Гэта праца не на заказ, я проста зрабіла шэраг эскізаў, якія могуць быць выкарыстаны ў спектаклях па п’есах дзеда. Мяне гэта вельмі натхняе. 

Дзядуля вельмі добра разумеў сваю місію. Магчыма, таму так доўга і пражыў. Яшчэ я люблю простыя яго словы, якія ён гаварыў у побыце: “Трэба падумаць”. Ён мог думаць гадзінамі, а мог і днямі. І заўсёды знаходзіў мудрае рашэнне”.

2017 год – юбілейны ў творчай біяграфіі Кандрата Крапівы. Паводле Алены Ігараўны, 1922 год ён лічыў пачаткам сваёй прафесійнай літаратурнай творчасці. 95 гадоў таму быў напісаны знакаміты верш “Крапіва” – з таго часу Кандрат Атраховіч стаў Кандратам Крапівой.

Алена на хвіліну змаўкае, а затым дадае: “У гэтым годзе ў друк выйшаў зборнік Крапівы “Выбраныя творы”, у якім я выступіла адным са складальнікаў. Гэты зборнік вельмі дарагі мне. Выданне праілюстраваў мой муж – таленавіты мастак Анатоль Александровіч. На жаль, кніга стала апошняй грунтоўнай працай перад яго адыходам у вечнасць”.


 

МАБІЛЬНАЯ
БІБЛІЯТЭКА МТС
ПЕРШЫЯ 3 ДНІ – БЯСПЛАТНА!
Паспрабаваць:
Паспрабаваць:


Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

 Фото: CityDog.by, wikimedia.org, Serge SerebroVitebsk Popular News.

ЧУП «Лабс Паблисити Груп», УНП 191760213

поделиться
Еще по этой теме:
Тест. В какой знаменитой книге вам самое место?
Похожи или нет? Как выглядит правнучка Якуба Коласа, внучки Бородулина и Василя Витки
Must read. 12 главных европейских писателей прямо сейчас