Як перавозіць жывёл за мяжу: што трэба зрабіць да, як выбраць пераноскі, што пакласці ў аптэчку і як паводзіць сябе на новым месцы

Як перавозіць жывёл за мяжу: што трэба зрабіць да, як выбраць пераноскі, што пакласці ў аптэчку і як пав...
Якія дакументы патрэбны для пераезду з жывёлай, як падрыхтаваць любімца да магчымага стрэсу, што рабіць на новым месцы і куды бегчы, калі з гадаванцам нешта здарылася, – разбіраемся разам з анлайн-ветклінікай Laplandia.

Якія дакументы патрэбны для пераезду з жывёлай, як падрыхтаваць любімца да магчымага стрэсу, што рабіць на новым месцы і куды бегчы, калі з гадаванцам нешта здарылася, – разбіраемся разам з анлайн-ветклінікай Laplandia.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Што трэба зрабіць, каб вывезці гадаванца за мяжу

Важна: падрыхтоўка гадаванца да ад’езду займае як мінімум некалькі тыдняў, таму яе трэба пачынаць загадзя. Акрамя таго, варта ўлічваць, што ў кожнай краіны свае асаблівасці ўвозу жывёл. Ніжэй – агульныя парады, якія дапамогуць зарыентавацца ў гэтай нялёгкай справе.

  • Чып трэба паставіць у першую чаргу. Калі ў вашай жывёлы ўжо былі прышчэпкі, але не было чыпа, курс вакцынацыі давядзецца паўтарыць. Ветэрынары не раяць рабіць гэта часцей, чым раз на год, але, калі адзнака вакцынацыі будзе стаяць да чыпавання, могуць узнікнуць праблемы з уездам у ЕС.
  • Пашпарт міжнароднага ўзору можна атрымаць толькі ў дзяржаўнай ветэрынарнай клініцы па месцы прапіскі. Там жа па тэлефоне можна загадзя ўдакладніць яго кошт (у ветстанцыі Савецкага раёна, напрыклад, ён каштуе 20 руб., калі ў жывёлы ёсць чып, і каля 40 руб., калі чыпа няма). Пашпарт павінен быць запоўнены на англійскай мове (можна прадубліраваць і на рускай). Важна: па пашпарт (як і па сертыфікат) у клініку трэба прыходзіць разам з жывёлай.
  • Вакцынацыя ад шаленства. Прышчапляюцца жывёлы, якія дасягнулі ўзросту 12 тыдняў, каранцін пасля першаснай вакцынацыі – 21 суткі. Таксама трэба прышчапіць гадаванца комплекснай вакцынай ад вірусных інфекцый з дапамогай імпартных вакцын, якія прызнаюцца за мяжой. Зрабіць прышчэпку можна як у дзяржаўных, так і ў прыватных клініках: у апошніх, як правіла, выбар прэпаратаў большы. Важна адзначыць, што вакцынуюць толькі здаровых жывёл.
  • Калі на момант падрыхтоўкі дакументаў у гадаванца ёсць прышчэпкі, то іх можна перанесці ў міжнародны пашпарт. Для гэтага трэба звярнуцца ў клініку, якая праводзіла вакцынацыю. Усе вакцыны, калі што, пераносіць не абавязкова: дастаткова будзе толькі апошніх дзейных.
  • Ветэрынарны сертыфікат выдаецца дзяржаўнай ветэрынарнай станцыяй і толькі ў буднія дні – загадзя ўдакладняйце па тэлефоне графік працы і кошт сертыфіката. Напрыклад, у ветстанцыі Савецкага раёна нам сказалі, што каштуе сертыфікат ад 20 да 30 рублёў – у залежнасці ад краіны прызначэння. У сертыфікаце трэба пазначаць не толькі краіну прызначэння, але і дакладны адрас. Лепш за ўсё зрабіць дакумент за дзень да ад’езду, каб у выпадку непрадбачаных затрымак у вас было некалькі дзён у запасе – дзейнічае дакумент 120 гадзін. А вось калі вы сабраліся ў краіны ЕС, то па сертыфікат неабходна звяртацца загадзя, за 1-2 дні да выезду, бо яго неабходна папярэдне адправіць для праверкі на памежны пункт.
  • Тытр антыцелаў да шаленства. Аналіз не патрэбны, калі вы едзеце з Беларусі ў ЕС наўпрост, але калі вы будзеце выходзіць у трэцяй краіне, напрыклад у Турцыі ці Грузіі, то ён абавязкова спатрэбіцца. Так што правілы па гэтым даследаванні лепш удакладняць асобна па кожнай краіне.
  • Даведайцеся пра актуальныя правілы ўвозу жывёл у краіну прызначэння – у некаторых краінах ёсць нюансы па ўвозе гадаванцаў (каранцін, аналізы, дадатковыя дакументы). Гэта можна зрабіць у дзяржаўнай ветэрынарнай клініцы ці на сайце міністэрства сельскай гаспадаркі краіны прызначэння (ministry of agriculture). Таксама можна звязацца з ветэрынарным кантролем мінскага аэрапорта, калі вы вылятаеце на самалёце. Ёсць яшчэ сайт, дзе можна выбраць краіну, адкуль плануецца падарожжа, – і вам пакажуць актуальную інфармацыю для ўезду ў Еўропу.

