Мінчанка Вольга Філатчанкава – былая палітзняволеная. За кратамі жанчына правяла больш за 2,5 гады, а калі апынулася на волі, стварыла ініцыятыву псіхалагічнай падтрымкі для жанчын «Побач». CityDog.io паразмаўляў з Вольгай і даведаўся, як беларуска дапамагае былым палітвязынкам у адаптацыі.
З 2020 года ў Беларусі як мінімум 1562 жанчыны былі асуджаны па палітычных матывах. Пачынаючы з першай хвалі вызвалення, якая адбылася ўлетку 2024 года, на волю выпусцілі 569 чалавек, 189 з якіх прымусова вывезлі з Беларусі.
Хвалі вызвалення адбываюцца пасля перамоў беларускіх уладаў з прадстаўнікамі адміністрацыі Дональда Трампа. Калі людзей адпускаюць, з Беларусі здымаюць частку санкцый.
Што пачытаць па тэме: ЗША знялі санкцыі з «Белавиа». Тлумачым, што гэта значыць для беларускіх пасажыраў
Але былым палітвязням складана вярнуцца да свайго звычайнага жыцця. Тыя, хто застаюцца ўнутры краіны, трапляюць у спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», сутыкаюцца са складанасцямі пры працаўладкаванні з-за былой судзімасці па палітычных артыкулах. Праваабаронцы таксама паведамляюць пра яшчэ адзін інструмент ціску – прэвентыўны нагляд, пры якім правы былога зняволенага абмяжоўваюцца.
Іншых увогуле вывозяць за межы Беларусі. Падчас інтэрв’ю і прэс-канферэнцый былыя палітзняволеныя называюць такі працэс не вызваленнем, а выдварэннем. З турэмных камер людзей адразу вывозяць у Літву, Польшчу або Украіну, пазбаўляючы магчымасці ўбачыцца са сваякамі або вярнуцца ў сваю кватэру.
Праваабаронцы адзначаюць, што гэта працэдура супярэчыць Канстытуцыі, міжнародным актам, а таксама парушае правы чалавека. З Беларусі палітвязняў вывозяць без афіцыйнай пастановы суда або іншага органа аб дэпартацыі.
Як правіла, у першыя дні пасля вывазу з Беларусі былым палітзняволеным дапамагаюць валанцёры: рассяляюць па шэлтарах, даюць тэлефоны і аказваюць псіхалагічную падтрымку.
Пасля беларусам даводзіцца вырашаць іншыя пытанні: збіраць дакументы для легалізацыі ў новай краіне, адкрываць банкаўскія рахункі і шукаць пастаяннае жыллё. Некаторыя з іх апынаюцца за мяжой упершыню, большасць не ведае мовы краіны, у якую іх вывезлі.
«Праца за мяжой ёсць, іншае пытанне – колькі ты можаш зарабіць. Па спецыяльнасці адразу складана ўладкавацца – трэба ведаць мясцовую мову. Таму многія, як і я, пачынаюць з будоўлі, у таксі і ў сферы абслугоўвання», – расказваў Deutsche Welle былы палітзняволены Дзмітрый Фурманаў.

Фото: Saurav Mahto, Unsplash.com.
«Спачатку ты жывеш на адрэналіне, а пасля з’яўляецца апатыя»
Да затрымання ў лістападзе 2020 года Вольга Філатчанкава працавала выкладчыцай у БДУІР. Беларуска прымала ўдзел у акцыях, а таксама знялася ў відэазвароце выкладчыкаў, якія выказваліся супраць гвалту.
У выніку Вольга стала фігуранткай «справы студэнтаў» — жанчыну асудзілі на 2,6 года калоніі. На волю беларуска выйшла ў лістападзе 2022-га. У вымушанай эміграцыі Вольга паступіла на праграму Каліноўскага і занялася актывізмам.

– Спачатку ты жывеш на адрэналіне: нібыта ўсё добра, бо ты на волі. А пасля пачынае накрываць – ты пераехала, частка сям’і засталася ў Беларусі, магчымасці з імі ўбачыцца няма... З’яўляецца апатыя – канешне, гэта здараецца не з усімі, але ўсё ж такі дастаткова вялікая колькасць людзей пакутуе ад эмацыйнай ямы. Таму вельмі добра, калі побач ёсць людзі, якія могуць падтрымаць і выцягнуць з псіхалагічнай пасткі.
