«Я беларуска, чаму б мне не весці блог па-беларуску?» Блогеры расказваюць, як пераходзілі на беларускую мову (і даюць добрыя лайфхакі)

«Я беларуска, чаму б мне не весці блог па-беларуску?» Блогеры расказваюць, як пераходзілі на беларускую ...
Гэтыя блогеры вядуць свае старонкі ў сацсетках па-беларуску – мы папрасілі іх расказаць пра свае лайфхакі.

Гэтыя блогеры вядуць свае старонкі ў сацсетках па-беларуску – мы папрасілі іх расказаць пра свае лайфхакі.

Паліна: «Стварэнне моўнага праекта мне дазволіла не даць сабе патануць у дэпрэсіі»

– Сваю старонку ў Instagram (1128 падпіcчыкаў) я вырашыла завесці менш за два месяцы таму, калі зразумела, чым яна будзе адрознівацца ад іншых падобных ініцыятыў пра беларускую мову. На курсах англійскай сустрэла зручную платформу для стварэння тэставанак і зразумела, што я магу ўжыць гэту методыку на карысць беларусаў – для навучання беларускай мове тых, хто апошнім часам вырашыў палепшыць свае веды ці цалкам перайсці на яе.

Цяпер такі час, што нам усім трэба бачыць сэнс у сваім існаванні. Стварэнне моўнага праекта мне дазволіла не захлынуцца ў віры навін і выплыць, не даць сабе патануць у дэпрэсіі. Калі я бачу ўдзячнасць чытачоў, я разумею, што ўсё не дарма.

Сама я да беларускай мовы прыйшла амаль 20 гадоў таму, у 10-м класе. Добрыя настаўнікі, спрыяльны калектыў ліцэя БДУ, кнігі Караткевіча, Мележа і Быкава зрабілі сваю справу. Усё жыццё буду ўдзячная сваім настаўніцам Наталлі Янісаўне і Вераніцы Вячаславаўне за тое, што не толькі навучылі мове і літаратуры, але задалі вектар усяго майго жыцця.

Так я аказалася на беларускім філфаку, потым – у рэдакцыі беларускамоўнага радыё, а потым беларуская мова стала матчынай для маёй дачушкі.

А вось псіхалагічны дыскамфорт у мяне бывае і цяпер, калі размаўляю па-беларуску. У некаторых месцах, дзе я пачуваюся не дужа ўпэўнена, напрыклад у бальніцы ці ў натарыяльнай канторы, я хутчэй па-руску патлумачу, што мне трэба, каб не дапусціць непаразумення, якое мне потым і расхлёбваць.

– Адкуль прыходзяць тэмы для вашых пастоў?

– Усе ідэі для пастоў мне падкідвае жыццё. Наступіла лета – трэба стварыць падборку кветак па-беларуску. Закрылі кнігарню «Кнігаўка» – трэба расказаць, што ж гэта за птушка такая з кніжнай назвай, а заадно і згадаць пра кнігі.

Часам тэмы падкідваюць самі чытачы: напрыклад, у спісе чакання ўжо тэма рамонту і будоўлі, тэма касметыкі і догляду за сабой, тэма IT-тэрмінаў і прылад. А таксама назвы нашых птушак і рыб – з імі наогул складана, бо гэта тэма далёкая для дзяцей асфальту.

– Падзяліцеся сваімі лайфхакамі ў вывучэнні мовы – тым, што сапраўды можа дапамагчы і зрабіць працэс больш лёгкім.

– У вывучэнні моў мне найбольш дапамагае алдскульны метад – чытаць шмат літаратуры і выпісваць у слупок незнаёмыя словы. Раней у мяне на сцяне вісеў дыван над ложкам, і я іголкай прышпільвала да яго аркушыкі з новымі словамі, каб запомніць правапіс слоў ці адметныя фразеалагізмы.

