«Гэты здымак такі трывожна ціхі». Пачытайце, як зʼявілася знакамітае фота 2020 года

«Гэты здымак такі трывожна ціхі». Пачытайце, як зʼявілася знакамітае фота 2020 года
Праект «Беларуская фатаграфічная платформа» запусціў падкаст «Адным кадрам». На пляцоўцы праекта на YouTube выйшаў ужо другі ролік, у якім вядучая Юлія Ружачка з фатографкай Надзеяй Бужан абмяркоўваюць знакамітае фота перыяду пратэстаў у Мінску, – хутчэй за ўсё, вы гэты здымак таксама бачылі. CityDog.io публікуе скарочанае інтэрвʼю.

Праект «Беларуская фатаграфічная платформа» запусціў падкаст «Адным кадрам». На пляцоўцы праекта на YouTube выйшаў ужо другі ролік, у якім вядучая Юлія Ружачка з фатографкай Надзеяй Бужан абмяркоўваюць знакамітае фота перыяду пратэстаў у Мінску, – хутчэй за ўсё, вы гэты здымак таксама бачылі. CityDog.io публікуе скарочанае інтэрвʼю.

Што гэта за фота?

Здымак Надзеі Бужан быў зроблены 22 ліпеня 2020 года ў Мінску. На ім Вольга Севярынец чакае вызвалення свайго мужа Паўла Севярынца каля ізалятара на Акрэсціна. Акурат у той дзень Павел павінен быў выйсці на волю. Аднак гэтага не здарылася.

Візуальна здымак нібы складаецца з дзвюх частак. Траціну фота злева займае вуліца, якая ў глыбіні кадра ўпіраецца ў сцяну. Дзве траціны ў правай частцы займае іншая сцяна, а каля яе стаіць жанчына, якая быццам прытулілася да дынаміка. Выраз яе твару даволі нейтральны, а ў яе постаці чытаецца спакойнае прыняцце. У руках жанчыны – кветкі ліліі, сімвал чысціні.

Акрамя адной гераіні на здымку няма ні людзей, ні нават сімвалаў іх прысутнасці. І гэта таксама сімвалічна – што ў гэтым шляху, чаканні жанчыны ёсць быццам матыў адзіноты. Вобраз стоіка, які прабіраецца праз выпрабаванні, не губляючы ўнутранай моцы і надзеі.

Жаночая постаць падаецца маленькай у параўнанні з дзвярыма, мурам і будынкам. І гэткім жа маленькім чалавек адчувае сябе перад вялікай сістэмай.

Нагадаем, што, па даных праваабаронцаў, па стане на 23 верасня 2024 года ў Беларусі 1323 чалавекі афіцыйна прызнаны палітвязнямі. На самой справе за кратамі знаходзіцца шмат больш людзей, арыштаваных па палітычных матывах.

Вось тут мы расказвалі, як можна іх падтрымаць.

Перамога ў конкурсе: «Кадр нагадвае пра актывістаў з розных краін»

У 2021 годзе гэты здымак заняў 2-е месца ў катэгорыі «Гарачыя навіны» (Spot News) на бадай самым прэстыжным конкурсе рэпартажнай фатаграфіі World Press Photo.

Старшыня журы фотаконкурсу NayanTara Gurung Kakshapati, якая сама нарадзілася ў Непале, казала: «Гэты задуменны фотаздымак быў прадстаўлены нам у катэгорыі навін і застаўся ў маёй памяці. Магчыма, з-за таго, наколькі ён трывожна ціхі».

Яна таксама падкрэсліла, што гэты кадр з Мінска нагадвае ёй пра падзеі і актывістаў з розных краін свету: Непала, Мʼянмы, Бангладэш, Індыі і іншых.

Гісторыя стварэння здымка: доўга чакалі, фота давялося зрабіць амаль выпадкова

Фатографка, фотакарэспандэнтка, аўтарка здымка Надзея Бужан расказала, як яна рабіла гэта фота. Па яе словах, гэта было рэдакцыйнае заданне.

– Звычайнае навінавае заданне, калі ты едзеш на месца і ведаеш, што будзе адбывацца. Па задумцы, гэты здымак павінен быў выглядаць інакш. У маёй галаве была карцінка, на якой сябры, сваякі, людзі, якія прыйшлі падтрымаць, радуюцца выхаду Паўла, сустракаюць яго з кветкамі. Але Павел, на жаль, так і не выйшаў.

Побач з Надзеяй было шмат іншых фатографаў – амаль з усіх буйных беларускіх СМІ таго часу. І калі напачатку ўсе былі ўпэўненыя, што вось-вось Павел выйдзе, то праз пару гадзін паўстала пытанне, ці наогул яго адпусцяць. Вольга, жонка Паўла, некалькі разоў падыходзіла да вакенца, каб хоць штосьці даведацца.

Кадр, які абмяркоўваюць у падкасце, стаў у Надзеі апошнім з гэтага «мерапрыемства» – замест таго радаснага, які дзяўчына чакала зрабіць. Бужан называе гэта прафесійнай чуйкай: на працягу некалькіх гадзін чакання нічога не адбывалася, а калі Вольга зноў накіравалася да дзвярэй, Надзея заўважыла гэта і прыбегла з іншага боку.

– У мяне былі і іншыя варыянты гэтага здымка, але гэта фота, можна сказаць, склалася выпадкова. Ніхто не казаў гераіні, як трэба апрануцца. Ніхто не фарбаваў сцены ў адпаведныя колеры. Я сама ў той момант не задумвалася пра кампазіцыю і іншае – усё гэта заўважыла ўжо пасля.

Дык пра што гэта фота?

– Для мяне гэты здымак пра чаканне. На жаль, ён вельмі актуальны і дагэтуль, бо ўсе мы ўсё яшчэ чакаем. Магчыма, гэта пачуццё з цягам часу неяк трансфармуецца ўнутры, мы неяк па-іншаму глядзім на адны і тыя ж рэчы. Але ўсё ж такі верым у лепшае.

Хацелася б, каб кожны, хто глядзіць на гэты здымак, бачыў нейкую сваю гісторыю. І неабавязкова гэта гісторыя павінна супадаць з маім меркаваннем ці з пунктам гледжання каго-небудзь іншага. Я буду нават рада, калі людзі будуць знаходзіць уласныя сэнсы.

Паслухаць падкаст можна тут

 

#Минск #Беларусь
Еще по этой теме:
«Не соответствует правилам и будет уничтожена». Вот почему важно продолжать отправлять письма в СИЗО и колонии
В Беларуси 1392 человека признаны политическими заключенными. Вот как вы можете поддержать их
Посмотрите: на этом уникальном фото двое беларуских мужчин целуются. Что случилось? «За последним столом в пустых хатах они выпивали»
поделиться