Камсамольскае возера: 5 казачных месцаў ад студэнткі-мультыплікатаркі

Камсамольскае возера: 5 казачных месцаў ад студэнткі-мультыплікатаркі
Камсамольскае возера капалі, каб зберагчы Мінск ад вясновых патопаў. Але вада і пляж у самым цэнтры адразу сталі галоўным месцам адпачынку для мінчан. Кожнае пакаленне мае тут свае мясціны. Сёння 5 любімых месцаў пакалення 20-гадовых паказвае нам мультыплікатарка Зося Набок. 

Камсамольскае возера капалі, каб зберагчы Мінск ад вясновых патопаў. Але вада і пляж у самым цэнтры адразу сталі галоўным месцам адпачынку для мінчан. Кожнае пакаленне мае тут свае мясціны. Сёння 5 любімых месцаў пакалення 20-гадовых паказвае нам мультыплікатарка Зося Набок

Зося вучыцца на аніматара ў Польшчы – у нас такому таксама вучаць, але набор адкрываецца толькі раз на 5 гадоў. Зараз дзяўчына рыхтуе дыплом – мультыплікацыйны кліп на песню “Разлілася” расійскай фолк-спявачкі Іны Жаланнай.

– Там песня пра тое, як разлілася вялікая рака. Тры сястры пераходзілі яе, і калі ішла старэйшая, то пад ёй зламалася кладка і дзяўчына патанула. Праз нейкі час па тым самым месцы ішоў яе брат і пачуў, як сястра кажа, што бераг – гэта яе грудзі, а каменне – яе вочы, травы – валасы, а вада – слёзы. І ён спрабуе адшукаць сястру, але не можа.

Усю мультыплікацыю Зося робіць сыпучымі матэрыяламі: мы прывыклі да сюжэтаў з пяску, але гэта будзе кліп з солі – часткова каляровай, але збольшага белай.

– Я на другім курсе сыпала кавай, – смяецца дзяўчына. – Стаяў такі пах! Усе заходзілі: “Ага! Ясна, чаму ты так прадуктыўна працуеш!” Увогуле, людзі робяць анімацыю з усяго. Напрыклад, ёсць хлопцы, якія ствараюць анімацыю з jelly beans, такіх маленькіх жэлаціначак, але іх не тое каб сыплюць, а больш выкладваюць. У майстэрні дафігішча кантэйнераў, мноства аддзелаў з розных адсекаў, дзе жэлацінкі раскладзены па адценнях...

Зося жыве на Старавіленскім тракце з дзяцінства і расказвае пра родны парк на возеры з захапленнем.

– Гэты раён цудоўны! Тут класна, вельмі ціха. Гэта, канечне, не Central park у Нью-Ёрку – хаця не ведаю, я там ніколі не была, – але здорава, што ёсць такі вялікі зялёны кавалак у цэнтры горада. Увесь бераг – гэта адна суцэльная гісторыя. У нас у двары было пяць-шэсць дзяцей, і мы заўсёды былі на возеры. Старэйшыя хлопцы сачылі за намі, у нас былі свае месцы, і бацькі заўсёды ведалі, дзе нас шукаць.

Так зайздрошчу сучасным дзецям! Думаю: чаму такога не было ў маім дзяцінстве?! У маім дзяцінстве тут была толькі перакладзіна – вось і ўсе забаўкі. Але мне хапала: я думала, што ў мяне слабыя рукі – давай накачаю сабе. І хадзіла сюды, падцягвалася, стаяла на руках нейкі час.

Тут прыемная атмасфера, і роварныя сцежкі зрабілі. Калі я ездзіла па іх у ліцэй, то тут гуляла вельмі шмат мам з каляскамі. Гэта была мая найбольшая перашкода. Я тады ездзіла на старым хлапечым ровары з жахлівай высокай рамай, тармазіць на ім было вельмі складана. Я тады прыдумала… (Смяецца.) Гэта вельмі-вельмі-вельмі цынічна з майго боку, але тады я прыдумала ідэю камп’ютарнай гульні, калі чалавеку трэба праехаць на ровары, але ўвесь час абмінаць мам з каляскамі. Але тут трэба было прыдумаць і нейкую вельмі лагодную анімацыю таго, што здарыцца, калі ўрэжашся. Напрыклад, дзіцёнак выскачыць з каляскі, і мама яго зловіць. Прытым што я ніколі не гуляла ў камп’ютарныя гульні, але ў мяне рэальна было адчуванне такога квэсту, калі я тут ехала.