Але цяпер ёсць куды больш магчымасцей. Напрыклад, у сваім блогу я раблю тэставанкі па тэматычнай лексіцы, ствараю карткі па граматычных правілах, раблю падборкі песень, фільмаў і кніг для лёгкага вывучэння мовы.

Аднак пасля пасіўнага вывучэння мовы і яе разумення трэба вывесці валоданне мовай у актыў. І тут я раю спачатку пісаць па-беларуску: можна весці асабісты дзённік, можна пісаць лісты сябрам ці нават незнаёмым людзям, можна завесці новы акаўнт ці перайсці на беларускую ва ўсіх сацсетках адразу. Важна не адцягваць гэты момант і актыўна практыкаваць беларускае маўленне.

Але самы дзейны метад – камунікаваць па-беларуску ўжывую. Знайсці сабе хоць аднаго чалавека ці цэлае кола аднадумцаў, дзе будзе лёгка і бяспечна размаўляць паміж сабой, дзе ніхто не прысароміць за русізмы ці трасянку, дзе вам будзе цікава і лёгка не толькі таму, што гэта па-беларуску. Балазе, і такія ініцыятывы пакрысе з’яўляюцца. Напрыклад, моўны клуб «Вольная мова» – анлайн-фармат дазваляе ўдзельнічаць у клубе з любой кропкі свету.

Лізавета: «Лічыла, што гэта мая місія: паказаць, што па-беларуску можна быць паспяховым чалавекам»

– З самага пачатку рабіла пасты па-руску, але недзе на чацвёртым курсе каледжа вырашыла перайсці на беларускую мову і весці свае сацсеткі таксама па-беларуску. У асноўным кантэнт маёй старонкі ў Instagram (больш за 11 000 падпісчыкаў) звязаны з маёй працай – я ілюстратарка, таму расказваю больш на тэму ілюстрацыі, а таксама на тэму свайго жыцця, праблем, якія мяне хвалююць.

Я звычайны чалавек, я беларуска, таму чаму б мне не весці блог па-беларуску?

Я пазнаёмілася са сваімі беларускамоўнымі сябрамі, і менавіта яны ўцягнулі мяне ў сваю беларускамоўную тусоўку – гэта адбылося на 4-м курсе мастацкага каледжа. Мне хацелася таксама адпавядаць гэтым класным людзям, якія займаліся нейкай сваёй крутой справай: SMM, музыкай, арганізацыяй канцэртаў. Гэта было вельмі жывое культурніцкае асяроддзе.

Але была адна гісторыя, пасля якой у мяне з’явілася дакладнае жаданне размаўляць па-беларуску. Гэта быў закрыты канцэрт на Дзень студэнта Лявона Вольскага. На той момант нават не ведала, хто ён такі: мяне проста паклікалі – і я прыйшла за кампанію. Але мне вельмі спадабаліся яго песні, пачала гугліць – і хутка пачала фанацець ад яго музыкі.

А далей захацелася больш даведвацца пра нашу мову, размаўляць на ёй, неяк несці яе іншым людзям. У нейкі момант я для сябе правяла такую паралель: калі ты размаўляеш па-беларуску, калі ведаеш свае карані, сваю гісторыю, то ты станеш паспяховым у любым выпадку, бо гэта вельмі моцная база для развіцця – ты адчуваеш, хто ты такі ёсць. Вакол мяне было шмат такіх прыкладаў.

З сябрамі я хадзіла на розныя беларускамоўныя імпрэзы, пісала паведамленні па-беларуску, публічна, дзе толькі магчыма, старалася размаўляць па-беларуску. Гэта быў мой свядомы выбар, бо я лічыла, што гэта мая місія: паказаць, што па-беларуску можна быць паспяховым чалавекам.

– Увогуле ці складана было перавесці жыццё на беларускую мову?

– Так, пераходзіла праз боль і памылкі, але мяне падтрымалі сябры і бацькі: мая мама – рэпетытарка беларускай і рускай моў, яна проста пачала размаўляць са мной па-беларуску дома. Пасля паступова я пачала пераходзіць у больш публічныя месцы. Напрыклад, свае першыя майстар-класы па ілюстрацыі я адразу выкладала на беларускай мове. Гэта была вельмі моцная практыка.

