«Па паданні, ён узяў адрэзаную галаву і схаваўся з ёй у нейкай яме». Беларус расказвае пра сваю паездку ў шыкоўны Узбекістан. Пачытайце і паслухайце

«Па паданні, ён узяў адрэзаную галаву і схаваўся з ёй у нейкай яме». Беларус расказвае пра сваю паездку ...
Хіба што самае банальнае, што можна сказаць пра Узбекістан, – што гэта краіна-казка. Чароўная архітэктура, традыцыі, плоў і райскія пейзажы. Андрус Таўкун з’ездзіў у гэту краіну, каб паглядзець на яе сваімі вачыма.

Хіба што самае банальнае, што можна сказаць пра Узбекістан, – што гэта краіна-казка. Чароўная архітэктура, традыцыі, плоў і райскія пейзажы. Андрус Таўкун з’ездзіў у гэту краіну, каб паглядзець на яе сваімі вачыма.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Ніколі не ведаеш, куды жыццё цябе занясе заўтра. Я таксама не ведаў, што ў канцы лістапада буду стаяць на высокай гары над вялізарным блакітным возерам і атрымліваць асалоду ад цёплага сонца і цішыні. У такія моманты ты адчуваеш сапраўднае шчасце – ты свабодны, далёкі ад працы і розных праблем.

А знаходзіўся ў гэты момант я ва Узбекістане, у 70 кіламетрах ад Ташкента на Чарвацкім вадасховішчы, і гэта быў апошні дзень маёй двухтыднёвай паездкі.

Чарвацкае вадасховішча: боская прыгажосць

Магчыма, сюды трэба было ехаць у самы першы дзень, а магчыма, і не – самае салодкае пакінуць на канец. Галоўнае – проста прыехаць сюды. Дарэчы, маршрут даволі просты: даязджаеш да апошняй станцыі ташкенцкага метро «Шоўкавы шлях», якая раней называлася «Максіма Горкага» (а многія і сёння яе так завуць), там сядаеш на маршрутку і едзеш на паўночны ўсход.

Каля самых гор выходзіш і сустракаеш натоўп мясцовых кіроўцаў, якія чапляюцца да цябе і прапаноўваюць свае паслугі. Справа ў тым, што тут ёсць своеасаблівы бізнес. На адпачынак у горы ездзяць і турысты, і мясцовыя, але пешкі туды не дабярэшся – трэба мець машыну. Таму ля прыпынку транспарту яны і стаяць, гатовыя за грошы павазіць вас па гарах. Пры гэтым ёсць два маршруты – кароткі і доўгі. Лепш, вядома, выбіраць доўгі, на 4 гадзіны болей убачыце.

Увесь гэты час вас будуць везці на старой машыне з вялікай хуткасцю па горных дарогах, пры гэтым будзе граць вясёлая музыка з радыё, вы будзеце любавацца краявідамі і па дарозе рабіць шыкоўныя здымкі. Абавязкова спыніцеся каля велізарнага Чарвацкага вадасховішча – блакітнага возера, акружанага гарамі. Пастойце, падумайце пра што-небудзь прыемнае.

Ташкент: таксі і транспарт

Ташкент (тут жыве каля 3 мільёнаў чалавек) – не проста сталіца, гэта горад, праз які пралягаў Вялікі шаўковы шлях – галоўная магістраль паміж Азіяй і Міжземнамор’ем, мясцовы «шлях з варагаў у грэкі». На гэтым горадзе адбіліся сляды розных культур і канфесій. Мячэці, каталіцкія і праваслаўныя храмы, усходнія базары – гэта і ёсць галоўныя разынкі Ташкента.

Першы аб’ект, які я ўбачыў, – аэрапорт. Як толькі ты выходзіш за яго межы, адчуваеш мясцовы каларыт. Натоўпы таксістаў у цёмных куртках (чамусьці ва Узбекістане цёмныя колеры верхняга адзення даволі папулярныя) літаральна хапаюць цябе за рукі і прапануюць свае паслугі. З гэтым відам транспарту ў Ташкенце, дарэчы, усё добра: кошты невялікія, але, каб знізіць выдаткі максімальна, раю карыстацца «Яндэкс.Таксі» (1 км – 30 бел. капеек).

Між іншым, турыста часта здзіўляе тое, што па дарогах Узбекістана ў асноўным ездзяць «шэўрале» белага колеру. Феномен нарадзіўся дзякуючы вялікаму заводу UzAuto Motors, які забяспечвае краіну і замежжа гэтымі машынамі.

