Актывісты збіраюць грошы на “Ноч расстраляных паэтаў” у Курапатах

Актывісты збіраюць грошы на “Ноч расстраляных паэтаў” у Курапатах
“Ноч расстраляных паэтаў” пройдзе ў трэці раз ва ўрочышчы Курапаты. У Facebook аб’яўлены збор сродкаў на правядзенне мерапрыемства.

“Ноч расстраляных паэтаў” пройдзе ў трэці раз ва ўрочышчы Курапаты. У Facebook аб’яўлены збор сродкаў на правядзенне мерапрыемства.

Што будзе ў “Ноч расстраляных паэтаў”? 

Калі памятаеце, CityDog.by ужо пісаў пра тое, чаму 29 кастрычніка – адна з самых жудасных і трагічных дат у беларускай гісторыі. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКУС расстраляла больш за 100 дзячаў беларускай культуры. Сярод іх загінулі 22 беларускіх літаратары – Алесь Дудар, Міхась Чарот, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Анатоль Вольны, Юрка Лявонны ды іншыя.

Каб ушанаваць памяць забітых, ва ўрочышчы Курапаты ўжо трэці год ладзяцца літаратурныя чытанні “Ноч расстраляных паэтаў”.

“Гэта не акцыя і не мітынг – гэта ўшанаванне памяці нявінных людзей на месцы, дзе чыніўся генацыд Беларусі, – выказваецца арганізатар сустрэчы, грамадскі дзеяч Зміцер Дашкевіч у Facebook. – Фармат – сціплы і годны: будуць гучаць адпаведныя месцу і даце спевы, творы рэпрэсаванай літаратуры, малітвы”.

Хто далучыўся да збору сродкаў?

На момант стварэння матэрыялу акцыя сабрала 1638 долараў з патрэбных 2000. Гэту суму ўнёс 91 чалавек за 3 дні. 23 ахвярадаўцы захацелі застацца ананімнымі.

Сярод вядомых беларусаў збор сродкаў падтрымалі дырэктар “Арт-Сядзібы” і паэт Алесь Снег, журналіст і грамадскі дзеяч Францішак Вячорка, дырэктар праекта “Кінаконг” Андрэй Кім, актывіст Антон Матолька, саліст Вялікага тэатра Беларусі Ілля Сільчукоў ды іншыя.

Куды ідуць грошы?

Зміцер Дашкевіч паведамляе, што усе грошы пойдуць на добрую справу. “Цяпер выдадзены плакаты, флаеры, плануем яшчэ буклеты і іншую прадукцыю. Калі што са сродкаў застанецца, будзем перадаваць іх на іншыя праекты па тэме Курапатаў і расстрэльнай ночы”, – піша Зміцер Дашкевіч.

Калі трэба прыходзіць?

“Ноч расстраляных паэтаў” пачнецца ў Курапатах 29 кастрычніка. Арганізатары запрашаюць збірацца на ўзгорку “Галгофа” а 8-й гадзіне вечара.

 

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

поделиться