Государственная газета написала большой текст про герб «Пагоня» и БЧБ-флаг. Обязательно почитайте

Государственная газета написала большой текст про герб «Пагоня» и БЧБ-флаг. Обязательно почитайте
Этот материал впервые появился в газете «Культура» (учредитель – Минкульт) в №34 (1473) от 22 августа 2020 года. В статье Антон Рудак отвечает на вопрос, почему герб «Пагоня» и БЧБ-флаг так важны для каждого из нас. Публикуем статью с любезного согласия издания.

Этот материал впервые появился в газете «Культура» (учредитель – Минкульт) в №34 (1473) от 22 августа 2020 года. В статье Антон Рудак отвечает на вопрос, почему герб «Пагоня» и БЧБ-флаг так важны для каждого из нас. Публикуем статью с любезного согласия издания.

Сёння на вуліцах беларускіх гарадоў усё часцей можна пабачыць не толькі дзяржаўныя герб і сцяг Рэспублікі Беларусь, але і гістарычную нацыянальную сімволіку, карані якой прасочваюцца да часоў Вялікага княства Літоўскага.

Значную частку тэрыторыі гэтай дзяржавы складалі этнічныя беларускія землі, а продкі сучасных беларусаў уяўлялі сабой большасць сярод яе шматэтнічнага насельніцтва, і іх мова, якую сёння прынята называць старабеларускай, была ў ВКЛ дзяржаўнай.

Айчынная гістарычная навука нездарма лічыць гісторыю існавання беларускага этнасу ў складзе Вялікага княства Літоўскага адным з найважнейшых этапаў беларускай дзяржаўнасці, і яго дзяржаўныя сімвалы, адпаведна, маюць поўнае права прэтэндаваць на статус нацыянальных.

Герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг займелі статус дзяржаўных адразу ж пасля абвяшчэння незалежнасці нашай краіны ў 1991 годзе

І заставаліся афіцыйнымі сімваламі да моманту ўступлення ў сілу вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму ў маі 1995 года, на які, у тым ліку, было вынесена пытанне аб змене дзяржаўнай сімволікі.

Улічваючы багатую гісторыю герба «Пагоня», у 2007 годзе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў яму статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

І, хаця бела-чырвона-белы сцяг такога статусу не атрымаў, у яго паходжанні прасочваецца выразнае дачыненне да гісторыі «Пагоні», ад якой ён фактычна ўтвораны паводле геральдычных прынцыпаў, маючы аналагічныя колеры.

Паспрабуем жа бліжэй пазнаёміцца з мінуўшчынай і значэннем гэтых сімвалаў.

Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго

Гісторыя ўзнікнення «Пагоні», звязаная з часамі ВКЛ, часта робіцца прадметам спрэчак і прычынай сумненняў – літоўскі гэта герб альбо ўсё ж такі беларускі? Зрэшты, у акадэмічных колах сучасных Літвы і Беларусі даўно існуе паразуменне, што Вялікае княства было дзяржавай, дзе і беларусы, і літоўцы былі раўнапраўнымі і мірна суіснавалі побач на ўсім працягу яе гісторыі.

Як правіла, пад назвай «Пагоня» ў геральдыцы разумеецца герб з выявай узброенага ваяра на белым кані, які мае ў паднятай правай руцэ меч, а ў левай – шчыт з шасціканцовым крыжам.

Коннік скача ўлева, але ў геральдыцы такі напрамак, наадварот, апісваецца як рух управа: палажэнне і скіраванасць прадметаў вызначаюцца не адносна гледача, а адносна таго, хто трымае герб, бо традыцыйна гэтыя знакі выяўляліся на рыцарскіх шчытах.

Такім чынам, коннік «Пагоні» зазвычай рухаецца на захад — што заканамерна тлумачыцца геапалітычнымі абставінамі часоў узнікнення герба.

Лічыцца, што ўпершыню на нашых землях «Пагоня» згадваецца акурат у той перыяд, калі ВКЛ найбольш цярпела ад набегаў рыцараў-крыжакоў, якія спрабавалі ажыццяўляць сваю экспансію з тэрыторыі сучасных краін Балтыі.

Паданне звязвае паходжанне герба са старадаўнім звычаем нашых продкаў — адбіўшы напад ці аблогу захопнікаў, яны ўсе разам выпраўляліся ў пагоню за ворагам, каб не даць яму ачомацца ад паразы і адбіць сваіх супляменнікаў, захопленых у палон.

