CityDog.io
4
19.07.2022

Гардэроб перакладчыцы: «Тое, што пайшло з дзяцінства і адсутнасці грошай, цяпер складае асноўную частку майго стылю»

Гардэроб перакладчыцы: «Тое, што пайшло з дзяцінства і адсутнасці грошай, цяпер складае асноўную частку ...
Памятаеце, некалькі тыдняў таму мы запусцілі новы фармат «Касметычкі» ды зазірнулі ў касметычку дзяўчыны, якая з’ехала з Беларусі? Сёння робім тое ж самае ў рубрыцы «Гардэроб».

Памятаеце, некалькі тыдняў таму мы запусцілі новы фармат «Касметычкі» ды зазірнулі ў касметычку дзяўчыны, якая з’ехала з Беларусі? Сёння робім тое ж самае ў рубрыцы «Гардэроб».

Ксенія, 25 гадоў, перакладчыца, жыве ў Вільнюсе

– Я нарадзілася ў Магілёве і некаторы час вучылася там. А калі трэба было выбіраць, куды ісці вучыцца далей, мая маці, якая шмат чула пра ЕГУ, прапанавала мне паступаць туды.

Так я аказалася ў Вільнюсе і ў ЕГУ: вывучала культурную спадчыну ды турызм. Гэта было ў 2014 годзе, і пасля навучання я вырашыла застацца ў Літве і працаваць тут.

Акуляры мне дасталіся ад маёй цёткі, а карсет пашыла сяброўка маёй маці.

Торбачку набыла ў Humana і нашу амаль кожны дзень.

Збольшага мой стыль сфарміраваўся ўжо ў Вільнюсе, але некаторыя часткі стылю пайшлі яшчэ з Беларусі.

Напрыклад, у маім дзяцінстве і падлеткавым узросце грошай было не вельмі шмат, і таму маці набывала адзенне ў сэкандах. Спачатку я думала: «Ну як так, чаму так, хачу нармальнае адзенне!», але калі я пераехала і чым больш у мяне з’яўлялася магчымасцей хадзіць па гандлёвых цэнтрах, тым больш я разумела, што мне не асабліва і падабаецца тое, што я бачу ў масмаркеце.

Я разумела, што мне больш пасуе адзенне, якое я магу знайсці ў сэкандзе: яно больш падыходзіць да майго ўласнага стылю, а таксама больш індывідуальнае і экалагічнае. Так тое, што пайшло з дзяцінства і адсутнасці грошай, зараз складае асноўную частку і майго стылю, і гардэроба, і майго падыходу да набыцця адзення.

Мне не вельмі пасуюць і не вельмі падабаюцца пухавікі, і я доўга шукала класічнае каляровае паліто. Знайшла яго ў Humana за 30 еўра і вось ужо два гады яго апранаю.

Швэдар набыла ў Беларусі ў сваю апошнюю паездку туды (я прыязджала на выбары ў 2020-м), і ён нагадвае мне дом.

Калі я толькі прыехала ў Вільнюс, сэканды тут былі, як і ў Беларусі, трошкі маргіналізаванай рэччу: маўляў, гэта таннае адзенне, хтосьці яго ўжо выкарыстоўваў, непрыемна гэта насіць.

Але ішоў час – і стаўленне змянілася. Сёння сэканды ў Вільнюсе нават больш папулярныя за H&M, Zara і гэтак далей, іх вельмі шмат. Найбольш папулярная сетка – Humana, дзе можна знайсці нават нешта вінтажнае.

Галоўны элемент тут – кепі. Аднойчы я знайшла ў Вільнюсе вінтажную краму: яна належыць мужчыну з Украіны, які калісьці, мне падаецца, працаваў у балеце, а ў Вільнюсе адкрыў краму са сваёй калекцыі. Там я і купіла кепі вельмі старой кампаніі Borsalino, якая рабіла галаўныя ўборы нават для італьянскіх мафіёзі.

Доўга не ведала, як і з чым яе спалучаць, але аднойчы вобраз сам склаўся. Джынсы і кашуля – з Humana.

Калісьці я думала, што мода мне не патрэбна, але сёння я ўпэўнена магу сказаць, што цікаўлюся ёй. Я зразумела, што мода – гэта не проста пра адзенне: гэта тое, як ты сябе бачыш і як ставішся да свету.

У нейкі момант я нават хацела быць стылісткай і прайшла курсы Маргарыты Мурадавай. Але гэта, на жаль, было ў жніўні 2020 года, калі не асабліва было да моды.

Акрамя Маргарыты мне вельмі падабаюцца Courtney Pentimalli, Vivian Hoorn ды скандынаўскія блогеры (напрыклад, Marianne Theodorsen) – за іх вельмі каляровы стыль.

Таксама лічу, што адзін з класных спосабаў сачэння за модай – фільмы і серыялы з добрымі касцюмамі. Гэта дапамагае адпрацаваць свой густ і зразумець, як штосьці можна між сабой кампанаваць. Мае фаварыты – «Неверагодная місіс Мэйзел», «Марыя-Антуанэта», «Лэдзі-дэтэктыў міс Фрайні Фішар» ды «Што мы робім у цені».

І зноўку амаль увесь вобраз з Humana: ружовы швэдар за 30 цэнтаў лічу адной з лепшых знаходак там. Толькі кепку забрала ў свайго хлопца.

Як я і сказала, часцей за ўсё я набываю адзенне ў сэкандах. Стараюся пазбягаць імпульсіўных купляў, але не планую кожны паход: калі я мэтанакіравана іду ў сэканд, мне заўсёды не шанцуе. Час ад часу купляю нешта ў тыповых крамах H&M, Zara, Mango, але стараюся, каб гэта было лімітавана.

Акрамя таго, пачала спрабаваць нешта шыць самастойна. Маё цела не суперстандартнае па памерах, і я не хачу апранацца ў торбы з крамы «Тры таўстуна». Хацелася адзення, якое б мне пасавала, было стылёвым, модным і не вельмі шмат каштавала. Я шыю нячаста, але мне вельмі падабаецца – гэта класнае хобі.

Шкарпэткі з яйкамі мне даслала з Беларусі сястра, і мне вельмі падабаецца такі класны і каляровы элемент вобразу.

Як апісаць мой стыль? Маці называе яго «я упала с сеновала, тормозила головой». Сама б я проста сказала, што ён каляровы, лёгкі, шматслойны ды адсылае да 80-х і 90-х.

 

поделиться