“Мухамед Алі – не станоўчы герой”. Што чытае чэмпіён свету і музыкант Віталь Гуркоў

“Мухамед Алі – не станоўчы герой”. Што чытае чэмпіён свету і музыкант Віталь Гуркоў
“Скажу адразу, я не вельмі добры суразмоўца на тэму літаратуры”, – папярэдзіў нас 12-разовы чэмпіён свету па муай тай і ўдзельнік гурта Brutto Віталь Гуркоў. Але мы не паверылі і распыталі, што чытае чалавек, якога не без падстаў называюць “народным чэмпіёнам”.

“Скажу адразу, я не вельмі добры суразмоўца на тэму літаратуры”, – папярэдзіў нас 12-разовы чэмпіён свету па муай тай і ўдзельнік гурта Brutto Віталь Гуркоў. Але мы не паверылі і распыталі, што чытае чалавек, якога не без падстаў называюць “народным чэмпіёнам”.


“ЧЫТАЮ НЕ ДЛЯ ТАГО, КАБ ПАСТАВІЦЬ ГАЛАЧКУ”

– З мастацкай літаратурай у мяне ўвогуле складаныя адносіны. Творы, якія мне трапляюцца, заўсёды з нейкай гісторыяй: ці нехта параіў, ці падарылі, ці я шмат водгукаў чуў пра кнігу і вырашыў паглядзець, чым яна так усіх натхняе. Сам для сябе я выбіраю літаратуру вельмі рэдка – гэта звычайна тое, што мне неабходна па прафесійных справах.

Прызнаюся, некаторыя творы я пачынаю чытаць, але дзесьці на сярэдзіне губляю імпэт і спыняюся. І потым не вяртаюся да іх зусім. Я чытаю кнігі не для таго, каб паставіць галачку. Калі губляецца цікавасць – не бачу сэнсу чытаць далей.

З маім жыццём і графікам трэба пастарацца, каб кніга мяне зацікавіла. Па-першае, на гэта павінен быць час. Па-другое, павінен быць вельмі жывы сюжэт.

 

“У ГЕРОЯХ Я ПАЗНАВАЎ СВАІХ АДНАКЛАСНІКАЎ”

Любімых кніг у мяне няма – ёсць такія, якія пакінулі пэўны след, якія было цікава чытаць у нейкі перыяд жыцця. Напрыклад, калісьці, у класе дзявятым-дзясятым, мне трапіліся “Гопнікі” Уладзіміра Казлова. Там апісана жыццё звычайных хлопцаў з заводскіх раёнаў. І мова, якой усё гэта напісана, вельмі простая, з жаргонам. Падзеі ў творы на той час вельмі дакладна адлюстроўвалі тое, што адбывалася вакол мяне, на маім раёне, я ўсіх тых хлопцаў бачыў у рэальным жыцці. Таму чытаць было сапраўды цікава: едучы ў транспарце, я мог рассмяяцца ўголас, бо ў героях пазнаваў сваіх аднакласнікаў.

“не толькі пра джэбы і хукі”

Часам я чытаю біяграфічныя кнігі пра жыццё зорак боксу. Неяк мне параілі кнігу “Мухамед Алі. Амерыканская мара караля рынгу”, якую напісаў таленавіты і ўплывовы журналіст таго часу Дэвід Рэмнік.

Чаму яна ўдалая? Аўтар піша не толькі пра джэбы, хукі і спартыўную падрыхтоўку. Ён вядомы як палітычны журналіст і апісвае жыццё Амерыкі 60-х з усімі рэзананснымі і сацыяльнымі падзеямі. Толькі што адгрымеў рок-н-рол, толькі што забілі Кенэдзі – гэта таксама ціснула на Амерыку і на сацыяльныя працэсы, якія там адбываліся, – ідзе барацьба цемнаскурых за роўнасць, накатвае хваля радыкалізму, паўсюль нейкія крымінальныя бойкі паміж групоўкамі, вайна ў В’етнаме. І скрозь гэта ўсё – гісторыя Мухамеда Алі.