Каля двух гадоў таму ў нас з’явіўся чацік з першай хвалі вызвалення, у якім мы ўзгадвалі, як сядзелі, дзяліліся досведам пераезду і ўласнымі перажываннямі. Калі наша жыццё больш-менш наладзілася і мы пачалі адаптоўвацца, з’явілася ідэя – дапамагаць іншым дзяўчатам, якія выехалі зусім нядаўна і патрабуюць дапамогі.
Такім чынам мы акрэслілі, што адна з галоўных мэт нашай ініцыятывы – доўгатэрміновая псіхалагічная падтрымка, якая аказваецца не ў першыя дні ці тыдні, а менавіта падчас надыходу крызісу.
Людзі праводзяць у турме дастаткова вялікія тэрміны – яны прапускаюць велізарны кавалак часу, а ў нашым свеце ўсё змяняецца вельмі хутка. Толькі адзін прыклад – пакуль яны сядзелі, з’явіўся СhatGPT. Але такіх навацый – тысячы.
Акрамя таго, што былыя палітзняволеныя не трапляюць у сваё звыклае асяроддзе, яны апынаюцца за мяжой – іх наўпрост выкідваюць. Некаторыя з іх увогуле ніколі раней не бывалі за межамі Беларусі: нічога не разумеюць, стан разгублены.
Таму людзям вельмі патрэбна, каб з імі быў хтосьці побач. Але ў гэтай справе важна не зрабіць усё за чалавека, а дапамагчы яму ў адаптацыі – вытрымаць здаровы баланс і ў патрэбны час адштурхнуцца.
«Частку вызваленых людзей у хуткім часе можна чакаць за мяжой»
– Некаторыя арганізацыі лічаць, што стварэнне новых аб’яднанняў стварае канкурэнцыю. Мы займаем іншую пазіцыю: чым больш розных арганізацый, нават якія займаюцца кропкавымі пытаннямі, тым больш карысці. Частка вызваленых людзей па-ранейшаму застаецца ў Беларусі, але, на маю думку, іх у хуткім часе варта чакаць за мяжой. Гэта значыць, што нагрузка на кожную з арганізацый павялічыцца.
Як трапіць у «Побач» і чым займаецца ініцыятыва?
– Нашыя асноўныя накірункі дзейнасці: аказанне псіхалагічнай падтрымкі, пошук адпаведных спецыялістаў, а таксама існаванне кам’юніці. Рэсурсаў у нас няшмат – таму мы дзейнічаем без прымусу. Кожны робіць тое, на што ў яго хапае моцы і жаданняў.
У планах арганізоўваць сустрэчы суполкі, псіхалагічныя рэтрыты, знайсці магчымасці арганізаваць доўгатэрміновую псіхалагічную дапамогу жанчынам з нашай фокус-групы. У нас ужо атрымалася аб’яднаць жанчын па ўсім свеце.
Пакуль ініцыятыва адкрытая толькі для былых палітвязынак. Трапіць туды можна праз асабістыя знаёмствы з іншымі ўдзельніцамі аб’ядання. Пасля галасаваннем вырашаецца, ці дадаваць жанчыну да «Побач».
Вольга прызнае, што працэдура дастаткова складаная, але гэта абумоўлена ўмовамі бяспекі, каб патэнцыйную ўдзельніцу было прасцей верыфікаваць. Магчыма, пазней да ініцыятывы змогуць дадавацца і жанчыны, якія прайшлі СІЗА.
Як дапамагчы ініцыятыве?
«Побач» яшчэ не зарэгістравана як афіцыйная арганізацыя, таму пералічыць грошы на рахунак ініцыятывы пакуль не атрымаецца.
Але падтрымаць «Побач» можна іншым шляхам – ініцыятыва адкрыта да супрацоўніцтва. Асабліва зацікаўлены ў спецыялістах са сферы псіхалогіі і псіхатэрапіі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.













