“Вы с ума сошли, как вы его воспитываете?!” Бацькі пра тое, як у Мінску ставяцца да беларускамоўных дзетак
CityDog.io
101
20.02.2018

“Вы с ума сошли, как вы его воспитываете?!” Бацькі пра тое, як у Мінску ставяцца да беларускамоўных дзетак

“Вы с ума сошли, как вы его воспитываете?!” Бацькі пра тое, як у Мінску ставяцца да беларускамоўных дзетак
Мінскі дызайнер Вадзім Пракопчык напярэдадні Дня роднай мовы сабраў сведчанні беларускамоўных мам і бацькоў, якія расказваюць пра стаўленне да беларускамоўных дзетак. Сітуацыя жахлівая.

Мінскі дызайнер Вадзім Пракопчык напярэдадні Дня роднай мовы сабраў сведчанні беларускамоўных мам і бацькоў, якія расказваюць пра стаўленне да беларускамоўных дзетак. Сітуацыя жахлівая.

 

– Я прашу прачытаць гэта ўсіх сваіх фрэндаў. І ўявіць сябе на месцы гэтых людзей, гэтых дзяцей... Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы – рэальныя сведчаньні рэальных бацькоў:

 

Вучыла дачку фігурам на пляцоўцы. Кажу:

– Дачушка, глядзі: гэта круг, а гэта квадрат, а вось гэта трохкутнік...

Да нас падыходзіць дзяўчынка гадоў 6–8 і кажа:

– Вы неправильно говорите, это треугольник.

Выдыхаю, адказваю:

– Па-руску – треугольник, а па-беларуску – трохкутнік, ці трохвугольнік яшчэ можна.

Дзяўчынка:

– Но такого слова нет!!! Она у вас вырастет тупая...

Я не буду закранаць тое, што маю дачку абразілі. Але заўважым, што дзяўчынка ў сваім ўзросце нават не ведала пра існаванне беларускай мовы, не чула беларускіх слоў, усё дзякуючы садку і, магчыма, школе (пра бацькоў не ўзгадваю).

 

Паліклініка. Сыну правяраюць слых. Хадзіла мая мама, папярэдзіла, што дзіцё беларускамоўнае. Але словы ўсё роўна называюць рускія. Доктар кажа:

– Цветок, – сын маўчыць, задумаўся.

Доктар пытаецца:

– Он что, не слышит?

Мама ёй:

– Слышит, просто думает, на каком языке вам отвечать.

У адказ:

– Вы с ума сошли, как вы его воспитываете?!

 

Уяўляеш, ты прыходзіш на пляцоўку з дзецьмі, і праз хвіліну іншыя дзеці збіраюцца ў групку і пачынаюць шаптацца і паказваць на вас пальцам. Твае дзеці звяртаюцца да іншых, каб пазнаёміцца, а ад іх моўчкі адварочваюцца, бо не разумеюць. І гэта добра, калі мама побач і можа штосьці паправіць, а калі тое ж у садку, дзе мамы няма? Як бы ты сябе адчувала?

 

А майму сыну акуліст 0,9 зрок паставіла заместа 1, бо ён па-беларуску нейкую карцінку назваў. А доктар падумаў, што ён не бачыць, што там.

 

Прыходзім да лагапеда. Сыну 3,5. Яму даюць рускамоўную метадычку і просяць называць прадметы па-руску, каб пачуць менавіта тыя гукі, да якіх малюнкі. Сын натуральна называе не ўсё, саромеецца. У выніку яму пішуць “общее отставание в речевом развитии” і накіроўваюць на камісію. Муж пытаецца: “А нічога, што вы белмоўнаму дзіцю паказваеце метадычку для рускамоўных і хочаце пачуць рускія гукі?” Адказ: “Это не имеет значения, языки одинаковые, идите на комиссию”.

 

Мяне пакуль толькі ў аўтобусе нейкія “разумніцы” перадпенсійнага ўзросту лячылі год таму, што я дзіцяці жыццё ламаю і іх бедныя ўнукі праз беларускую мову ў школе паўночы хатнія заданні робяць, выкінуць, кажуць, гэту мову з праграмы трэба.

 

А колькі разоў на маіх дзяцей глядзелі як на рэдкіх жывёл у заапарку.

– Ой, как он по-белорусски хорошо говорит, хи-хи-хи, а как смешно он цыпленка назвал, ха-ха-ха, Кастусь, скажи еще что-нибудь. Хи-хи-хи.

А сын даверлівы, шчыра пасябраваць хацеў. Сэрца кроўю аблівалася, калі я на гэта глядзела.

 

Дачка да трох гадоў беларускамоўная. Адна з выхавацелек прынцыпова не разумела па-беларуску. Нават былі пасылы: “Hе разговаривай со мной по-белорусски”, “Лучше уж по-английски, я его лучше знаю” (wtf).

Вынік: дзіцё перастала размаўляць па-беларуску часам нават дома, калі незнаёмыя звярталіся па-беларуску, усё адно адказвала па-руску, бо “а раптам не разумеюць”.

 

Ведаю, што беларускамоўных дзяцей з лагапедычнымі праблемамі накіроўваюць у рускамоўную лагапедычную групу, дзе ўсе заняткі па-руску і дзецям ставяць рускую фанетыку: мяккае ч, щ, р.

Калі мая знаёмая адмовілася дзіцё з беларускай групы ў рускую пераводзіць, але папрасіла, каб на заняткі да штатнага лагапеда дзіцё вадзілі, адміністрацыя адмовілася. Альбо рускамоўная група, альбо шукайце лагапеда ў іншым месцы.

 

Садкоўскі дэфектолаг паказвае карткі і просіць іх назваць. Дзіцё кажа: “Парасон”, яго выпраўляюць: “Зонт!”

 

Сын – Кастусь. Выхавацелька беларускамоўнай групы ігнаруе гэта і ўпорна кліча Косця. Дзіцю 4, ён толькі пачаў хадзіць у групу і не разумее, што Косця – гэта пра яго. У выніку на сына насварыліся, што не адгукаецца, калі клічуць. Мы ў выніку наступным дзецям такія імёны давалі, якія на рускую не перакруціш. І то Ясіка адзін раз Ванечкай назвалі.

 

Балючая тэма, калі дзеці саромеюцца мовы бацькоў, бо хочуць быць як усе, бо з іх смяюцца рускамоўныя аднагодкі, бо не бяруць у гульню, бо не разумеюць. Толькі на пляцоўцы мы можам сысці, а вось у садку дзіцё вымушана прыстасоўвацца.

 

У мяне ў транспарце пыталіся: “А ці разумее вас ваш сын?!” З якім я не разлучалася ні на дзень да 3 з паловай гадоў! Не, я яму перакладаю – і смешна, і сумна.

 

Мой сын, тады яшчэ пяцігадовы, пайшоў на пляцоўцы з дзяўчынкай знаёміцца. Ён ёй “прывітанне”, а яна ў адказ: “Я не Аня!”

 

Я прашу выказацца аўтарытэтных асоб, творцаў, палітыкаў, філосафаў, юрыстаў, проста неабыякавых да гэтага невыноснага становішча. З гэтым трэба нешта рабіць.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

 

Еще по этой теме:
В Минске появилось новое FM-радио: лаунж, белмова, нет ведущих
“Перыядычна хто-небудзь дае грошы”. Каманда мінчан перакладае фільмы на белмову – і робіць гэта вельмі файна
«За концерт родители дарили картридж для Dendy». Украинская группа ONUKA о белмове, Киеве и деньгах в творчестве