А вось агульныя парады, якія дапамогуць зрабіць пераезд больш камфортным і для жывёл, і для іх гаспадароў

Каб усё прайшло максімальна лёгка, можна звярнуцца да кінолага для індывідуальных рэкамендацый, а таксама да ветдоктара, калі патрабуюцца рэцэптурныя заспакаяльныя прэпараты.

Важна: парады па пераездзе пісаліся разам з кінолагам пра сабак, але большая іх частка падыходзіць і да котак – хаця з імі пераезд можа быць больш складаным.

Як выбраць пераноску

  • Пераноска павінна быць крыху большай за сабаку, каб ён мог павярнуцца і легчы зручна.
  • Абавязкова павінна быць вентыляцыя.
  • На дно пераноскі трэба пакласці нешта мяккае, каб сабаку было камфортней ляжаць.
  • Пераноску можна абклеіць усярэдзіне чымсьці мяккім, каб была шумаізаляцыя, і замацаваць падсцілку, каб яна не круцілася, – тады сабака будзе пачувацца значна камфортней.
  • Акрамя таго, каб не ўзнікла праблем у аэрапорце, варта ўдакладніць патрабаванні да пераноскі непасрэдна ў авіяперавозчыка.

Як прывучыць жывёлу да пераноскі

  • Знаёміць жывёлу з пераноскай трэба паступова. Трэба паставіць яе дома, класці туды любімыя рэчы вашага гадаванца, каб ён да яе прызвычайваўся. Нармальна, калі гэта зойме некалькі тыдняў.
  • Асноўнае правіла  –  ініцыятыва павінна ісці ад сабакі: не запіхваем самі, не прямяняем гвалту, даём сабаку час самому прыняць рашэнне.
  • За знаходжанне ўнутры выдаём узнагароду – напрыклад, прысмакі.
  • Асобна прывучаем да гукаў і вібрацый. Можна пачынаць з грукату пальцамі і пазногцямі па пераносцы (пару разоў стукнулі – выдалі ласунак), потым дадаём больш гукаў і вібрацый. Гэта патрэбна, каб дадаць прадказальнасці: так сабака прывыкне, што пераноску могуць выпадкова закрануць ці стукнуць і гэта акей.

Як паводзіць сябе з жывёлай пры пераездзе

  • Перад паездкай можна даць заспакаяльнае, асабліва калі яе загойдвае або яна адчувае моцны стрэс. А вось карміць жывёлу перад паездкай не трэба.
  • Пагуляць крыху перад выездам, каб сабака схадзіў у туалет.
  • Тактыльны кантакт толькі па ініцыятыве сабакі: калі ён сам просіць ласкі і прыціскаецца да вас.
  • Калі вы едзеце ў машыне і жывёлу загойдвае, то пераноску або сабаку трэба зафіксаваць так, каб сабаку менш кідала ў розныя бакі; важна адчыніць акно.
  • Калі ў машыне горача, можна намачыць пялёнку і заслаць на падлогу.
  • Па магчымасці перыядычна рабіце прыпынкі, выводзьце жывёлу падыхаць, давайце сабаку астудзіцца, папіць, панюхаць траву.
  • Калі сабаку не загойдвае – можна забавіць яе ў машыне конгам або пагрызушкамі.
  • Пры перасячэнні мяжы наземным транспартам з дамашнімі гадаванцамі мытня раіць рухацца па чырвоным калідоры. Можна загадзя патэлефанаваць на гарачую лінію мытні і ўдакладніць.
  • Мытную дэкларацыю на жывёлу можна загадзя запоўніць і раздрукаваць у двух экзэмплярах – гэта істотна зэканоміць час на мытні.
  • Акрамя таго, будзьце гатовыя, што на мяжы на баку ЕС вас могуць папрасіць заплаціць заклад, які вяртаецца пры вывазе жывёлы з ЕС (калі не згубіць дакументы). Напрыклад, на памежных пераходах у Польшчу можна заплаціць толькі наяўнымі і толькі ў валюце – EUR, USD.

