Вас запрашаюць на прэзентацыю фільма па рамане Віктара Марціновіча

Вас запрашаюць на прэзентацыю фільма па рамане Віктара Марціновіча
Фільм рэжысёра Аляксея Палуяна “Возера радасці”, створаны па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча, ідзе ў беларускі пракат: карціну прэзентуюць 13 лістапада ў кінатэатры “Масква”. Кінастужка цалкам беларускамоўная, а яе прэм’ера прайшла на галоўным сусветным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў у Клермон-Феране.

Фільм рэжысёра Аляксея Палуяна “Возера радасці”, створаны па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча, ідзе ў беларускі пракат: карціну прэзентуюць 13 лістапада ў кінатэатры “Масква”. Кінастужка цалкам беларускамоўная, а яе прэм’ера прайшла на галоўным сусветным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў у Клермон-Феране.

Чаму да фільма “Возера радасці” столькі ўвагі? 

Перад тым як выйсці ў пракат на радзіме, кінастужка наведала шэраг прэстыжных еўрапейскіх кінафестываляў. І вярнулася з перамогай: тры ўзнагароды іспанскага FICBUEU, прыз “За лепшую рэжысуру” ў Грэцыі, дзве ўзнагароды кінафестывалю ў Невадзе і тытул “Лепшы кароткаметражны фільм” нямецкай кінапрэміі Hessen Film Awards.

Нягледячы на сваю беларускамоўнасць, “Возера радасці” – міжнародны праект: у здымачнай камандзе працавалі прафесіяналы з Германіі, Ірана, Грузіі, Украіны, Шатландыі і Балгарыі.

Сярод выканаўцаў – беларускія акцёры Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Алесь Малчанаў, Дзяніс Тарасенка, Алена Зуй-Вайцяхоўская і Таццяна Мархель.

Што мы ведаем пра рэжысёра Аляксея Палуяна? 

Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян жыве і працуе ў Германіі. Ён вучыўся ў Касэльскай мастацкай акадэміі, зняў шэраг дакументальных і мастацкіх фільмаў.

Над сцэнарыем “Возера радасці” рэжысёр пачаў працаваць у 2016 годзе. Бацька Аляксея Палуяна выхоўваўся ў інтэрнаце, як і галоўная гераіня стужкі, таму ў аснову фільма закладзена і асабістая гісторыя.

Калі вы не знаёмы з папярэднімі работамі рэжысёра, ёсць нагода выправіць сітуацыю: “Возера радасці” пакажуць сумесна з дакументальным фільмам Палуяна “Край жанчын”, стужкай пра апошніх жыхарак вёскі Любейкі. У нацыянальным конкурсе 24-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” фільм “Край жанчын” атрымаў узнагароду “За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве”.

А пра што фільм “Возера радасці”?

Фільм зняты паводле рамана беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча “Возера радасці”. Дзеянне адбываецца ў 1991 годзе, у цэнтры сюжэта – дзевяцігадовая Яся, якая страціла маці і трапіла ў інтэрнат. Дзяўчынка вырашае збегчы з прытулку, каб вярнуцца дадому, у родную вёску.

Цікава, што галоўную ролю выканала дзевяцігадовая выхаванка магілёўскай SOS-вёскі Анастасія Пляц. Яе талент высока ацанілі: міжнароднае журы іспанскага кінафестывалю FICBUEU аддало дзяўчынцы ўзнагароду ў намінацыі “Лепшая актрыса”.

Чаму варта прыходзіць на прэзентацыю?

Па-першае, наведвальнікам прэзентацыі фільм прадставіць здымачная група з удзелам рэжысёра Алексея Палуяна і пісьменніка Віктара Марціновіча.

Па-другое, падчас прэзентацыі ў кінатэатры “Масква” перад гледачамі з’явіцца этна-гурт Vuraj. Удзельнікі гурта адказвалі за музычнае афармленне фільма і нават зняліся ў адным з эпізодаў. Акрамя Vuraj выступяць “Любанскія музыкі” Васіль Семашкевіч і Мікалай Юніцкі, якія таксама ўзялі ўдзел у фільме.

Па-трэцяе, можна далучыцца да дабрачыннасці: частку сродкаў ад прададзеных білетаў аддадуць на карысць праекта настаўніцтва для дзяцей-сірот “Імёны”.

Прэмʼера ў кінатэатры “Масква” пачнецца 13 лістапада а 19-й гадзіне. Білеты можна будзе набыць за два тыдні да паказу.

Дзе яшчэ можна паглядзець “Возера радасці”?

У Мінску фільм пакажуць з 14 па 28 лістапада ў кінатэатрах “Беларусь”, “Піянер”, Silver Screen і “Falcon Club буцік кіно», з 14 па 20 лістапада – у кінатэатры Silver Screen.

Акрамя таго, стужку плануюць дэманстраваць у Магілёве, Брэсце, Баранавічах і Ляхавічах.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

поделиться