З правіламі дарожнага руху тут бяда: усе адзін аднаго абганяюць, пастаянна сігналяць, часам не трымаюцца палос, але самае горшае становішча – у пешаходаў. Саступаць вам тут ніхто не будзе, нават калі вы ідзяце па пешаходным пераходзе. Працуе тактыка step by step – крок за крокам, паступова трэба вырушаць на праезную частку, ставіць кіроўцу перад неабходнасцю спыніцца. І ніколі не бяжаць – пераедуць і не заўважаць.

Аднак для справядлівасці скажам, што і мясцовыя пешаходы павальна пераходзяць дарогу ў забароненых месцах.

Першым месцам, якое я наведаў, быў рэстаран узбекскай кухні. Кухня ва Узбекістане – асобная, чароўная песня. Гэта краіна – рай для гастранамічнага турызму. Сюды трэба ехаць хаця б для таго, каб пакаштаваць плоў: у кожным горадзе ён мае свой рэцэпт, а наогул гэта страва ўнесена ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА.

Ташкенцкая Камароўка

Чорсу (з персідскай «чатыры дарогі») знаходзіцца ў самым цэнтры горада, нават мае аднайменную станцыю метро і для мясцовых мае такое ж значэнне, як для нас Камароўка. Акрамя вялікага бетоннага купала, які з’явіўся ў савецкі час, у склад базару ўваходзіць вялікая тэрыторыя вакол яго, дзе без нейкай рэгулярнай схемы стаяць звычайныя павільёнчыкі накшталт «Экспабела» ці Ждановічаў. Гэта рэчавы рынак.

А вось купал да болю нагадвае камароўскі – на першым паверсе месцяцца латкі з мясам, рыбай, спецыямі, гароднінай і садавіной, а на другім гандлююць прысмакамі. У гэтай частцы базару паўтараецца сітуацыя як з таксістамі каля аэрапорта: усе зазываюць, даюць бясплатна пакаштаваць свой тавар – адным словам, пераманьваюць пакупніка, асабліва калі бачаць, што ён не мясцовы.

Пры гэтым завышаюцца кошты (цэтлікаў на рынку вы не пабачыце), таму што замежнікі не ведаюць мясцовых рынкавых рэалій і навукі торгу на паніжэнне. Але заплаціць тут ёсць за што. Дзясяткі відаў сухафруктаў, у тым ліку вельмі смачныя разынкі, хаштак (курага, фаршыраваная грэцкім гарэхам), рахат-лукум, пахлава, пасціла, казінакі, нуга і, вядома, самае смачнае – халва.

Халва тут зусім не тая, якую можна купіць у Беларусі. Мясцовая мае нежны сметанковы смак, яна пластычная, бо гатуецца на аснове мукі, смятаны, малака з дадаткамі арэхаў і сухафруктаў.

На якой мове размаўляюць узбекі?

Ва Узбекістане, у адрозненне ад Беларусі, большая частка насельніцтва гаворыць на роднай мове. Гэтаму садзейнічае палітыка дзяржавы, накіраваная на адраджэнне свайго, нацыянальнага. У верасні 1993 года быў прыняты закон «Пра ўвядзенне ўзбекскага алфавіта, заснаванага на лацінскай графіцы».

Гаварылася, што рашэнне прынята «зыходзячы са станоўчага досведу пераходу ўзбекскай пісьменнасці на лацінскую графіку ў 1929–1940 гадах, улічваючы пажаданні прадстаўнікоў шырокай грамадскасці» і «накіравана на стварэнне спрыяльных умоў, якія паскараюць усебаковы прагрэс Рэспублікі і ўваходжанне яе ў сістэму сусветнай камунікацыі». Канчаткова пераход на «лацінку» павінен быў адбыцца 1 верасня 2000 года. Аднак завяршэнне працэсу пераносілі яшчэ два разы – на 2005 і 2010 гады. А потым наогул перасталі гучна абмяркоўваць гэту тэму. Таму і сёння кірылічны алфавіт выкарыстоўваецца насельніцтвам даволі актыўна.

Алея літаратараў ў Ташкенце.

Пры гэтым большасць на розным узроўні ведае і рускую мову – спадчына Савецкага Саюза і неабходнасць ва ўмовах сенняшняй працоўнай міграцыі. Дзейнічаюць рускамоўныя школы, частка шыльдаў на крамах зроблена па-руску, навука і справаводства таксама не да канца пераведзены на нацыянальную мову.

