«Чаму вы катаеце нежывое дзіця?» Дзяўчына расказвае пра тое, як гэта – быць маці, калі ты ў інвалідным вазку

«Чаму вы катаеце нежывое дзіця?» Дзяўчына расказвае пра тое, як гэта – быць маці, калі ты ў інвалідным в...
Ася Траяноўская вядомая ў Бабруйску сваёй зоаабарончай дзейнасцю, а таксама як мастачка. Асі 29 гадоў. Дзяўчына з маленства перасоўваецца ў інвалідным вазку, але гэта не перашкодзіла ёй весці актыўнае жыццё, а таксама стварыць сям’ю і нарадзіць дзіця. З дзяўчынай паразмаўлялі журналісты сайта 1387.by.

Ася Траяноўская вядомая ў Бабруйску сваёй зоаабарончай дзейнасцю, а таксама як мастачка. Асі 29 гадоў. Дзяўчына з маленства перасоўваецца ў інвалідным вазку, але гэта не перашкодзіла ёй весці актыўнае жыццё, а таксама стварыць сям’ю і нарадзіць дзіця. З дзяўчынай паразмаўлялі журналісты сайта 1387.by.

Як людзі ставяцца да гэтай незвычайнай сям’і: «Думаюць, што мы вырашылі ляльку катаць»

– З апошняга – днямі падчас шпацыру падыходзіць сусед і цалкам сур’ёзна пытаецца: а навошта вы катаеце нежывое дзіця? – на пачатку размовы Ася (29) расказвае пра нядаўні інцыдэнт. – Мы з Чарапком (так завуць мужа Асі. – Рэд.) пераглянуліся, разгубіліся.

Кажам: яно жывое. Той сусед пачаў яшчэ пальцамі тыкаць у Касіяпею, каб упэўніцца. А потым такі: вой, сапраўды, губкі варушацца! Пачаў выбачацца, ледзь не плакаў. Паабяцаў аддаць нам рэчы ад ягоных дзвюх дачок. Патлумачыў, што проста кожны раз, як ён бачыць нас з дзіцём, яно заўсёды спіць, вось ён і падумаў, што гэта лялька.

Гэта не адзіны такі выпадак, адзначае Ася. Аналагічнае пытанне яны з мужам пачулі ад жанчыны-дворніка ў двары, дзе жыве маці Асі.

Ася не асуджае людзей за такую дзіўную рэакцыю на прагулку з дачкой Касіяпеяй: «Людзі ж не прызвычаіліся бачыць такіх малых дзяцей у падобных вазках».

– Калі Касіяпеі было тры месяцы, мы паехалі да маёй мамы, гэта ў іншым раёне горада, і там да нас падышла дворнічыха. Яна даўно там працуе, ведае мяне. І пытаецца: навошта вам лялька? – расказвае наша суразмоўца. – Мы кажам ёй: гэта не лялька, гэта дзіця. Яна: праўда? Яно жывое? Паўгадзіны не магла паверыць.

Ася з Чарапком да такіх пытанняў ставяцца спакойна – кажуць, што разумеюць, што людзі так рэагуюць не са зла, а хутчэй ад здзіўлення і неразумення. Магчыма, мяркуе Ася, мінакоў бянтэжыць, што яны з мужам не возяць дачку ў вазку з люлькай, у якіх звычайна катаюць немаўлят, а таксама не захутваюць так, што бачныя толькі вочы.

– Падчас цяжарнасці мы праходзілі міжнародныя курсы па падрыхтоўцы да родаў і мацярынства і адтуль вынеслі, што дзіця лепш не катаць у звычайным вазку, – кажа Ася. – У ім дзіця ляжыць захутанае цалкам і нічога не бачыць. У цывілізаваным свеце лічаць, што такі вазок – гэта вялізны стрэс для дзіцяці.

І ўвогуле, першыя паўгода немаўля павінна быць з мамай. Мы прытрымліваліся гэтага правіла і першыя 6 месяцаў насілі Касіяпею на руках. А калі мы ўбачылі, што ёй ужо цікавы навакольны свет, то набылі звычайны вазок для шпацыраў. Людзі ж не прызвычаіліся бачыць такіх малых дзяцей у падобных вазках. Напэўна, таму той сусед і падумаў, што мы катаем ляльку.