Месца №1, у стылі ар-нуво: Выгінасты прычал

Спускаемся з Арлоўскай да возера і ідзем па беразе ўздоўж Старавіленскага тракту.

– Тут ёсць такі прычальчык... Не ведаю, для чаго ён выкарыстоўваўся – прыстань катамаранаў ці што. Аднак за маіх часоў сюды не прычалілі ні адны “Алые паруса”, – смяецца дзяўчына. – Але гэты прычал такі загібісты! І мне заўсёды было цікава, што ён такой формы, нібы ў стылі ар-нуво. І ліхтары тут былі прыгожыя. Далей тут фантан неагатычнай формы, ён падсвечваўся. Гэта была проста казка і таямніца.

Сюды мы хадзілі з бацькамі ў дзяцінстве. Асаблівай была забава, калі мой сабака саскокваў адсюль і даплываў да берага.

Гэта было першае месца, куды мы прыйшлі з бацькамі, калі пераехалі. Цяпер тут так акуратна ўсё, зрабілі душыкі, лавачкі, столікі, людзі ўвосень у нармальнае надвор’е прыходзяць есці бутэрброды, піць гарбату. А раней было проста поле і зарасці. Мы вельмі любілі з бацькамі прыходзіць увечары. Здавалася, што тут такая глыбокая вада, што аж не бачна дна!

Гэта была такая казачная атмасфера жыцця, дзяцінства. І ўсё такое нерэальнае. У сярэдзіне парка нічога цікавага не было, а вось уздоўж вады...

Месца №2, іншасветнае: Алея пахіленых дрэў

У парку ёсць алея дрэў, якая нібы пераносіць у Краіну Оз: не перавернутая, але добра так нахіленая!

– Я не ведаю, што гэта за дрэвы, але яны імкнуцца да сонца і таму ўсе стаяць вось так (Зося спрабуе нахіліцца пад тым жа вуглом). Ты ідзеш і раптам разумееш: нейкі градус не той. Што такое, я ж нічога не піў!

“Тут я навучылася катацца на ровары, урэзалася ў сваё першае дрэва”, – смяецца Зося.

Калі мы ішлі тут першы раз, я была ў поўным шоку. Тады яшчэ не было ліхтароў, якія цяпер задаюць вертыкаль, і вось ты ідзеш і не разумееш, што здарылася з тваёй вестыбуляркай. Эй, толькі што былі ж нармальныя дрэвы!..

Пад асфальтам глеба не можа дыхаць. І калі парадкавалі парк, то была дыскусія, чым пакрываць сцежкі, і ўрэшце іх заклалі пліткамі. Гэта лепш за асфальт, мне здаецца.

Тут заўсёды былі дрэвы, вада, спакой... Так, і шмат казачнага. Напрыклад, кратавіны. Я сабе адразу ўяўляла Крата з “Дзюймовачкі”. Я, як гарадское дзіця, спярша не ведала, што гэта: “Ваў мама, што гэта за прыкольныя кучы?” – “Тут жывуць краты, дачка”. – “Ваў, краты!” Карацей, мяне ў дзяцінстве было няцяжка здзівіць.

Месца №3, небяспечнае: Парк камянёў

– З гэтым месцам звязана гісторыя маёй ганьбы, – смяецца Зося. – Але таксама гэта гісторыя пра любоў і давер паміж бацькамі і дзецьмі. Мае бацькі прыехалі сюды з Гомеля, яны былі выкладчыкамі ў Акадэміі мастацтваў, у іх акцёрска-рэжысёрская адукацыя. Час ад часу ў нас у кватэры спыняліся знаёмыя, дзеці знаёмых – абітурыенты і студэнты.