Да таго ж ад 19-га стагоддзя ў Ташкенце жыве вялікая рускамоўная дыяспара, якая хоць і разумее ўзбекскую мову, але пераходзіць на яе не збіраецца. Рускамоўная дыяспара і рускамоўныя ўзбекі не вельмі рады захадам па ўзмацненні пазіцый нацыянальнай мовы, бо баяцца шматлікіх праблем.

Гэтыя людзі прызнаюць статус узбекскай мовы як адзінай, згодныя з тым, што гэта карэнная мова і яе неабходна ведаць, аднак яны лічаць, што ва ўзбекскай мовы і так моцныя пазіцыі ў дзяржаве.

Пры тым некаторыя не супраць увядзення рускай мовы як другой дзяржаўнай. Многія, у тым ліку і самі ўзбекі, лічаць, што родная мова да канца не распрацавана, асабліва ў навуковай сферы. І напраўду, як я заўважыў, многія словы з тэхнічнай сферы проста ўзяты з рускай мовы без нейкіх змяненняў.

Неабходна сказаць, што частка грамадзян Узбекістана размаўляе на таджыкскай мове, або, як кажуць некаторыя навукоўцы, на дыялекце фарсі, персідскай. Гэта мова ўжо з даўняга часу з’яўляецца размоўнай для насельніцтва Бухары і Самарканда. Пры гэтым у савецкі час мясцовых носьбітаў таджыкскай мовы запісвалі ўзбекамі, таму сёння частка з іх лічыць сябе таджыкамі, частка – таджыкамоўнымі ўзбекамі. Таджыкскага правапісу многія не ведаюць – толькі ўмеюць размаўляць. Звязана гэта з малай колькасцю таджыкскіх школ у гэтых гарадах – мясцовых вучаць на ўзбекскай мове.

Ташкенцкая архітэктура: што варта паглядзець беларусам

У Ташкенце, як у любым горадзе свету, ёсць адміністрацыйны квартал, прыватны сектар, новыя сучасныя раёны – усё намяшана.

На агульным фоне яскрава вылучаецца старая мусульманская архітэктура – мячэці і медрэсэ (мусульманскія школы). На жаль, у гэтым плане Ташкент не з’яўляецца перадавым горадам, нягледзячы на тое, што гісторыя горада вядзе свой адлік ад 2-га стагоддзя, – вялікага гістарычнага цэнтра вы тут не пабачыце.

Аднак турыст можа ўбачыць велічную медрэсэ Кукельдаш 16-га стагоддзя, якая знаходзіцца зусім побач з Чорсу, ці цэлы рэлігійны комплекс Хазраці Імам. Гэты ансамбль будаваўся ля магілы імама горада Ташкента, знаўцы Карана, аднаго з першых прапаведнікаў ісламу ў Ташкенце Хазраці Імама. Вакол магілы ў 16-м стагоддзі быў створаны маўзалейю.

Недалёка стаіць будынак медрэсэ Барак-Хана (16-е ст.) і медрэсэ Муйі Муборак, дзе захоўваецца волас прарока Мухамеда і бібліятэка Ўпраўлення мусульман Узбекістана. У гэтай бібліятэцы можна пабачыць Каран Усмана 7-га ст. – адзін з самых старажытных і каштоўных экзэмпляраў гэтай кнігі.

Завяршаюць ансамбль вялікая сучасная мячэць Хазраці Імам і велізарны Цэнтр ісламскай цывілізацыі, які займае плошчу 10 га. Гэты цэнтр, які яшчэ не дабудаваны, мае за мэту змаганне з ісламскім экстрэмізмам і скажэннем ісламу. Тут будзе знаходзіцца музей, інфармацыйна-рэсурсны цэнтр, навуковыя кафедры і канферэнц-зала. У сутнасці, ансамбль Хазраці Імам з’яўляецца цэнтрам ісламскага жыцця Ташкента і краіны.

Вядома, ёсць архітэктура і больш позняга часу. Напрыклад будынкі «рускага Ташкента» 19-га стагоддзя: палац апальнага вялікага князя Мікалая Раманава, кафедральны праваслаўны сабор, велічны каталіцкі касцёл, які быццам перанесены з Заходняй Беларусі, лютэранская кірха, а таксама старая мадэрновая забудова вуліцы Лашкабегі.