Традыцыя гэта вядомая яшчэ з часоў абшчыннага ладу, яна захавалася і ў пазнейшыя стагоддзі, а ў 1387 годзе была нават зафіксавана ў адной з грамат вялікага князя літоўскага Ягайлы: «Паводле старажытнага звычаю, праследаванне ворага ёсць абавязак кожнага мужчыны ў нашым краі; такое паспалітае рушанне дзеля выгнання ворага з нашае літоўскае зямлі па-народнаму завецца пагоняй».

Такім чынам, герб увасабляе ідэю салідарнасці, адказнасці за бліжняга, узаемадапамогі, неабходнасці абароны роднай зямлі і свайго народа ад ворагаў і знішчэння.

Княжацкі знак

Зрэшты, трэба ўлічваць, што сюжэт «Пагоні» варта ўспрымаць не выключна літаральна, і ў ім могуць быць адсочаны матывы еўрапейскай геральдычнай традыцыі адлюстравання князя-правадыра.

Выява конніка прысутнічала, напрыклад, яшчэ на пячатцы князя Аляксандра Неўскага – дарэчы, ягоная жонка Аляксандра была дачкой полацкага князя Брачыслава Васількавіча.

У пэўнай меры выяву ўзброенага конніка можна таксама атаясаміць з вобразам святога Георгія Пераможцы – на абразах ён часта паказваецца ў выглядзе ўзброенага рыцара, які перамагае д’ябла.

Мяркуецца таксама, што пэўнае дачыненне да фарміравання відарыса «Пагоні» можа мець вобраз дахрысціянскага бога Ярылы – таму і шасціканцовы крыж, выяўлены на шчыце конніка, часам называюць ярылавым. Так ці іначай, коннік «Пагоні» лічыўся ўвасабленнем самога вялікага князя, і таму яго выява была выразным і зразумелым сімвалам вярхоўнай улады.

Спачатку «Пагоня» ўжывалася як княжацкі дынастычны герб. У такой якасці яна ўпершыню згадваецца ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» у 1278 годзе як знак князя Нарымунта: «Той Наримунт мел герб, або клейнот, рицерства своего таковый, и тым печатовался, Великому князству Литовскому зоставил его, а то такий: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном, мечъ голый, яко бы кого гонячи держал над головою, и есть оттоля названый Погоня».

А вось «Густынскі летапіс» адносіць першую згадку пра «Пагоню» да часоў вялікага князя літоўскага Віценя, які кіраваў у 1294–1316 гадах: «А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцар збройный на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня».

Зрэшты, з пэўнымі варыяцыямі гэты герб сустракаўся яшчэ на пячатцы заснавальніка Вільні, князя Гедыміна, – праўда, на гэтай выяве коннік трымаў дзіду, а не меч.

Аднак не толькі княжацкім, але і агульнадзяржаўным сімвалам «Пагоня» зрабілася толькі ў XV стагоддзі, у часы княжання Вітаўта. З гэтых жа часоў паходзіць і найбольш ранняя класічная выява гэтага герба, якую і сёння можна пабачыць на надмагіллі вялікага князя літоўскага Ягайлы ў кафедральным саборы замка Вавель у Кракаве, тагачаснай польскай сталіцы.

«Пагоня» як дзяржаўны сімвал уваходзіла таксама ў склад гербаў шэрагу гарадоў: Беластока, Дрысы (Верхнядзвінска), Лепеля, Магілёва, Пулаваў, Рэчыцы, Седльцаў і Суража, а таксама выкарыстоўвалася з пэўнымі варыяцыямі ў якасці герба Віленскага, Мінскага, Берасцейскага, Новагародскага, Мсціслаўскага, Полацкага і шэрагу іншых ваяводстваў.

«Пагоня» з’яўлялася таксама, побач з польскім белым арлом, састаўной часткай герба Рэчы Паспалітай, які выкарыстоўваўся да апошняга падзелу гэтай дзяржавы ў 1795 годзе.

Усё ідзе ад кантэксту

«Пагоня» ўжывалася як сімвал беларускіх земляў і ў геральдыцы Расійскай імперыі, яшчэ пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Ужо ў 1775 годзе Палявы гусарскі беларускі полк, набраны з ліку мясцовага насельніцтва, займеў штандар з гербам, у якім былі спалучаны расійскі двухгаловы арол і «Пагоня». Падобныя сімвалы атрымалі таксама Полацкі мушкецёрскі і Гарадзенскі гусарскі палкі.