Як аблегчыць стрэс на новым месцы

  • Абавязкова вазьміце любімыя рэчы сабакі ў новы дом.
  • Захавайце максімальна звыклы графік выгулаў.
  • Калі сабака адчувае стрэс у незнаёмым горадзе, на незнаёмай вуліцы, спачатку шпацыруйце нядоўга, да 20-30 хвілін. Новую мясцовасць і новыя маршруты вывучаем паступова, стараемся адразу не моцна нагружаць гадаванца.
  • Захоўвайце звыклыя рытуалы (мыццё лап, прыём ежы і г.д.), каб пакінуць прадказальнасць.
  • Важна даваць жывёле шмат адпачываць.
  • Новае месца – гэта заўсёды магчымасць зноў перайграць існуючыя праблемы з туалетам дома, брэхам і выццём, трывогай расстання, таму можна звярнуцца да кінолага.

Калі раптам трэба пакінуць жывёлу іншым людзям на працяглы час

  • Даць кантакты вашых ветдактароў.
  • Папярэдзіць пра хваробы.
  • Расказаць пра графік кармлення.
  • Расказаць, як сабака камунікуе з іншымі сабакамі і людзьмі, якія ёсць асаблівасці.
  • Пагуляць разам з сабакам і чалавекам, у якога ён застаецца.
  • Па магчымасці пабыць з сабакам на новым месцы, каб ён крыху прывык да яго і да людзей.

Аптэчка

Важна: калі ў гадаванца ёсць хранічныя захворванні, абавязкова пракансультуйцеся з доктарам перад тым, як падарожнічаць з любімцам, каб сабраць неабходныя пры яго паталогіі прэпараты.

  • Электронны градуснік (выкарыстоўваецца рэктальна; нармальная тэмпература цела коткі – 38,0–39,5°С, сабакі – 38,5–39,0°С у дробных парод, 37,5–39,0°С у сярэдніх парод, 37,4–38,3 ° С у буйных парод).
  • Марлевыя сурвэткі, бінты.
  • Аднаразовыя пальчаткі і шпрыцы.
  • Нажніцы, пінцэт.
  • Клешчавёрт – спецыяльнае прыстасаванне для вымання кляшчоў.
  • Пры ранах і траўмах: фізіялагічны раствор (хларыд натрыю 0,9%, ім можна прамываць вочы, раны і любыя часткі цела), антысептык (хлоргексідын, мірамісцін), калія перманганат у сухім выглядзе (пры траўме кіпцюра прыкласці сурвэтку з крышталямі, гэта хутка спыніць кроў).
  • Дыярэя або атручэнне: сарбенты (напрыклад, «Смекта»: пакуначак 3 г на 100 мл цёплай вады, 1-2 мл на 1 кг масы цела), энтэрасгель або энтэразаа (0,5 мл на 1 кг масы цела 2-3 разы на суткі).
  • Алергія і ўкусы насекомых: цэтрын або лоратадзін 10 мг (1 мг на 1 кг масы цела), дэксаметазон (0,2 мл на 4 кг масы цела). Апошні прэпарат рэцэптурны, для набыцця трэба звярнуцца ў ветэрынарную клініку. Паклапаціцеся пра гэта, калі ваш гадаванец – алергік.
  • Стрэс: экспрэс-супакаін па інструкцыі (можна ўжываць курсам да 90 дзён), габапенцін (10–15 мг на 1 кг масы цела). Другі прэпарат рэцэптурны, для набыцця трэба звярнуцца ў ветэрынарную клініку. Паклапаціцеся пра гэта, калі ваш гадаванец схільны да стрэсу.

Калі адразу ехаць у клініку?

  • Калі ваш гадаванец знаходзіцца ў сутаргавым прыпадку.
  • Не есць і (або) не п’е некалькі дзён.
  • Калі гадаванец з’еў іншародны прадмет.
  • Не ходзіць у туалет некалькі дзён, мача або кал з прымессю крыві.
  • Назіраецца цяжкае або пачашчанае дыханне.
  • Пры механічных траўмах.
  • Назіраецца бледнасць слізістых абалонак або сінюшнасць языка.

Як выбраць клініку на новым месцы?

Старайцеся звяртацца ў клініку, дзе ёсць максімальны спектр спецыялістаў і абсталявання (УГД, рэнтген, лабараторыя). Будзе плюсам, калі ў клініцы ёсць стацыянар і інфекцыйнае аддзяленне. Так вы зможаце зэканоміць час і сілы і правесці ўсе маніпуляцыі ў адным месцы.

А яшчэ можна звярнуцца да спецыялістаў Laplandia: яны могуць прызначыць неабходныя абследаванні і аналізы, расшыфраваць іх і прызначыць далейшае лячэнне. Яшчэ да іх можна звярнуцца па паслугу «другое меркаванне», каб спецыялісты або правялі карэкціроўку ўжо прызначанага лячэння, або пацвердзілі яго.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Unsplash.com.

#Германия #Польша #Литва #Грузия #Украина
поделиться