Зараз у раёне Зыбіцкай вуліцы збіраюцца будаваць пешаходны мост праз раку Свіслач. На платформе petitions.by актывісты прапанавалі даць яму гістарычную назву – Навалаўскі мост. Улады далі адказ.
Чаму мост прапанавалі назваць Навалаўскім (рус. Новолавский)?
«Гістарычна недалёка да гэта месца знаходзіўся Лаўскі мост, які звязваў Траецкую Гару з Лаўскім прадмесцем (адсюль назва), па ім праходзіла Плябанская вуліца (пазней Шырокая, цяпер Куйбышава), якая пасля скрыжaвання з Зыбіцкай пераходзіла ў Малую Бернардзінскую вуліцу (Герцэна). Мост існаваў да сярэдзіны 1960-х гадоў», – расказваюць аўтары петыцыі.
Зараз аднавіць гістарычную сувязь вуліц Куйбышава і Герцэна ўжо немагчыма, але новы мост будзе выконваць тую ж ролю, што і стары, – звязваць Траецкае прадмесце з былым Лаўскім.
Таму, каб пазбегнуць блытаніны, у звароце прапануюць дадаць да гістарычнай назвы прыстаўку «нава-».
У петыцыі ёсць і іншыя прапановы
Так, набярэжнай на правым беразе Свіслачы (ад вуліцы М. Багдановіча да вуліцы Я. Купалы) прапануюць даць назву Лаўская набярэжная, а безыменнай вуліцы ад новага моста да вуліцы Янкі Купалы (або да плошчы Парыжскай камуны) раяць вярнуць гістарычную назву – Георгіеўская вуліца.
«Дадзеныя захады дапамогуць адрадзіць страчаныя з часам урбанонімы ў гістарычным цэнтры», – сцвярджаюць у петыцыі.
Петыцыя сабрала 177 подпісаў і адправілася ў Мінгарвыканкам.
Што адказалі ўлады?
У Мінгарвыканкаме не адмовілі, але і не далі згоды. Зварот актывістаў накіравалі ў камісію па найменаванні і перанайменванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска. На чарговым пасяджэнні ў IV квартале 2020 года павінны рагледзець прапановы аб прысваенні гістарычных найменняў мосту, набярэжнай і вуліцы.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: petitions.by, Яндекс.карты.