У Белдзяржцырку павялічылі колькасць навагодніх прадстаўленняў з 64 да прыкладна 80, аднак білетаў усё роўна не хапае. Начальніца ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама патлумачыла, чаму нельга арганізаваць яшчэ больш паказаў. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны».
Як расказала начальніца ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Кацярына Лучына, вялікі попыт на цыркавыя прадстаўленні падчас навагодніх свят назіраецца кожны год. Напрыклад, летась у Белдзяржцырку адбылося 64 прадстаўленні, і на кожнае з іх было шмат ахвотных трапіць.
Лучына адзначыла, што ў цырк прыязджаюць гледачы з усёй Беларусі, а падчас навагодніх свят – яшчэ і замежныя турысты. Таму попыт на білеты застаецца вельмі высокім.
Аднак павялічыць колькасць прадстаўленняў яшчэ больш не атрымаецца. Паводле слоў чыноўніцы, артыстам і жывёлам, якія ўдзельнічаюць у нумарах, складана працаваць у такім напружаным рэжыме.
Тым, хто не паспеў набыць білеты ў цырк, Лучына прапанавала схадзіць на навагоднія спектаклі ў мінскія тэатры. Акрамя таго, з 25 снежня па 4 студзеня ў Верхнім горадзе будуць двойчы на дзень ладзіць бясплатныя дзіцячыя прадстаўленні.
Нагадаем, продаж білетаў на навагоднюю праграму Белдзяржцырка пачаўся 16 лістапада. Амаль адразу гледачы пачалі скардзіцца, што свабодных месцаў практычна не засталося.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















