Горад герояў Мінск-2

Горад герояў Мінск-2
Працягваем весці кадастр людзей, якіх варта называць пераменскімі. Пра тое, як яны змянілі Мінск і нашае жыццё ў ім, чытайце далей.  

Працягваем весці кадастр людзей, якіх варта называць пераменскімі. Пра тое, як яны змянілі Мінск і нашае жыццё ў ім, чытайце далей.  

7  

Кампанiя «Эсма»

Хто гэта: група аднадумцаў, праз якіх сталіца апынулася ў камп’ютары літаральна кожнага мінчука.

 

Біяграфія: праект быў распачаты кампаніяй «ЭСМА» яшчэ ў часы існавання аперацыйнай сістэмы DOS у 1993 годзе. Тады карта называлася MINSK_MAP. 

Пачынаючы з 2000-га працай над інфармацыйна-даведачнай сістэмай CityInfo занялася кампанія «ЛБЛ-ІНВЕСТ», якая і ёсць яе праваўладальнікам. 

Цікава, што ЗАТ «ЛБЛ-ІНВЕСТ» займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння іншай тэматыкі. Праца над CityInfo – у значнай ступені даніна павагі да самой ідэі. 


8

 Iосiф Лангбард

Хто гэта: архітэктар, які зашпіліў Мінск на ўсе гузікі сталінскага фрэнча.

 

Біяграфія: кажам «сталінскі ампір» – думаем пра будынкі Лангбарда. Узведзеныя паводле ягоных праектаў у 1920–1930-я гг. манументальныя будынкі – Дом урада, Тэатр оперы і балета, Акадэмія навук, Дом афіцэраў – задалі характар савецкага Мінска. 

Жартуюць, што сваімі працамі Лангбард дагадзіў нават Богу: за часамі нямецкай акупацыі яго будынкі ацалелі. 

Адукацыю і першы архітэктурны досвед Лангбард атрымаў у Пецярбургу – з гэтага горада ён прывёз натхненне і той самы непаўторны стыль. 

Цікава, што жонка выбітнага архітэктара памерла ў іх чатырохпакаёвай піцерскай кватэры. Якую пасля смерці Лангбарда ператварылі… у камуналку.

9

Уладзiмiр Жбанаў

Хто гэта: скульптар, які надаў Мінску чалавечыя рысы. 

 

Біяграфія: «Жбанаў перажываў, што ён не мастак. Бо калі мастак ідзе з эцюднікам, гэта ўсе бачаць здалёк, у тым ліку дзяўчаты, – узгадвае пра нябожчыка сябар скульптара Адам Глобус. – Таму Валодзя пазычаў у майго брата эцюднік і казаў: “Хачу, каб усе бачылі, што я чалавек мастацтва”». 

Жбанаў – чалавек, які перакроіў вобраз строгага, зашпіленага на ўсе гузікі Мінска на адкрыты, усмешлівы, задуменны і вельмі рамантычны лад. «Незнаёмка», «Дзяўчынка з парасонам», «Паштальён», «Пакупнікі» – яго гарадскія скульптуры ведаюць усе мінчукі і госці сталіцы…

Цікава, што падчас працы Жбанаў так перажываў за сваіх герояў, што нават гусь, з якой рабіў злепак, не змог пусціць на суп – аддаў у заапарк.


10

Аляксандр Чарвякоў

Хто гэта: чалавек, які нарэшце замацаваў за Мінскам сталічны статус.

 

Біяграфія: упершыню статус сталіцы Мінск атрымаў у сакавіку 1918-га, калі была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. За БНР у студзені 1919 года і бацькі Савецкай Беларусі захацелі бачыць наш горад сваёй сталіцай. 

Але дэ-юрэ сталічны статус Мінск атрымаў толькі ў 1927 годзе. Калі ў Канстытуцыі БССР, якую і падпісаў Аляксандр Рыгоравіч, было адназначна напісана: «Сталіцай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з’яўляецца горад Менск».

Цікава, што Аляксандра Рыгоравіча Чарвякова з павагай называлі «ўсебеларускім старастам». Пры гэтым ён быў вельмі адкрыты, сціплы, добразычлівы чалавек – за што і пацярпеў падчас сталінскіх чыстак 1937-га.

 

11

Карл Чапскi

Хто гэта: не проста губернатар правінцыйнага расійскага гарадка, а сапраўдны мэр еўрапейскага горада.

 

Біяграфія: уявіце, што мэрам сучаснага Мінска робіцца 30-гадовы доларавы мільярдэр. Які кардынальна змяняе інфраструктуру, эканоміку і жыццёвы лад горада на ўзор якога-небудзь Стакгольма або Капенгагена. Менавіта такога эфекту дасягнуў Карл Чапскі за 11 гадоў (1890–1901) губернатарства. 

За час яго кіравання ў Мінску: запусцілі трамвай-конку, пабудавалі электрастанцыю і першую тэлефонную станцыю, адчынілі першыя ў горадзе яслі, ламбард, бальніцы, начныя прытулкі і першую венерычную лякарню. Пад кіраўніцтвам Чапскага забрукавалі і электрызавалі большасць цэнтральных вуліц Мінска. 

Між іншым, завод «Аліварыя», дзе аднавілі разліў «Графа Чапскага», – таксама справа рук Карла. 

Цікава, што пісала газета «Голас правінцыі» пра Чапскага ў 1906 годзе: «Калі б граф паслужыў яшчэ колькі гадоў, то Мінск зрабіўся б сапраўдным Парыжам».

12

Вiктар Мiцкевiч

Хто гэта: той, хто даў Мінску ваду, метро і некаторыя іншыя гарадскія выгоды.

 

Біяграфія: амаль усё жыццё Віктар Іосіфавіч прапрацаваў ва ўпраўленні механізацыі трэста № 15 «Спецстрой». На ягоным сумленні будаўніцтва мінскіх водаправода і каналізацыі, правядзенне цепласетак і насосных станцый. Ён браў актыўны ўдзел у будаўніцтве сістэмы ачышчэння гарадскіх сцёкавых водаў. І першым ускрыў Ленінскі праспект, каб вызваліць ад камунікацый зямлю для капальнікаў Мінскага метро. 

Цікава, што ў 1999 годзе Віктар Міцкевіч зрабіўся «Ганаровым гараджанінам горада Мінска».

 13

Юрый Чыж

Хто гэта: адзін з самых багатых бізнесоўцаў краіны, які зарабляе на  кармленні, паенні, апрананні i забаўлянні мінчукоў.

 

Біяграфія: былы рабочы МТЗ, сёння Чыж (паводле непацверджаных звестак, доларавы мільярдэр) – заснавальнік і кіраўнік «Трайпла», самага дыверсіфікаванага прыватнага бізнесу ў Беларусі. 

Куды ў Мінску ні пойдзеш, паўсюль задзейнічаныя капіталы Юрыя Аляксандравіча. Рэстарацыі «Ракаўскі бровар», «Салодкі фальварак», «Залаты грабенчык» (La Crete d’Or), «Авертайм», «Гасцінны маёнтак», «У Францыска», сетка гіпермаркетаў ProStore. Дадайце сюды крамы Tom Tailor, буцік Corneliani і САК «Лагойск». 

Цікава, што Чыж валодае галоўным футбольным гонарам сталіцы – легендарным «Дынама». Але актыўна думае, каму яго прадаць.

 

 


поделиться