То бок я не вучыла неяк мову спецыяльна, яна проста была заўсёды са мной. Проста ўспомніла тое, што вучыла ў школе, і пачала ўдасканальваць: шмат чытала СМІ, сацсетак іншых людзей. Гэта, дарэчы, адзін з лайфхакаў – падпісвацца на тых людзей, якія добра і даўно практыкуюць мову. Яшчэ мне дапамог мой блог, для пастоў якога я шмат пісала па-беларуску, – таксама добрая практыка. Любы чалавек можа пісаць па-беларуску спісы спраў ці прадуктаў, весці нататкі ці дзённік – гэта простыя рэчы, якія дазваляюць вельмі проста ўвесці мову ў сваё жыццё.

Таксама мне дапамаглі публічныя выступы, воркшопы, анлайн-актыўнасць – стварэнне такога кам’юніці таксама дапамагае практыкаваць мову. Зараз, ведаю, ёсць розныя чаты, групы, дзе таксама можна практыкаваць мову.

Яшчэ ёсць добры інструмент – сайт «Добрапіс»: я заўсёды ім карыстаюся, каб правяраць правапіс, правяраць памылкі. Таксама там можна перавесці свой кірылічны тэкст на лацінку. І магу падказаць такі рэсурс, як «Скарнік», – вельмі добры онлайн-слоўнік.

Даня: «Людзі занадта часта задавалі пытанні: “А почему ты разговариваешь на белорусском?”»

– На сваёй старонцы ў TikTok (5322 падпісчыкі) я раблю пасты па-беларуску зусім нядаўна. Мяне натхнілі на гэта мае сябры, якія здымалі на беларускай мове. Я падумаў, што гэта вельмі крута, што людзі не саромеюцца мовы. Таму вырашыў таксама паказаць каму-небудзь сваім прыкладам, што беларуская мова – гэта не сорамна, а класна. Дарэчы, адно з маіх першых відэа ў TikTok – пра тое, што я атрымаў 100 балаў па беларускай мове на ЦТ.

@kazzimierz

я не хвастаюсь я не хвастаюсь я не хвастаюсь я не хвастаюсь я не хвастаюсь я не хвастаюсь я не хвастаюсь #рекомендации #belarus #беларусь

♬ original sound - Tik Toker

Зараз ужо я дайшоў да такога ўзроўню, што ўсе ідэі прыходзяць у галаву літаральна за пяць секунд. Я гляджу TikTok, чую нейкі прыдатны гук – і ў маёй галаве адразу з’яўляецца вобраз, як будзе выглядаць маё відэа.

– А як ты сам прыйшоў да беларускай мовы?

– Увогуле я вучыў беларускую мову з самага дзяцінства. У маёй сям’і шануюць культуру нашай краіны, таму з гэтым не было ніякіх праблем. І, канешне, не магу не ўзгадаць сваіх настаўніц па беларускай мове ў гімназіі і ліцэі. Яны па-сапраўднаму навучылі мяне любіць родную мову.

А ўпершыню я паспрабаваў размаўляць па-беларуску, калі вучыўся ў 10-м класе. Але тады гэта было вельмі складана. І не з-за недахопу ведаў, а, па-першае, з-за таго, што людзі занадта часта задавалі такія пытанні, як «А почему ты разговариваешь на белорусском?», ці казалі, што я недастаткова добра ведаю мову, каб размаўляць на ёй. Таму я перайшоў зноў на рускую.

Зараз я размаўляю па-беларуску з маімі беларускамоўнымі сябрамі – праўда, часам таксама з’яўляюцца пэўныя цяжкасці. Але разам з тым я бачу, што зараз увогуле беларусам больш цікава свая гісторыя і культура. Мне здаецца, што апошнія як мінімум 5 гадоў ёсць нават нейкі трэнд на ўсё беларускае. Я спадзяюся, што так і будзе працягвацца.