«Пагоня» выкарыстоўвалася як састаўная частка гербаў цэлага шэрагу гарадоў і ваяводстваў, прычым поле гербавага шчыта было падзелена па гарызанталі надвое, і ў верхняй, паноўнай частцы такіх знакаў размяшчалася выява імперскага арла, а «Пагоня» – у ніжняй.

Як бачым, «Пагоня» сама па сабе ў царскай Расіі шырока выкарыстоўвалася і не знаходзілася пад забаронай – але тым не менш яе ўжыванне ў пэўных спалучэннях магло выклікаць рэпрэсіі.

Падчас вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў герб «Пагоня» разам з польскім белым арлом ужываўся інсургентамі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Як бачым, тут уся справа была ў спалучэнні «Пагоні» з дзяржаўнымі сімваламі дзяржаў, у склад якіх уваходзілі беларускія землі:

калі гэты герб размяшчаўся побач з расійскім арлом, царскія ўлады самі заахвочвалі такое ўжыванне, калі ж «Пагоня» спалучалася з арлом польскім — гэты знак у цэлым расцэньваўся як паўстанцкая, антыцарысцкая сімволіка.

Але, так ці іначай, герб з выявай вершніка атаясамліваўся менавіта з этнічнымі беларускімі тэрыторыямі.

Замест снапа, касы і грабляў

Новы этап гісторыі ўжывання «Пагоні» надышоў пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года.

Ужо ў наступным, 1918, годзе нацыянальныя палітычныя сілы абвясцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, дзяржаўным гербам якой была прызнана «Пагоня». Цікава, што пэўны час у якасці эмблемы Народнага сакратарыята БНР разглядаўся варыянт пячаткі з выявай снапа і скрыжаваных касы ды грабляў, але ў выніку перавага была аддадзена гістарычнаму гербу Вялікага княства Літоўскага.

Адну з найбольш вядомых спроб паэтычнага асэнсавання вобраза «Пагоні» яшчэ ў 1916 годзе ў аднайменным вершы зрабіў малады Максім Багдановіч – будучы класік беларускай літаратуры. Ён звязаў сімволіку герба з матывамі любові да роднай зямлі, пагарды да здраднікаў Айчыны, неабходнасці абараняць свой край. Нездарма радкі Багдановіча, прысвечаныя гэтаму гербу, таксама часам разглядаюцца як адзін з варыянтаў нацыянальнага гімна, сімвала дзяржаўнасці Беларусі.

Беларуская Народная Рэспубліка, утвораная ў цяжкіх абставінах кайзераўскай акупацыі, хоць і была абвешчана на ўсёй тэрыторыі, заселенай пераважна беларусамі, тым не менш не здолела ўсталяваць сваю ўладу.

У выніку савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў тэрыторыя Беларусі была падзелена: заходняя частка адышла да Польшчы, а на ўсходняй была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

Прычым, калі ў міжваеннай Рэчы Паспалітай «Пагоня» працягвала ўжывацца ў якасці сімвала чатырох беларускіх ваяводстваў, то ў Савецкай Беларусі гэты герб наогул не выкарыстоўваўся, бо лічыўся буржуазным і манархічным.

Трэба адзначыць, што такая сітуацыя спрыяла папулярызацыі і пашырэнню вобраза «Пагоні» ў якасці дзяржаўнага герба незалежнай міжваеннай Літвы, што яшчэ больш узмацніла і зацвердзіла прэтэнзіі літоўцаў на манаполію па ўжыванні гэтага герба як уласнага дзяржаўнага.

Вяртанне ўзброенага конніка

Наступны этап у гісторыі ўжывання герба «Пагоня» ў Беларусі выклікае хіба найбольш пытанняў і спрэчак.

У гады нацысцкай акупацыі гэты старажытны сімвал нашых продкаў выкарыстоўваўся палітычнымі сіламі, якія пайшлі на супрацоўніцтва з захопнікамі.

Але варта звярнуць увагу таксама на тое, што ніякія афіцыйныя дакументы аб прызнанні «Пагоні» з боку немцаў сучасным гісторыкам дагэтуль невядомы.

Выглядае, што нацыянальная беларуская сімволіка выкарыстоўвалася калабарацыяністамі напаўлегальна, са згоды мясцовых акупацыйных уладаў – а ў Берліне на гэта папросту закрывалі вочы.

