Андрэй Семяненка – распрацоўшчык, які цяпер кіруе праектамі і невялікай камандай, а таксама жыве ў Польшчы. Для Devby.io ён расказаў пра віпасану – старадаўнюю будысцкую практыку медытацыі.
– Як гэта часта бывае, я выпадкова даведаўся пра віпасану. У далёкім 2005 годзе мой сябра расказаў, што з’ездзіў на гэту таямнічую практыку, – апавядае Андрэй. – Дзесяць дзён маўчання і поўнай ізаляцыі ад знешняга свету выглядалі дзіўна, але адначасова вельмі прывабна. Хоць я тады не шукаў духоўнага шляху і не цікавіўся самапазнаннем, вырашыў паспрабаваць. І вось ужо 20 гадоў віпасана – важная частка майго жыцця.
![Фота Андрэя Семяненка, распрацоўшчыка, які жыве ў Польшчы.](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/13_37857/6eaca29bf3087e9abcc1801c74b036f5-2.jpeg)
Архіўнае фота героя.
«Ужо пасля першага курса зразумеў: трэба мяняць жыццё»
– Мы з маёй будучай жонкай ехалі на курс аўтаспынам (ён праходзіў у Падмаскоўі) – бедныя студэнты, зусім не было грошай. І перажытае за гэтыя дзесяць дзён мела магутны ўплыў на мяне. Я нібыта адкрыў новае вымярэнне і цалкам абнавіўся: розум стаў вельмі чыстым, эмоцыі – ураўнаважанымі, і свет успрымаўся з асаблівай яснасцю.
Тады я зразумеў: трэба мяняць сваё жыццё. Мы вырашылі ажаніцца, я знайшоў стабільную працу праграмістам. Пазней мы завялі дзяцей. Дзякуючы віпасане я ўсвядоміў, што трэба браць адказнасць за сваё жыццё. Да медытацый я быў вельмі напружаным чалавекам. А цяпер, пасля практыкі, мне лягчэй камунікаваць з людзьмі і знаходзіць баланс у жыцці.
Што такое віпасана?
– Гэта тэхніка медытацыі, якая ў перакладзе са старажытнай мовы палі азначае «бачыць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць». Тэхніка была нанова адкрыта Буддам, а папулярызаваў яе Шры Гоенка. Ён жа адкрыў цэнтры віпасаны па ўсім свеце.
Галоўная мэта практыкі – пазбавіць чалавека ад пакут. Так, вельмі амбітна, трэба шмат часу. Таму я ўжо 20 гадоў займаюся віпасанай і не ўпэўнены, што дасягну канчатковай мэты. Прынамсі ў гэтым жыцці.
За гэты час я сутыкаўся з самымі рознымі стэрэатыпамі. Вось толькі некаторыя з іх:
- «Віпасана – гэта рэлігія або культ».
- «Яна падыходзіць толькі манахам або вельмі духоўным людзям».
- «На курсах людзей гіпнатызуюць або маніпуліруюць імі».
- «Дзесяцідзённы курс – гэта занадта цяжка, і яго немагчыма прайсці».
- «Пасля віпасаны людзі змяняюцца і становяцца ненармальнымі».
- «Калі медыціраваць 10 дзён, можна дасягнуць прасвятлення».
Канешне, аніводны з іх не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю.
Чым займаюцца на віпасане?
– Распарадак дня на курсе выглядае дзіўна для чалавека звонку.
- 04:00 – Пад’ём.
- 04:30–06:30 – Першая медытацыя (у пакоі або ў зале).
- 06:30–07:00 – Сняданак (вегетарыянская ці веганская ежа).
- 07:00–08:00 – Час на асабістыя справы.
- 08:00–09:00 – Абавязковая групавая медытацыя.
- 09:00–11:00 – Медытацыя (з інструкцыямі настаўніка).
- 11:00–12:00 – Абед.
- 12:00–13:00 – Перапынак, інтэрв’ю з настаўнікам (па жаданні).
- 13:00–14:20 – Медытацыя.
- 14:30–15:30 – Абавязковая групавая медытацыя.
- 15:30–17:00 – Медытацыя (з інструкцыямі настаўніка).
- 17:00–18:00 – Перапынак на гарбату або адвар (новыя студэнты могуць паесці).
- 18:00–19:00 – Абавязковая групавая медытацыя
- 19:00–20:30 – Лекцыя (на мове краіны – у залі, ці выбранай мове – у плэеры).
- 20:30–21:00 – Кароткая медытацыя (20–30 хвілін).
- 21:00 – Магчымасць задаць пытанні настаўніку ці адразу ісці спаць.
- 21:30 – Сон.
