У канцы 2018 года “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ў рамках навуковых даследаванняў пазначыла GPS-ашыйнікамі двух ваўкоў на Палессі. 5 лютага ў ваколіцах вёскі Букча адзін з іх быў застрэлены.
Калі памятаеце, месяц таму быў аб’яўлены конкурс на выбар імя для палескага ваўка. Імя яму выбіралі ўсёй краінай: АПБ атрымала 660 заявак. Канчатковы выбар прызначаны на 10 лютага. Навукоўцы ж далі яму палявое імя Вася.
Што вядома пра ваўка, якога застрэлілі?
Гэты воўк быў самцом-адзіночкам. Яму было тры гады. Да гэтага ўзросту ваўкі часта пакідаюць зграю, каб будаваць сваё жыццё. Таму невядома, ці пайшоў ён са сваіх родных мясцін у пошуках лепшай долі ці стаў адзіным, хто выжыў пасля палявання.
Сілкаваўся воўк падлай: ласямі, дзікімі сабакамі. Але ў населеныя пункты ён ніколі не заходзіў і вясковых сабак не чапаў.
Як і калі яго забілі?
Забілі ваўка ноччу 5 лютага на поле ў ваколіцах вёскі Букча Лельчыцкага раёна. Паляўнічым патэлефанавалі мясцовыя жыхары – тыя застрэлілі Васю.
Па трэку перамяшчэння навукоўцы ведаюць, што гэта быў першы “выхад” дадзенай асобіны да гэтай вёскі.
– Ваўкі жывуць сем’ямі, як і людзі. Але з-за паўсюднага пераследу, які цяпер вядзецца, сямейныя сувязі ваўкоў разбіваюцца, а адзінкі, якія выжылі, вымушаны арганізоўваць сваё жыццё нанова. Таму папуляцыя ваўка ў Беларусі знаходзіцца ў стане пастаяннага стрэсу, – расказаў каардынатар праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства Віктар Фянчук.
Фота: АПБ.