Ацалелі некаторыя будынкі ў стылі сталінскага ампіру. Самы яскравы – Вялікі тэатр імя Алішэра Наваі, які паўстаў паводле праекта аўтара маўзалея Леніна Аляксея Шчусава, а збудаваны быў рукамі японскіх ваеннапалоных.

У Ташкенце мала старой архітэктуры, усяму віной страшэнны землятрус 1966 года, які знішчыў горад. Толькі дзякуючы дапамозе ўсяго Саюза горад адбудавалі, і цяпер ён можа пахваліцца некаторымі цікавымі аб’ектамі познесавецкай эпохі. Гэта будынак базара Чорсу – яскравы помнік так званага «сейсмічнага мадэрнізму», гасцініца «Узбекістан», будынак гістарычнага музея і Палац дружбы народаў. Нягледзячы на тое, што будавалі іх у савецкі час, яны маюць выразны нацыянальны стыль.

Гадзіннік, які спыніўся падчас землятрусу 1966 года.

Таксама, калі будзеце ў Ташкенце, зазірніце ў метро. Мне яно больш за ўсё запомнілася надпісам, які месціцца на кожнай станцыі: «Пільнасць – патрабаванне часу». Метро вельмі нагадвае мінскае, бо адкрылася ўсяго на 7 гадоў раней за наша. Многія ташкенцкія станцыі маюць вельмі прыгожае аздабленне ў нацыянальным стылі, зробленае з керамікі і шкла.

А вось сучасная архітэктура пахваліцца прыгажосцю сваіх папярэднікаў пакуль ня можа. Сёння пануе «карымаўскі ампір» (па прозвішчы першага прэзідэнта краіны), які злучыў тыповыя еўрапейскія элементы з традыцыйнай усходняй спадчынай эпохі Цімура. Гэты стыль падкрэслівае веліч краіны і яе старажытную гісторыю, але выглядаюць такія будынкі як сумесь бетону, пласціку і еўрапакетаў. Менавіта такі выгляд маюць галоўныя адміністрацыйныя ўстановы.

Помнік Цімуру ў цэнтры Ташкента.

З сучаснай архітэктуры мне прыглянуліся толькі 2 аб’екты: вялікая і прыгожая, белага колеру мячэць Мінор ды будынак музея Цімурыдаў.

Калі падсумаваць, то трэба сказаць, што будынкі ў стылі «карымаўскага ампіру» працягваюць псаваць выгляд сталіцы, многія раёны маюць хаатычную, непрыгожую прыватную забудову, а нявырашаных праблем, звязаных з урбаністыкай, узяць хаця б дарогі (адсутнасць бяспечных

пешаходных пераходаў, развязак, астраўкоў бяспекі) – велізарная колькасць.

Бухара: абавязкова з’ездзіце

Наступным пунктам майго падарожжа была старажытная Бухара. Паездка сюды з Ташкента займае 8 гадзін, пры тым што гэта не самы далёкі горад. Проста Узбекістан – немаленькая краіна, да таго ж не вельмі кампактная, а сама сталіца знаходзіцца на памежжы з Казахстанам. Бухара – адзін з самых старажытных гарадоў Сярэдняй Азіі, які ў Сярэднявеччы быў мясцовым цэнтрам ісламскай культуры і рэлігіі.

Бухара – горад-казка. Уявіце сабе які-небудзь вялікі нямецкі стары горад з яго вузкімі вуліцамі, шматлікімі храмамі, невялічкімі крамамі. Дык тут тое ж самае, толькі домікі іншыя – усходняга пясочнага колеру, а замест касцёлаў – мячэці і медрэсэ. Такіх гарадоў ва Узбекістане толькі два: Бухара і Хіва – сталіцы былых дзяржаў, якія былі скораны рускімі войскамі ў 19-м стагоддзі.

Каб адчуць каларыт сярэднявечнага ўсходняга горада, раю пагуляць па старых вулачках, зазірнуць да мясцовых рамеснікаў і пасядзець з кубачкам мясцовай бухарскай кавы ў Silk Road Tea House – кавярні, якая знаходзіцца ў самым гістарычным цэнтры. У гэтым месцы можна заплаціць 5 рублёў на нашы грошы і адпачываць хоць цэлы дзень – безлімітна піць каву і гарбату з прысмакамі.