А ўвогуле мы з мужам не самая звычайная пара – я ў вазку, Чарапок заўсёды з сабакамі, катамі. Напэўна, людзі думаюць, што мы ўжо зусім дахам паехалі і вырашылі ляльку катаць.

Як гэта – жанчына на вазку нарадзіла? «У жаночай кансультацыі спачатку ставіліся так, нібыта муж прынёс хамячка да ветэрынара»

Ася расказвае, што не раз сутыкалася са здзіўленнем, што яна ўвогуле не толькі яшчэ жывая, але жыве самастойна, выйшла замуж.

– Адна знаёмая маёй мамы вельмі здзіўлялася, што я сама жыву, не з мамай, не вучуся ў інтэрнаце, – кажа дзяўчына. – Тым больш людзям збольшага цяжка сабе ўявіць, што жанчына ў вазку можа мець дзіця. Хаця ў суседнім пад’ездзе ў нас жыве жанчына таксама ў вазку, у яе двое дзяцей. Здавалася б, не павінны людзі ўжо здзіўляцца.

Ася прыгадвае сваю знаёмую, у якой жывуць два вялікіх папугаі, і параўнала рэакцыю людзей на гэтых папугаяў на вуліцы са стаўленнем да вазочніцы з дзіцём.

– Гэта мая знаёмая гуляе па горадзе з адным з гэтых папугаяў. Ён нікуды не злятае, проста сядзіць на ёй, – расказвае Ася. – Гэта выклікае здзіўленне ў людзей: яны падыходзяць, пытаюцца дазволу сфатаграфавацца. Я думаю, нешта падобнае выклікаю ў людзей і я, але ім культура не дазваляе падысці і сфатаграфавацца са мной, праверыць: а ці яна размаўляе? А як яна ўвогуле нараджае – якім месцам?

Але калі не лічыць такіх выпадкаў, то збольшага людзі ставяцца прыязна, кажа Ася, і адзначае, што калі нарадзілася Касіяпея, то з іхнай сям’ёй «памірылася палова суседзяў». Раней узнікалі канфлікты з-за таго, што ў Асі з Чэрапам заўсёды было шмат жывёлаў.

– Суседзі сварыліся, маўляў, ты тут разводзіш сабак, яны гадзяць пад вокнамі, дзяцей пужаюць, – кажа дзяўчына. – У нас шматдзетныя ў доме, і ў двары заўсёды дзеці. Але ніхто з іх не баяўся нашых сабак, наадварот – заўсёды падбягалі і павісалі на іх. Аднак бацькі тых дзяцей, асабліва мамы, паўсюль бачылі небяспеку. Сваю агрэсію яны змянілі на лагоднасць, калі ўбачылі Касіяпею.

Ася з Чарапком кажуць, што стэрэатыпнага стаўлення чакалі таксама ад дактароў, таму, калі даведаліся пра цяжарнасць, з візітам у жаночую кансультацыю цягнулі да апошняга.

– Мы знайшлі акушэрку з Расіі, якая вядзе цяжарнасці анлайн. Яна нам дапамагала, – кажа бабруйчанка. – Потым мы прайшлі міжнародныя курсы па падрыхтоўцы да родаў. І ў жаночую кансультацыю прыйшлі на 28-м тыдні цяжарнасці, калі ўрачам ужо не было куды падзецца.

Дактары ў цэлым паставіліся нармальна, кажа Ася:

– Але спачатку спрабавалі размаўляць толькі з мужам – казалі не мне, а яму ў маёй прысутнасці: у яе тое і тое, зрабіце ёй тое і тое. Нібыта Чэрап прывёз хамячка да ветэрынара.

На ўсе прыёмы Ася хадзіла разам з мужам.