І вось восень, самы пачатак, ужо пачалася школа. Я была ў 3-м класе. Да нас прыехала знаёмая дзяўчына, і мы з ёй пайшлі гуляць на возера, я ёй паказвала свае любімыя мясціны. І тут – такія жывапісныя камяні. Яна ўсцешылася: “О, пасядзім, я памалюю”. Я, памятаю, узяла з сабой матэматыку, сядзела, рабіла яе. Але калі ёсць дзіцё і ёсць камяні ў вадзе, то як не паскакаць па гэтых камянях! А дзяўчыне было гадоў 19, то бок розніца ва ўзросце ў нас не была такой ужо вялікай, і яна таксама вырашыла паскакаць са мной. У нас прачнуўся спаборніцкі дух, і мы сталі з ёй скакаць навыперадкі. Скончылася тым, што ў верасні я ўпала ў ваду. Я была ўся мокрая!

І тут самы цікавы момант. Я вырашыла: не, зараз я не пайду дамоў. Бацькі хутка пойдуць на імшу, а я паўгадзінкі тут пасяджу, перачакаю. Прытым што яны ніколі на мяне не сварыліся за такія рэчы! І вось я сяджу на камянях мокрая, рашаю матэматыку. Дзяўчынка разгубілася: “Мо пойдзем дамоў?” Я кажу: “Не, пачакаем”.

Але, калі я прыйшла дамоў, аказалася, што бацькі не пайшлі на імшу. Яны адразу ж зрабілі мне цёплую ванну, адагравалі мяне, расціралі. Усё скончылася добра.

На тым самым камені робім здымак “Прывітанне бацькам”. Фатограф мае план: “А можа быць, ведаеш што?..” – “Што, пераскокнуць?” – “Не-не, я жартую!... Вось так усё і пачыналася!”

Месца №4, сямейнае: Лодачная станцыя

– Цяпер тут цэлая станцыя, а раней была толькі маленькая будачка, адна хатка. Калі мы пераехалі, то першы год хадзілі з бацькамі на катамаранах штовыходныя. Бралі вялікі катамаран. У нас была яшчэ наша сабака Джулі, яна баялася вады і штораз выскоквала плыць да берага. Даводзілася яе лавіць. Мы клікалі, а яна кідалася туды-сюды: там гаспадары, а тут бераг, там гаспадары, а тут бераг. Ну ладна, яны мяне кормяць, паплыву да іх.

Яшчэ ў дзяцінстве было крута, бо тут было многа качак. І яны не такія, як качкі ў цэнтры Мінска: “А, зноў людзі прыйшлі, трэба паесці”. – “М-м-м, не хачу, чувак, я ўжо наеўся! Ідзі ты да іх”. – “Не, ты ідзі!” Урэшце падыходзяць, глядзяць ляніва на цябе, потым на хлеб: “Ну ладна”, потым: “Усё, больш не буду”. А ты такі: “Эй, хлопцы, я ўвесь батон купіў, каб вас пакарміць!..” А тут зусім не так, тут яны цябе здалёк бачаць, і цэлы касяк плыве за катамаранам. Абступаюць з усіх бакоў, хоць і пабойваюцца.

А яшчэ ў іх падзелена тэрыторыя. Толькі здаецца – усё: качак больш няма, а хлеб застаўся, з’ем сам, – і тут з-за павароту выплываюць новыя: “Вэлкам, а гэта наша тэрыторыя, дзе наш хлеб?” Карацей, вельмі прыкольныя гэтыя качкі, яны не адмаўляюць нікому, каб іх пакармілі.