Самарканд: не нам вам расказваць, чаму варта прыехаць у адзін з самых стражытных гарадоў свету

Сядаем у мясцовы аналаг нашага «Штадлера», які называецца «Афрасіаб» (Афрасіаб – легендарны цар, а таксама назва гарадзішча старажытнага Самарканда), і вяртаемся назад у Ташкент, але па дарозе заязджаем у адзін з самых старажытных гарадоў свету – Самарканд.

Першае паселішча тут з’явался яшчэ ў VIII стагоддзі да н.э., і з таго часу горад паспеў пабываць цэнтрам дзяржавы Цімурыдаў, першай сталіцай Савецкага Узбекістана, ключавым пунктам на Вялікім шаўковым шляху і адным з цэнтраў навукі сярэднявечнага Усходу.

Цэнтральнай тэмай горада з’яўляецца спадчына Цімурыдаў. У 14-15-м стагоддзі на тэрыторыі Сярэдняй Азіі, Ірана, Каўказа, Афганістана існавала цэлая імперыя. Яе заснавальнікам быў вялікі заваёўнік, эмір Цімур. Сёння ва Узбекістане створаны цэлы культ гэтага чалавека.

Ад той эпохі ў Самаркандзе засталіся велічныя будынкі. Мячэць і маўзалей Бібі-Ханум, створаныя вялікім заваёўнікам у памяць пра сваю любімую памерлую жонку, Гур-Эмір – маўзалей самога Цімура і ягоных родзічаў. Эмір пахаваны пад цёмным каменем, які кантрастуе з іншымі светлымі надмагіллямі, ля ног свайго настаўніка Мір Саід Барака, якога ён бязмерна паважаў.

Непадалёку ляжыць і ўнук Цімура, знакаміты валадар, але больш матэматык, астраном, асветнік Улугбек, якому змоўшчыкі адсеклі галаву. Дарэчы, у Самаркандзе можна ўбачыць раскапаную частку ягонай абсерваторыі 15-га стагоддзя, якая была адной з самых вялікіх у Сярэднявеччы.

Часткова ацалелая абсерваторыя Улугбека.

З усыпальняй Цімура звязаны і вядомы міф: быццам з-за адкрыцця магілы эміра савецкімі археолагамі ў чэрвені 1941 г. пачалася вайна – маўляў, выпусцілі дух Тамерлана, дух вайны.

Яшчэ адзін аб’ект – Шахі Зінда (з персідскага «жывы цар»): ансамбль з 11 маўзалеяў мясцовай знаці, дзе, як лічыцца, пахаваны дваюрадны брат Прарока. З гэтым чалавекам звязаны цікавыя паданні. Паводле аднаго з іх, ён схаваўся ў пячоры, каб выратавацца ад празмернай любові, якой яго атачылі. Іншая легенда сцвярджае, што ворагі адсеклі яму галаву, калі ён здзяйсняў намаз, але Кусама ібн Абаса, узяўшы адрэзаную галаву ў рукі, схаваўся ў нейкай яме. Таму гэта мясціна з 16- га стагоддзя і займела такую назву – «жывы цар».

Не забудзьце завітаць у маўзалей Ходжа Доніёр, дзе, як лічыцца, спачывае бібліейскі прарок Данііл. Яшчэ адзін маўзалей адносіцца да больш блізкага часу – гэта ўсыпальня Іслама Карымава, якая месціцца на тэрыторыі мячэці Хазрэт-Хызр. Адсюль, дарэчы, адкрываецца файны від на горад.

Аднак самай турыстычнай часткай з’яўляецца велізарная плошча Рэгістан (з персідскага «месца, пакрытае пяском»). Менавіта тут месціцца самы знакаміты архітэктурны комплекс Узбекістана, які ўключае ў сябе медрэсэ Улугбека 15-га ст., медрэсэ Шэрдор і медрэсэ Ціля-Кары 17-га ст. Гэта адзін з самых яркіх і выразных прыкладаў усходняй архітэктуры, перліна сусветнай культуры.

Фасады гэтых будынкаў багата дэкараваны рознакаляровай глазурай, якая ўтварае складаныя арнаменты. Такі мастацкі прыём даволі характэрны для ўзбекскай архітэктуры, аднак менавіта самаркандскія, нават рэгістанскія будынкі з’яўляюцца лепшым прыкладам.

КАЛІ ЛЮБІЦЕ СЛУХАЦЬ БЕЛАРУСКАМОЎНЫЯ ПАДКАСТЫ зазірніце сюды.

Фота: асабісты архіў аўтара; Uzbekistan.travel.

поделиться