21 мая CityDog.io расказваў пра гісторыю мінчанкі, якая паскардзілася на брудны помнік Максіму Багдановічу праз партал 115.бел. Тады яе заяўку некалькі дзён перасылалі паміж рознымі службамі. А ўжо 23 мая помнік усё ж памылі.
Мінчанка з нікам vijalietaa публікавала скрыншоты з партала 115.бел, дзе было відаць, як яе зварот «ходзіць» паміж рознымі арганізацыямі. 14 мая жанчына паведаміла, што помнік Максіму Багдановічу каля Вялікага тэатра оперы і балета загадзілі птушкі, і папрасіла памыць яго.
Аднак, судзячы па скрыншотах, заяўка «хадзіла» паміж рознымі арганізацыямі. Спачатку яе перадалі ў «Зеленстрой Центрального района», пасля – у КУП «Минскзеленстрой», затым у адміністрацыю Цэнтральнага раёна і нават у «Ремавтодор Центрального района». Пры гэтым у каментарыях паўтараўся адзін і той жа адказ: «Не находится на обслуживании предприятия».
Ужо 23 мая вядомы мінскі экскурсавод vandrvm апублікаваў у сваім інстаграме відэа, на якім помнік мыюць з дапамогай спецтэхнікі. У роліку відаць, што для гэтага выкарыстоўвалі вышку і машыну з вадой.
«Сёння ў Максіма Багдановіча банны дзень. Прычым тут усё сур’ёзна», – кажа экскурсавод у відэа.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















