Знакаміты сербскі рэжысёр Эмір Кустурыца адабраў стужку «Возера радасці» для ўдзелу ва ўласным кінафестывалі Küstendorf Film & Music Festival, паведаміў рэжысёр фільма Аляксей Палуян на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
Што трэба ведаць пра фестываль Эміра Кустурыцы?
Кінафестываль Küstendorf Film & Music Festival, альбо «Кустэндорф», Эмір Кустурыца стварыў яшчэ ў 2008 годзе. Ён праходзіць у вёсцы, пабудаванай для здымак стужкі «Жыццё як цуд». Галоўная ідэя «Кустэндорфа» ў тым, каб ацэньваць незалежныя ад «духу Галівуда» фільмы, а асноўная ўзнагарода фестывалю – «Залатое яйка».
Дарэчы, Кустурыца так не любіць Галівуд, што на самым першым Küstendorf Film & Music Festival зладзіў сімвалічнае пахаванне блакбастара «Цвёрды арэшак» з Брусам Уілісам.
А пра што фільм «Возера радасці»?
Калі памятаеце, CityDog.by пісаў пра фільм рэжысёра Аляксея Палуяна «Возера радасці», створаны па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча. Кінастужка цалкам беларускамоўная, а яе прэм’ера прайшла на галоўным сусветным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў у Клермон-Феране.
Дзеянне «Возера радасці» адбываецца ў 1991 годзе, у цэнтры сюжэта – дзевяцігадовая Яся, якая страціла маці і трапіла ў інтэрнат. Дзяўчынка вырашае збегчы з прытулку, каб вярнуцца дадому, у родную вёску.
Цікава, што галоўную ролю выканала дзевяцігадовая выхаванка магілёўскай «SOS-вёскі» Анастасія Пляц. Яе талент высока ацанілі: міжнароднае журы іспанскага кінафестывалю FICBUEU аддало дзяўчынцы ўзнагароду ў намінацыі «Лепшая актрыса».
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.