На Ракаўскай, 25/1, у Мінску замест крафтавай пякарні LЁN з’явіцца крама-пякарня «Валошкi» ад «Мінскхлебпрама». Новую ўстанову плануюць адкрыць 1 снежня.
Пякарня LЁN закрылася ў ліпені. Кампанія сутыкнулася з праблемамі з арэндай: дагавор з ёй скасавалі ў аднабаковым парадку. Пазней пякарня прайграла суд.
Цяпер памяшканне на Ракаўскай зойме новая ўстанова. Як паведамляе фуд-блогер Мерзкі Какабай, там адкрыюць краму-пякарню «Валошкi», якая будзе працаваць ад «Мінскхлебпрама».
Рамесная пякарня LЁN была створана Аленай Казлоўскай і Аленай Лінд. Не маючы досведу працы ў грамадскім харчаванні, яны аб’ядналі намаганні, каб ажыццявіць мару пра ўласную справу, у аснове якой – якасныя натуральныя прадукты без выкарыстання сумесяў і араматызатараў. Натхненнем для праекта стала жаданне выпякаць сапраўдны хлеб.
Памяшканне для пякарні шукалі доўга, разглядалі розныя варыянты ў Мінску, пакуль не спыніліся на будынку ўпраўлення адукацыі Фрунзенскага раёна, недалёка ад ЖК «Каскад». Нягледзячы на адсутнасць прафесійнага досведу ў гэтай сферы, праект удалося запусціць у рэкордна кароткія тэрміны.
Пазней пякарня LЁN пераехала на вуліцу Ракаўскую, 25/1.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