Практыка бывае 3-дзённая, 10-дзённая, 20-дзённая і 30-дзённая, 45-дзённая, 60-дзённая. Падчас курса нельга карыстацца тэлефонам, размаўляць з іншымі ўдзельнікамі, чытаць кнігі і нават пісаць. Ты можаш толькі спаць і медыціраваць. Нават думаць не пажадана, бо сэнс практыкі – максімальна ачысціць розум ад думак. Прынамсі на гэты час.
Я стараюся ездзіць на 10-дзённы курс хаця б раз на год. Таксама двойчы прайшоў 30-дзённы курс (у Англіі і ў Польшчы). Адпрасіцца з працы было няпроста, але дапамагло, што я даўно працую з кліентам і маю добрую рэпутацыю.
Знайсці бліжэйшы да вас цэнтр медытацыі можна на афіцыйным сайце. Курсы заўсёды бясплатныя, але ўдзельнікі могуць пакінуць ахвяраванне. Умовы могуць адрознівацца. У Беларусі, Украіне і Расіі мы арандавалі летні лагер, і ўмовы былі даволі абмежаваныя. У Польшчы ёсць сучасны Цэнтр медытацыі з добрым рамонтам і асобнымі пакоямі, якія нагадваюць трохзоркавы гатэль.
Тэхніка, лекцыі, інструкцыі, распарадак дня аднолькавыя паўсюль.
![Лясок каля Цэнтру медытацыі па Віпасане ў Польшчы.](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/13_37857/ca4f5bbfee7586ed2c07d6e22a78d03b.jpeg)
Лясок каля Цэнтра медытацыі ў Польшчы.
Бывае і віпасана для дзяцей. Гэта аднадзённы курс – дзеці прыязджаюць у цэнтр раніцай і ўвечары вяртаюцца дадому. Яны вывучаюць практыку асэнсаванага дыхання – анапану. Падчас гэтага курса можна размаўляць.
Маім дзецям гэта нецікава – яны паехалі на курс па маёй ініцыятыве. Я разумею: гульні або YouTube сапраўды весялей. Аднак ёсць дзеці, якім падабаецца медыціраваць.
Як правільна медыціраваць?
– На курсе мы пачынаем з назірання за дыханнем: сочым, як паветра ўваходзіць у нос і выходзіць з яго, не змяняючы рытму. Потым пераключаем увагу на адчуванні ў целе, паслядоўна назіраючы за імі. Трэба захоўваць раўнавагу незалежна ад таго, прыемныя ці непрыемныя адчуванні. Калі з’яўляюцца думкі, не змагаемся з імі, а вяртаем увагу да адчуванняў або дыхання.
Падчас курса медыціраваць прасцей дзякуючы спрыяльнаму асяроддзю. Дома цяжэй. Таму важна ствараць умовы: знайсці ціхае месца, не выкарыстоўваць музыку ці маску для вачэй. Калі цішыня немагчымая, можна ўжыць бярушы, але лепш абысціся без іх.
Складана медыціраваць па гадзіне? Пачніце з 15 хвілін двойчы на дзень. Гэта зусім няшмат, бо мы лёгка трацім 15 хвілін на гарбату або мемы. Хутка зразумееце: справа не ў недахопе часу. Калі атрымаецца ўмацаваць рэгулярнасць, можна павялічваць час.
Не чакайце чагосьці асаблівага. Віпасана – гэта не пра вынікі, а пра ўважлівае назіранне і захаванне раўнавагі.
Калі здаецца, што няма выніку, проста працягвайце – змяненні адбываюцца паступова. Гэта не гонка, а магчымасць глыбей пазнаць сябе і развіць сваю свядомасць.
![А так выглядае ангельскі Цэнтр медытацыі па Віпасане.](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2025/02_february/13_37857/fffc31b135dc1f8cefe24a52977daff9.jpeg)
А так выглядае англійскі Цэнтр медытацыі.
«Калі ў мяне цяжкасці на працы – еду на віпасану»
– Пасля курса ў мяне значна ўзрастаюць канцэнтрацыя і прадуктыўнасць. Каб утрымаць эфект, трэба медыціраваць штодня. Але, вядома, гэта не заменіць дзесяці дзён цалкам без знешніх раздражняльнікаў.
Пасля медытацый многія працоўныя праблемы вырашаюцца самі па сабе. Я чуў падобнае і ад людзей творчых прафесій: найлепшыя ідэі з’яўляюцца тады, калі думкі супакойваюцца, а ўвага пераключаецца ўнутр.
І гэта адзін з галоўных эфектаў віпасаны. Я інакш успрымаю свет, з’яўляецца ўнутраная свабода і новы погляд на рэчы, якія раней здаваліся нерухомымі і цяжкімі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: асабісты архіў героя.