– Думаю, гэта мяне шмат у чым абараняла, – зазначае дзяўчына. – Звычайна ж як: прыходзіць жанчына ў кансультацыю адна, і на яе дактары адразу як каршуны налятаюць, нібыта яна ім усім нешта павінна. А калі з мужам, то стаўленне зусім іншае.

Нараджала Ася ў Мінску ў перынатальным цэнтры «Маці і дзіця».

– Мы доўга выбіралі радзільню, бо шмат чулі пра акушэрскую агрэсію, – кажа наша суразмоўца. – А яшчэ ў нас была дадатковая асаблівасць – абавязковая шпіталізацыя разам з мужам, бо мне таксама патрэбен догляд, і ніхто не ведае ўсіх асаблівасцей так добра, як ён.

Страх нараджаць у РНПЦ «Маці і дзіця»: «Мы ўсё чакалі, калі будзе адбывацца нешта кепскае. А ўсё было вельмі міла»

Свой выбар Ася і Чэрап спынілі на перынатальным цэнтры «Маці і дзіця». Каб быць там разам, нават разглядалі варыянт атрымання крэдыту на аплату асобнай палаты. Але потым загадчыца жаночай кансультацыі дамовілася, каб цэнтр узяў сужэнцаў разам і цалкам бясплатна.

– Наш астэапат казаў, што «Маці і дзіця» – вельмі кепская радзільня, але нам там усё спадабалася, – кажа Ася. – Мы там увесь час былі разам; адзінае, што Чэрапа не пусцілі на кесарава, але потым амаль адразу дазволілі пайсці ў рэанімацыю – нам выдзелілі асобную палату. Мы ўсё чакалі, калі будзе адбывацца нешта кепскае, на нас будуць злавацца, патрабаваць рабіць прышчэпкі малой. Мы былі гатовы стаяць гарой і абараняцца. А нам так лагодна: вы не хочаце рабіць прышчэпкі? Ну не трэба, падпішыце тут і тут. Усе былі вельмі мілымі і прыязнымі.

Ася з Чэрапам далі дачцэ вельмі незвычайнае імя – Касіяпея. Ася кажа, што ніякай незвычайнай гісторыі з імем не было – яно ім проста спадабалася.

Ася катэгарычна супраць прышчэпак з-за сваёй асабістай гісторыі. Яна нарадзілася здаровым дзіцём, аднак ва ўзросце 7 месяцаў, пасля таго як ёй зрабілі прышчэпку, у яе спачатку паднялася высокая тэмпература, а потым пачаліся больш сур’ёзныя праблемы са здароўем, якія прывялі да таго, што Ася з дзяцінства ў інвалідным вазку.

– Я аказалася ў вазку з-за прышчэпкі, таму не хачу такога для свайго дзіцяці, – адзначае Ася.

«У вайберы скідваем лекарцы рост і вагу Касіяпеі»

У звычайную дзіцячую паліклініку маладыя бацькі таксама не ходзяць, як некалі ў жаночую кансультацыю.

– Мы адзін раз схадзілі, яшчэ да родаў, паглядзелі, як там. У нас аб’яднаныя паліклінікі – дарослая і дзіцячая. Там сядзіш у калідоры ў чарзе чалавек на 50. Яшчэ тады мы вырашылі, што туды хадзіць не будзем, – кажа Ася. – А доктарка нам казала, што калі мы прыйдзем і пасядзім у чарзе, то такім чынам атрымаем імунітэт. Але нам такі імунітэт не патрэбен.

У выніку мы скідваем доктарцы ў вайберы ўсе даныя Касіяпеі: рост, вагу, а таксама нашы адмовы ад прышчэпак. А калі нешта нам патрэбна, мы ходзім да платнага педыятра, да якога няма чаргі. Аднак па магчымасці стараемся выклікаць дамоў.

Агулам жа галоўная праблема дактароў у Беларусі, адзначаюць маладыя бацькі, – нежаданне вучыцца і развівацца:

– Усё залежыць асабіста ад чалавека, і так не толькі ў медыцыне, а і ў той жа ветэрынарыі, што мы не раз назіралі: нехта хоча развівацца, пастаянна ездзіць на курсы, семінары, чытае шмат прафесійнай літаратуры, атрымлівае новыя сучасныя веды. Як, напрыклад, доктар Яноўскі ў бабруйскай радзільні. Ён казаў нам тыя ж рэчы, якія мы чулі на нашых міжнародных курсах. І ён пастаянна на нейкім навучанні.