У пасляваенны час «Пагоня» доўгія дзесяцігоддзі ўжывалася выключна ў эміграцыі, і толькі напрыканцы 1980-х гадоў, падчас перабудовы, яна зноў пачала набіраць папулярнасць у якасці нацыянальнага сімвала ў самой Беларусі.

У выніку неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці нашай краіны, 19 верасня 1991 года, Вярхоўны Савет прыняў законы «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь». Тагачасны эталон герба найбольш папулярны і сёння – яго аўтарамі былі мастакі Яўген Кулік, Уладзімір Крукоўскі і Леў Талбузін.

Пасля рэспубліканскага рэферэндуму 1995 года «Пагоня» страціла статус дзяржаўнага герба, але, тым не менш, працягвае ўжывацца, у тым ліку, і ў афіцыйнай геральдыцы на гербах некаторых гарадоў краіны.

Традыцыйныя колеры

Як мы ўжо адзначалі вышэй, традыцыйныя колеры «Пагоні» ляглі ў аснову гістарычнага нацыянальнага сцяга – бела-чырвона-белага.

Спалучэнне гэтых колераў у геральдыцы вельмі распаўсюджанае, але, як ні дзіўна, менавіта гарызантальна размешчаныя белая, чырвоная і белая палосы сустракаюцца толькі на беларускім сцягу – хаця, напрыклад, белы сцяг з прамым чырвоным крыжам, вядомым як крыж Святога Георгія, з’яўляецца нацыянальным сцягам Англіі, а так званы сцяг Святога Патрыка з касым чырвоным крыжам на белым полі лічыцца адным з нацыянальных сімвалаў Ірландыі.

Вышэй мы ўжо згадвалі пра агульнаеўрапейскія рыцарскія матывы «Пагоні», у тым ліку і звязаныя з вобразам святога Георгія, таму не дзіўна, што падобныя сцягі з чырвоным крыжам ці паласой на белым фоне выкарыстоўваліся здаўна і ў Вялікім княстве Літоўскім, асабліва ў войску: так, напрыклад, іх можна бачыць на знакамітай карціне невядомага мастака XVI стагоддзя «Бітва пад Воршай».

Белы і чырвоны колеры характэрныя таксама для народнага арнаменту беларусаў, традыцыйнай вышыўкі на адзенні.

Але сам бела-чырвона-белы сцяг у тым выглядзе, у якім ён існуе сёння, складзены з трох гарызантальных палос, з’явіўся адносна нядаўна — толькі ў пачатку ХХ стагоддзя.

Лічыцца, што яго разам з шэрагам іншых варыянтаў-эскізаў беларускага сцяга стварыў архітэктар і грамадскі дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Ужо ў 1917 годзе падчас Першага Усебеларускага з’езда ён ужываўся грамадскімі і палітычнымі арганізацыямі як нацыянальны сімвал, а потым лічыўся і дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ёсць нават сведчанні, што выкарыстанне беларускім рухам бела-чырвона-белага палотнішча зрабілася прычынай для адмовы ад праекта латышскага нацыянальнага сцяга, дзе і белыя, і чырвоная палосы ішлі ў такім самым парадку, – таму ў выніку на сцягу Латвіі цёмна-чырвоныя палосы размясціліся абапал белай.

Сімвал нацыянальны, а не палітычны

У міжваенныя гады бела-чырвона-белы сцяг актыўна выкарыстоўваўся нацыянальнымі арганізацыямі Заходняй Беларусі – прычым нават тамтэйшай падпольнай камуністычнай партыяй, што выразна сведчыць: гэты сімвал успрымаўся як нацыянальны, а не палітычны.

Малады заходнебеларускі паэт, будучы класік беларускай літаратуры, перакананы камуніст Максім Танк пісаў у 1930 годзе:

«Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Чакае перамога нас».

Верш «Ты чуеш, брат?» (1930)

Верш «Ты чуеш, брат» надрукаваны ў першым томе Збора твораў Максіма Танка.

Не забывалі аб бела-чырвона-белай сімволіцы і ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы.

Ёсць сведчанні, што падчас абмеркавання праектаў герба БССР у 1927 годзе абмяркоўваўся варыянт, які нагадваў герб Савецкага Саюза, але не з чырвонай стужкай, а з бела-чырвона-белай.