@kazzimierz

як як як #беларускаямова

♬ el mismo sol - ⋆꒷꒦‧₊`` ୨୧ ♡ ·₊‧꒦꒷⋆

Думаю, каб спрабаваць перайсці на беларускую мову, вельмі важна рабіць яе часткай свайго паўсядзённага жыцця: знайсці беларускамоўных сяброў, глядзець беларускамоўны кантэнт і чытаць беларускамоўную літаратуру. Калі ў вас будзе выкананы хоць адзін пункт з трох, то справа пойдзе ў разы лягчэй. Галоўнае – не саромейцеся і нічога не бойцеся.

Марыя: «Баюся, каб гэта не аказалася проста модай»

– На сваіх старонках я не расказваю пра беларускую мову – у мяне няма такой мэты. У TikTok (больш за 37 000 падпісчыкаў) я здымаю ролікі пра сябе, пра сваю паўсядзённасць, дзялюся сваімі думкамі, адказваю на пытанні падпісчыкаў. Усё адбываецца натуральна: я не сяджу над кантэнт-планамі і не выдумляю сюжэты. У Instagram (1341 падпісчык) я таксама пішу пра тое, што мяне клапоціць, пра тое, што я пражываю, аб тым, што ў мяне на душы.

Да беларускай мовы я прыйшла ў першую чаргу дзякуючы сваёй сям’і: мой тата размаўляе па-беларуску, таму яна ніколі не была для мяне нейкай экзотыкай. Таксама мой брат вучыўся на гістфаку, цікавіўся і цікавіцца беларушчынай, беларускай мовай, культурай, гісторыяй – ён мне рэкламаваў, так бы мовіць, усю гэту тэму.

Памятаю, у 10-м класе, напэўна, вырашыла, што ўсё: зараз буду размаўляць па-беларуску. Але нейкі час паразмаўляла, а потым зноў перайшла на рускую. А ў 11-м я адзіная з усёй паралелі здавала гісторыю Беларусі па-беларуску, а потым паступіла на філфак. Але не на беларускую філалогію, як можна падумаць, а на рускую.

Потым два гады адпрацоўвала ў школе, выкладала рускую мову і рускую літаратуру. Але мне нічога не перашкаджала ўвесь гэты час цікавіцца беларускай мовай, літаратурай, гісторыяй, культурай.

Мае лайфхакі, як перайсці на беларускую мову:

  • першае: пачаць выкарыстоўваць некаторыя беларускія словы ў сваёй паўсядзённасці;
  • другое: выбраць адзін дзень на тыдні, калі вы будзеце размаўляць толькі па-беларуску ў сям’і, у краме – паўсюль;
  • трэцяе: можна пачаць размаўляць толькі ў сям’і, але кожны дзень. Так паступова гэта звычка пачне распаўсюджвацца не толькі ў сям’і, але і ў іншых сітуацыях і абставінах;
  • чацвёртае: шмат чытаць па-беларуску, глядзець беларускі YouTube, фільмы ў беларускай агучцы (іх знойдзеце ў тэлеграм-канале «КінаКіпа»);
  • пятае: шукаць людзей, якія ўжо размаўляюць па-беларуску, напрыклад, у чатах, і гутарыць з імі на розныя тэмы.

– Ці становіцца цяпер беларускай мовы вакол больш?

– Так, заўважаю, што беларусы пачалі імкнуцца да вывучэння беларускай мовы, цікавяцца сваёй культурай, гісторыяй, чытаюць беларускую літаратуру. І гэта дужа файна. Асабліва, мне здаецца, такую цікавасць праяўляе моладзь. І ёсць тое, чаго баюся: каб гэта не аказалася проста модай. Але спадзяюся, што гэта не так, што беларусы сапраўды зразумелі, якая ў нас цікавая і непаўторная культура.

 

поделиться