20 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрыецца выстава Веткаўскага музея, прысвечаная ўбранню веткаўскай іконы. Пра гэта музей паведаміў у сваім інстаграме.
Дзеля новай экспазіцыі музей часова здымае частку экспанатаў з выставы ў сваім гомельскім філіяле. Іх перавязуць у Нацыянальны мастацкі музей, дзе наведвальнікі змогуць пабачыць прадметы, звязаныя з веткаўскай іканапіснай традыцыяй.
«На фота ўсяго толькі тры з экспанатаў, і гэта, канешне, далёка не ўсё. Будзе прадстаўлена багата прадметаў, сярод якіх сапраўдная перліна – унікальная для Беларусі веткаўская калекцыя чаканеных акладаў на іконы», – напісалі ў музеі.
Сярод экспанатаў, якія ўжо паказалі напярэдадні адкрыцця, – ікона Маці Божай Казанскай у шытай рызе (акладзе) XIX стагоддзя Веткаўскай іканапіснай школы, аклад на ікону Маці Божай Казанскай другой паловы XVIII стагоддзя, а таксама двухчасткавая ікона XVIII стагоддзя «Абраныя святыя. Цуд Георгія аб зміі», створаная ў Веткаўскай іканапіснай школе.
Выстава адкрыецца 20 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

















