Агонь! Глядзіце, які круты мерч прыдумалі беларускія брэнды ў адказ на адмову ўлад ад беларускай лацінкі

Агонь! Глядзіце, які круты мерч прыдумалі беларускія брэнды ў адказ на адмову ўлад ад беларускай лацінкі
Вось як беларускія брэнды адрэагавалі на адмову ўлад выкарыстоўваць беларускую лацінку ў геаграфічных назвах.

Вось як беларускія брэнды адрэагавалі на адмову ўлад выкарыстоўваць беларускую лацінку ў геаграфічных назвах.

Што здарылася

Напрыканцы мінулага года мы пісалі, што ўлады хочуць адмовіцца ад беларускай лацінкі ў надпісах населеных пунктаў, вуліц і станцый метро. Па іх словах, гэта пытанне паднялі з-за зваротаў грамадзян.

Аднак грамадзяне ў асобе актывістаў, наадварот, звярнуліся ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці і ў Акадэмію навук з патрабаваннем пакінуць існуючую транслітарацыю геаграфічных назваў і найменняў вуліц, на што атрымалі вельмі дзіўны і незразумелы адказ.

3 сакавіка 2023 года з падачы прарасійскіх блогераў і прапагандыстаў беларускія ўлады фактычна анулявалі афіцыйную беларускую лацінку ў напісанні геаграфічных назваў, замяніўшы яе на сумесь з англійскай і нямецкай транслітарацыі.

Больш за тое: цяпер назвы населеных пунктаў можна пісаць лацінскімі літарамі па-руску, чаго не было за ўсе гады незалежнасці Беларусі.

Вось тут мы падрабязна пісалі пра тое, чаму беларуская лацінка мусіць жыць.

Як звычайныя цішоткі і худзі могуць дапамагчы лацінцы

Нечакана некалькі беларускіх брэндаў вырашылі змяніць дызайн сваіх вырабаў дзеля захавання арыгінальнай беларускай лацінкі.

Брэнд @bsmrtna: стваральніца – вядомая фотамастачка з Беларусі Караліна Палякова. Гэта менавіта яна прыдумала цішоткі і байкі з надпісам «Бессмертен»: гэты надпіс на адным з будынкаў на плошчы Перамогі ведае любы мінчук. Зараз Караліна вырашыла беларусізаваць гэты надпіс.

Як бачна, цяпер футболкі будуць з фірмовым «візуальным кодам камунікацыі для асоб, звязаных з Беларуссю (не Белоруссией)».

«Прачытала навіны пра стан беларускай лацінкі, а дакладна на дзяржузроўні адмовіліся ад яе ў размове паміж горадам і жыхарамі, – піша Караліна. – Рыхтуюся прэзентаваць футболкі праз два-тры тыдні, але дзень такі, што не буду хаваць. Ёсць опцыя “nieśmiarotny”, “nieśmiarotnaja” і “nieśmiarotna”».

Кошт цішотак пакуль невядомы, але, напрыклад, світшоты з падобным прынтом можна набыць у краме фотамастачкі за 35–40 еўра.

Брэнд @znivien2020: «Пасля навін аб тым, што на радзіме не будуць выкарыстоўваць лацінку, мы вырашылі даць магчымасць вам выбіраць, на якой мове будзе прынт – на беларускай кірыліцы ці на беларускай лацінцы», – пішуць дызайнеры. І прапануюць варыянты:

  • Мой родны кут – Moj rodny kut
  • Беларус Беларусу Беларус – Bielarus Bielarusu Bielarus
  • Кахай, не ваюй ­­– Kachaj, nie vajuj
  • Чырвоны прастакутнік на белым фоне – Čyrvony prastakutnik na bielym fonie

Кошт ­­– 80 zl плюс дастаўка.

 

Фота: Instagram.com.

#Беларусь
поделиться