Большасць жа, на жаль, спыняе сваё развіццё пасля атрымання дыплома. Як медсястра, якая да нас прыходзіла пасля нараджэння Касіяпеі: яна пераконвала, каб мы паілі дачку вадзічкай з бутэлькі, у той час як Сусветная арганізацыя аховы здароўя забараняе і бутэлькі, і дапайванне падчас груднога кармлення.

Ася шмат гадоў займаецца зоаабарончай дзейнасцю. У дзяўчыны заўсёды жыло шмат жывёл – яна забірала з вуліцы бяздомных катоў, сабак. Акрамя таго, ратавала з кантактных заапаркаў чарапах, падбірала параненых птушак. Пасля нараджэння дачкі бабруйчанка не кінула клопат пра жывёл, аднак давялося значна зменшыць маштабы.

– Калі раней мы сабе бралі жывёлаў на ператрымку, то цяпер шукаем іншых людзей і дыстанцыйна займаемся куратарствам, – адзначае Ася. – Але гэта таксама займае шмат часу. Бо бывае, што, каб арганізаваць той жа візіт да ветэрынара для гадаванца ці збор сродкаў, трэба ўвесь дзень вісець на тэлефоне. А яшчэ ж і Касіяпея побач, і ў яе свае патрэбы. Так і носішся ўвесь дзень.

Не застаецца ў Асі часу і на маляванне.

– Бо, калі я знаходжуся ў вертыкальным становішчы, у мяне ёсць шмат іншых спраў, а лежачы не памалюеш асабліва, – тлумачыць дзяўчына. – Але, калі мы ляжым разам з Касіяпеяй, можна, напрыклад, працаваць з ноўтбукам, таму я пачала вывучаць праграміраванне, падпісалася на курсы дызайну. Разам з Чэрапам робім цяпер камп’ютарную гульню.

Гэта важна: Асі патрэбна ваша дапамога!

 

Ася з мужам цалкам даюць рады са сваімі бацькоўскімі абавязкамі, сумяшчаюць выхаванне дачкі з працай і зоаабаронай. Аднак ёсць праблема, якую маладой сям’і самастойна вырашыць не пад сілу: у Асі псуецца ейны электравазок, якому ўжо 5 гадоў.

«У яго ўключаецца «аўтапілот», які раптоўна пачынае везці мяне ў невядомыя далі і давіць кожнага сустрэчнага, у тым ліку мяне саму, – піша дзяўчына на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». – Яшчэ ён зусім не выключаецца. Гэта пастаянна расходуе акумулятар. З-за гэтага яго прыходзіцца зараджаць штовечар. А калі забыўся – на наступны дзень ён можа выключыцца недзе пасярод дарогі».

Ася кажа, што рамантаваць вазок не мае сэнсу, бо гэта будзе не танней за куплю новага.

– Застацца без вазка для мяне ўсё роўна, што для вас апынуцца ў вазку, – кажа Ася. – Жыць можна. Але неяк сумна.

Дзяўчына адкрыла дабрачынны збор на новы вазок, які каштуе прыблізна 13 157 руб. (ці 3897 долараў). Дакладная сума будзе вядома, калі вытворца выставіць канчатковы рахунак.

Падтрымліваць збор Ася заклікае праз набыццё яе карцін і паштовак у акаўнце ў «Інстаграме».

Таксама можна проста перавесці грошы:

  • з Беларусі: баланс МТС +375 33 688 72 69 (пажадана праз АРІП, але можна і звычайным спосабам);
  • з Расіі: Сбербанк – 5469380094417358 (там у атрымальніках Аліна, але Ася кажа, што ўсё гуд: так і павінна быць);
  • з усяго свету: Paysend – +375 29 858 84 44

Фота: архіў гераіні.

поделиться