Тут самыя танныя катамараны ў горадзе. Ёсць двухмесныя і чатырохмесныя. Мы з хлопцам гэтым летам вырашылі пакатацца і хацелі ўзяць двухмесны, ён і больш танны. Падыходзім, кажам: нам на дзве асобы – а яны даюць чатырохмесны! І плаціш за яго адпаведна! Ці то двухмесных ужо проста ў рэальнасці няма, ці то гэта такая стратэгія заробку. Але перавага чатырохмеснага ў тым, што там ззаду ёсць палуба, на ёй можна сядзець і захапляцца наваколлем, пакуль нехта спераду круціць.

Месца №5, русалчына: Вадаспад

Ідзем да апошняга месца – вадаспада. Спыняемся ля скульптурных жорнаў, якія сімвалізуюць млын Менеска, легендарнага айца-заснавальніка. Паводле легенды, млын стаяў паміж Пярэспай і Татарскімі агародамі (раён Палаца спорту). Кавалачак Пярэспы яшчэ застаўся пры праспекце Машэрава, але скульптуру паставілі не там, а на Свіслачы, на Возеры.

– Пару гадоў таму тут зрабілі прыпынак “Пярэспа”, і ніхто не ведаў, што гэта такое. Напэўна, былі і такія разумныя людзі, якія ведалі. Але ўсе, у каго я пыталася, – не. Але потым з’явілася скульптура – таксама ўсіх дзівіла, такі contemporary art – і таблічка з тлумачэннем, і ўсё стала ясна.

На помніку Менеску нехта ўжо намаляваў сэрцайка і свастыку.

– Гэты вадаспад мяне заўсёды заварожваў сваёю магутнасцю. Трэба разумець, што я яго ўпершыню пабачыла ў дзяцінстве, і тады ён мне падаўся сапраўды вялізным. Да таго ж ён з’яўляецца цалкам нечакана. У сэнсе, ідзеш сабе ўздоўж возера, вада такая спакойная, і вось дзесьці пасля лодачнай станцыі яна паволі набірае хуткасць, і тут – раз! – такі шум ад вады і вадаспад. Для мяне як для дзіцёнка гэта было нешта неверагоднае.

Альбо, напрыклад, калі мы каталіся з бацькамі на катамаранах, я вельмі баялася, каб бацькі не падплывалі занадта блізка да вадаспада: а раптам нас падхопіць цячэнне і проста зацягне ў сярэдзіну вадаспада! Ну і да таго ж ад вадаспада заўсёды ўтвараецца пена. А кожная дзяўчынка ведае, што пена – гэта Русалка. Асабліва забаўна было, гледзячы на вадаспад, прыдумляць гісторыі пра русалак, калі над возерам лёталі чайкі.

І яшчэ крыху

Пах раёна: глей. Натуральна, у цёплы час гэта адзін з найбольш характэрных тутэйшых пахаў. Але, напрыклад, летам таксама дастаткова часта можна адчуць і пахі пікнікоў.

Смак раёна: марожанае. Мы вельмі любілі шпацыраваць з мамай вакол возера. І, напрыклад, летам такі шпацыр непасрэдна асацыіраваўся з марожаным.

Колер раёна: буду банальнай – зялёны. Усё ж такі гэта парк.

Гук раёна: гук вады, вадаспада і розных качак з чайкамі. І яшчэ часам дзіцячы шум, бо над возерам стаіць Палац дзяцей і моладзі. Я, дарэчы, ніколі не разумела, чаму гэта палац. Нават з маім уяўленнем гэта было не падобна да казачнага палаца – а я была чалавекам, якога радавалі кратавіны! (Смяецца.) Можа, канечне, ёсць дзеці з яшчэ больш развітым уяўленнем, постмадэрністычным, дзеці, якія любяць кубізм і футурызм, – яны ўспрымаюць гэты будынак як палац. Але ўнутры там класна: шмат лесвіц, можна па іх бегаць і нават згубіцца!

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота:  CityDog.by.

Еще по этой теме:
5 месцаў Зялёнага Лугу: “Тут ёсць помнік, якому 15 тысяч гадоў”
Камароўка: 5 месцаў былога самага крымінальнага раёна Мінска
Шабаны: 5 месцаў раёна, пра якія мусіць ведаць кожны мінчук
поделиться