Нацыянальны мастацкі музей Беларусі запрасіў наведвальнікаў на апошні дзень працы экспазіцыі ў галоўным корпусе перад рэканструкцыяй. 10 жніўня госці змогуць не толькі развітацца з заламі ў іх цяперашнім выглядзе, але і паўдзельнічаць у незвычайным перформансе – «кансервацыі паветра».
Нацыянальны мастацкі музей Беларусі паведаміў, што 10 жніўня стане апошнім днём працы выставачных залаў у галоўным корпусе перад пачаткам рэканструкцыі. У гэты дзень наведаць экспазіцыю можна будзе па спецыяльным памятным білеце. Для дарослых ён будзе каштаваць 10 руб., для навучэнцаў і студэнтаў – 5 руб.
У музеі адзначылі, што гэта апошняя магчымасць убачыць залы рускага мастацтва ў іх цяперашнім выглядзе да будучых пераўтварэнняў.
Таксама а 12-й адбудзецца зборная экскурсія па рускай калекцыі. Яе правядзе адна з найстарэйшых супрацоўніц музея Алена Шапашнікава. Для ўдзелу неабходна загадзя зарэгістравацца.
«Адмысловым завяршэннем дня стане перформанс “Кансервацыя паветра галоўнага корпуса”, у якім вы таксама зможаце прыняць удзел! Прыходзьце са слоікамі і захоўвайце паветра старога будынка на памяць», – заахвоцілі ў нацмузеі.
- Калі: 17:00–17:20 перформанс «Кансервацыя паветра галоўнага корпуса», 4, зала рускага мастацтва;
- Дзе: Леніна, 20.
Рэгістрацыя на зборную экскурсію.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