Таксама вядомы эскіз герба БССР, выкананы мастаком Генадзем Змудзінскім, за аснову якога быў узяты белы шчыт з чырвонай паласой пасярэдзіне, якая праходзіла па дыяганалі. Такім чынам, беларусы абапал Рыжскай мяжы ў міжваенныя гады так ці іначай імкнуліся выкарыстоўваць матывы бела-чырвона-белага сцяга для самаідэнтыфікацыі.

Падчас нацысцкай акупацыі бела-чырвона-белы сцяг, як і герб «Пагоня», выкарыстоўваўся шэрагам арганізацый, удзельнікі якіх пайшлі на супрацоўніцтва з гітлераўцамі.

Але, насуперак распаўсюджанаму міфу, бела-чырвона-белыя павязкі ніколі не насілі паліцэйскія

– тагачасныя фотаздымкі дазваляюць меркаваць, што часам такія апазнавальныя знакі выкарыстоўваліся толькі ўдзельнікамі так званага Корпуса беларускай самааховы, створанага немцамі з мясцовых жыхароў для барацьбы з партызанскім рухам.

Праўда, немцы самаахоўцам не надта давяралі і нават не імкнуліся іх узбройваць – бо тыя часта пераходзілі на бок партызан, што ў выніку і прывяло да расфарміравання корпуса.

А акрамя самаахоўцаў, якія так і не паспелі паваяваць супраць партызан, бела-чырвона-белыя павязкі насілі толькі члены Саюза беларускай моладзі – своеасаблівага мясцовага аналага Гітлер’югенда.

Таксама бела-чырвона-белыя сцягі выкарыстоўваліся на публічных мерапрыемствах, зладжаных захопнікамі, – але толькі пад самы канец акупацыі, у апошні год перад вызваленнем Беларусі.

Відавочна, паўафіцыйны дазвол на нацыянальную сімволіку быў своеасаблівым заігрываннем немцаў з мясцовымі калабарацыяністамі, мэтай якога было схіленне мясцовага насельніцтва на свой бок пасля паразы немцаў на Курскай дузе і карэннага пералому ў вайне.

Зрэшты, планы такія збольшага праваліліся, і акупантам не ўдалося завабіць на свой бок беларускае насельніцтва, а тым больш – выкарыстаць яго ў братазабойстве.

Знакі незалежнасці

Так ці іначай, выкарыстанне «Пагоні» і бела-чырвона-белага сцяга на працягу двух гадоў падчас нацысцкай акупацыі – гэта толькі нязначны эпізод у доўгай гісторыі гэтых сімвалаў.

Тым больш, нельга не заўважыць, што амаль усе сучасныя сцягі краін-суседзяў і Заходняй Еўропы таксама выкарыстоўваліся падчас Другой сусветнай вайны тамтэйшымі калабарацыяністамі, што не зрабілася прычынай для негатыўнага стаўлення да гэтых гістарычных сімвалаў.

Бела-чырвона-белы сцяг у гэтым сэнсе адметны яшчэ і тым, што аўтар яго эскіза, Клаўдзі Дуж-Душэўскі, падчас нацысцкай акупацыі адмовіўся ад пасады намесніка бургамістра Мінска, а ў жніўні 1943 года быў схоплены разам з жонкай і кінуты ў канцэнтрацыйны лагер за дапамогу яўрэям, якія хаваліся ад пераследу.

Пасля вайны бела-чырвона-белы сцяг, як і «Пагоня», выкарыстоўваўся беларусамі-эмігрантамі за мяжой і толькі на мяжы 1980-х і 1990-х гадоў пачаў зноў ужывацца грамадскімі і палітычнымі арганізацыямі ў Беларусі, а з верасня 1991-га па май 1995 года меў статус дзяржаўнага.

Так ці іначай, менавіта пад гэтым сцягам адбылося абвяшчэнне незалежнасці, пад ім беларуская каманда ўпершыню выступала на Алімпійскіх гульнях, менавіта ён быў упершыню ўзняты як сімвал незалежнай Беларусі над усімі прадстаўніцтвамі нашай краіны за мяжой.

Шануючы сучасныя дзяржаўныя герб і сцяг, нельга забываць таксама і пра ранейшыя гістарычныя сімвалы Беларусі, з якімі звязаны доўгія стагоддзі трагічнага і гераічнага мінулага нашага народа.

Застаецца спадзявацца, што бела-чырвона-белы сцяг, як і герб «Пагоня», раней ці пазней атрымае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, заняўшы пачэснае месца сярод геральдычных сімвалаў нашай зямлі, якія ахоўваюцца дзяржавай.

Фото: из архива, hkimpress.by.

поделиться