Гардэроб журналісткі: «Праца дазваляе вольнае самавыражэнне, але да прычоскі ёсць пытанні»

Гардэроб журналісткі: «Праца дазваляе вольнае самавыражэнне, але да прычоскі ёсць пытанні»
У сённяшняй рубрыцы разглядаем яркі гардэроб цудоўнай Аляксандры, якая не толькі распавядае пра культуру, а яшчэ і ладзіць курсы лекцый па літаратуры.

У сённяшняй рубрыцы разглядаем яркі гардэроб цудоўнай Аляксандры, якая не толькі распавядае пра культуру, а яшчэ і ладзіць курсы лекцый па літаратуры.

 

АЛЯКСАНДРА
32 гады, журналістка

– У мяне досыць прыемная праца – яна заключаецца ў тым, каб бясконца хадзіць па выставах, фестывалях, канцэртах і спектаклях. Ну і пасля распавядаць пра іх у кароткіх тэлесюжэтах. Я працую журналісткай у праграме «Агляд падзеяў культуры».

У Менску адбываецца процьма цікавага, і самыя сімпатычныя падзеі, мне здаецца, ладзяцца на чыстым энтузіязме, калі купка сяброў сабралася і атрымаўся цуд. Гэта натхняе і самой штосьці рабіць. У мяне ёсць сайт пра кніжкі bookster.by, а вясной я ладзіла курс лекцыяў па літаратуры, дзе вядомыя асобы і ўніверсітэцкія выкладчыкі распавядалі пра Сэлінджэра, Кафку, Талстога, Олівера Сакса ды іншых улюбёных пісьменнікаў. Для мяне самой гэта было неверагодна: выступоўцы, якія так прыгожа ўмеюць гаварыць, актыўныя слухачы і класныя кнігі, якія трэба чытаць да кожнай лекцыі. Карацей, я падсела на гэты наркотык, і цяпер рыхтую новы курс у сярэдзіне восені.

 

 

Кулон-макрыцу мне падарыў сябар. Макрыца чамусьці заўсёды прыцягвае ўвагу супрацоўніц менскага аэрапорту. Некалькі разоў на даглядзе яны пыталіся: «Хто гэта?», «Яна сапраўдная?», а аднойчы сказалі: «Фу, якая гадасць!».
 

 

Мае праекты звязаныя з літаратурай, бо я люблю чытаць, хоць і не магу сказаць, што я такі чытач-марафонец. З апошніх кніг, якія неяк на мне адбіліся – Жаўмэ Кабрэ «Я спавядаюся», Стывен Кінг «Як пісаць кнігі» і «Лавец у жыце» Сэлінджэра, якога я з шалёным задавальненнем перачытала.

 

 


Спадніцу набыла на рынку ў Бангкоку, а вышыванкавыя лоферы – ў польскай краме.

Мая праца дазваляе вольнае самавыражэнне ў адзенні, толькі да прычоскі ёсць пытанні – кажуць, яна «нетэлевізійная». Але я не ведаю, як яе прыгладзіць – я тады адчуваю сябе троху не сабой.
 

 

Мой нелюбімы колер – чорны, хоць я ўвесь час і спрабую яго палюбіць. На іншых мне падабаюцца ўсе гэтыя касмічныя дызайнерскія чорныя балахоны, але я пачуваюся ў іх расціснутай. Люблю каляровыя іранічныя сукенкі, якія выглядаюць, як дзіцячыя. Калега нядаўна мне сказала: «Напэўна, цябе любяць дзеці, бо ты вечна ўся ў нейкія жырафы, лебедзі, кветкі!»

Магчыма, калісьці я стану апранацца як дарослая, але пакуль мой стыль сапраўды такі рамантычна-інфантыльны. Адкуль такая любоў да яркасці – я не ведаю. Бо насамрэч я не люблю ўвагі да сябе і звычайна хачу зліцца са сцяной. Можа, гэта такая абарончая афарбоўка, як у жукоў.

 

 


Упрыгожанне з каляровых трубачак дызайнеркі Машы Мароз, паддаўшыся гарачым угаворам, набыла днямі на Vulica Brazil. Яно вясёлае, афрыканскае і троху фалічнае.

 

Густ выпрацоўваўся, скажам шчыра, вельмі паступова. У старэйшых класах я выглядала досыць дзіўна для школьніцы. У мяне было раскошнае рудое штучнае футра, расшытыя бісерам і кветкамі кашулі, штаны з залатымі стужкамі, фіялетавы цыратовы плашч – усё гэта было падобна на канцэртны гардэроб Элтана Джона. Шмат якія рэчы мне шыла мама, увасабляючы мае ідэі. Але я досыць хутка перарасла перыяд экстравагантных вобразаў і навучылася адчуваць прыгажосць у злучэнні колераў.

 

 


Напэўна, я апранаюся інстынктыўна, па-за модай. Мода мне часта не падабаецца.

 

 

Касухі, трактарныя падэшвы, джынсы з высокай таліяй, у якіх любая попа глядзіцца грушай – адзенне з 90-х чамусьці не асацыюецца ў мяне з прыгажосцю. Хутчэй з кашмарным падлеткавым узростам і рынкам «Дынама», дзе, набываючы джынсы, цябе прыгаворвалі да іх на два гады, пакуль яны зусім не ператруцца ў пыл. Можа, тыя джынсы былі такой падлеткавай траўмай, што цяпер я амаль іх не нашу – гэта зусім рэдкае адзенне для мяне.

 

 

Амаль усе рэчы я набыла на барахолцы «Open-шкаф». Былыя гаспадыні могуць пазнаць на фота свае сукенкі і пераканацца, што ў іх цікавае новае жыццё. Напрыклад, гадзіннікі Swatch набыла за 15 руб. Там усё так каштуе, ад 5 да 15 руб.
 

 

Апошнім часам я толькі там і апранаюся. Сэканды не люблю, а тут можна набыць прыгожыя рэчы ў прыемных людзей, часам у добрых знаёмых, або, напрыклад, у былой дзяўчыны твайго бойфрэнда – і такі казус можа здарыцца! Сукенку, у якой яна з ім пазнаёмілася. Гэта ўжо літаратурны сюжэт.

 

 


Я цяжка пераношу зіму ў Беларусі і загадзя баюся яе.

 

 

Сябар летась даў мне добрую параду – набыць прыгожае паліто, каб у ім яе перажыць. Паліто не зробіць чалавека шчаслівым, але штосьці ў гэтым ёсць: унутраную нуду-трывогу прасцей перажываць у прыгожай абалонцы.

 

 

Сукенка «у чалавечкі» з Адзесы нейкіх тамтэйшых дызайнераў. На яе часам звяртаюць увагу мастакі. Напрыклад, мне казалі, што яна нагадвае працы мастака Уладзіміра Кандрусевіча – у яго такія чалавечыя сілуэты на метале.
 

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: CityDog.by.
 

поделиться
Еще по этой теме:
Гардероб: «Как ни крути, девушка одевается либо для мужчин, либо для других женщин»
Гардероб: «Алкоголю не нужно поклоняться, нужно сомневаться»
Гардероб: «Феминизм – это не работа, это просто моя система убеждений»