Алі на гэтым фоне – пазітыўны персанаж, ён прасякнуты ўсімі гэтымі перажываннямі і падзеямі, што адбываліся ў амерыканскім соцыуме ў той час. Хоць сам па сабе ён для мяне не вельмі станоўчы герой, бо рабіў і шмат подлых рэчаў. Мне здаецца, гэта ад яго ў боксе пайшла такая мода на трэштокінг, калі ты на свайго апанента выліваеш цэбар бруду і ўтоптваеш у яго па самыя вушы. Цяпер гэта больш шоу для набівання праглядаў і ажыятажу перад спаборніцтвамі, а тады гэта былі вельмі сур’ёзныя рэчы: часам ягоныя апаненты і іх сем’і плацілі сур’ёзную цану за тое, што ён сказаў…


“БЫЎ ФАНАТАМ ВІКТАРА ЦОЯ І БРУСА ЛІ”

Захапленне біяграфічнай і дакументальный літаратурай у мяне пачалося так: калісьці я быў фанатам Віктара Цоя і Бруса Лі, і ў мяне было жаданне прачытаць пра іх нешта. Потым цікавіўся будызмам, сінтаізмам, даасізмам, шукаў такую літаратуру. А далей пайшлі кнігі, якія ўвогуле мала хто чытае. Напрыклад, ёсць такі майстар, якога завуць Мантэк Чыа. У яго – выключна нейкія практыкаванні па “Даньцянь цы гун”. З прафесійнага чытаю пра тэорыі і методыкі фізічнага выхавання, агульнаадукацыйныя кнігі пра методыкі дыхання і гэтак далей.

 

“ШКОЛЬНАЯ ПРАГРАМА: ЖЫЦЦЁ – БОЛЬ”

У маленстве, калі матуля ці бацька чыталі мне нейкія апавяданні ці казкі, я запамінаў змест па малюнках. То бок бачыў малюнак і адразу ведаў, які там павінен быць тэкст. І, калі нехта хацеў мяне падмануць і хутчэй скончыць чытаць, я казаў: “Не, вы яшчэ не ўсё прачыталі, там павінна быць тое, тое і тое”.

Самы любімы мой дзіцячы твор – “Нязнайка на Месяцы”. А школьная праграма пакінула негатыўны адбітак, усё там заўсёды не дзякуй богу, жыццё – боль. Мне здаецца, ранавата ў дзіцячым узросце акунацца ў гэтыя эмоцыі, перажываць іх, яны проста адштурхоўваюць. Калі няма нейкага пазітыву, веры ў шчаслівы канец, то цікавасць губляецца.

 

“ЛЮБЛЮ ЧЫТАЦЬ АЎТАРАЎ, ЯКІХ ВЕДАЮ АСАБІСТА”

Мне больш падабаецца чытаць сучасных аўтараў. Таго ж Сяргея Жадана: зараз пачаў чытаць “Варашылаўград”. Яшчэ Саша Філіпенка. Калісьці я прачытаў “Былога сына” і пачаў іншы ягоны раман, “Траўля”. Пасля аднаго з канцэртаў у Варшаве вяртаўся дамоў на цягніку. На мытні правяралі рэчы, і мытнік заўважыў гэту кніжку. Чамусьці пачаліся пытанні: “А што гэта за твор? А гэта мастацкая літаратура ці не?” Я параіў ім самім пачытаць. Але пачаць з “Былога сына”.

 

Насамрэч мастацкіх твораў у мяне няшмат. Люблю чытаць аўтараў, якіх ведаю асабіста. Той жа Антон Кашлікаў, які падараваў мне сваю кнігу. Дарэчы, амаль яе прачытаў, але спыніўся. А адзін невялічкі аповед мне падараваў хлопец, якога я трэніраваў, ­– ён сам яго напісаў. Называецца “Лё jourналь”, аўтар падпісаўся як Мішэль Стаўскі. Гэта аўтабіяграфічнае апавяданне пра звычайнага хлопца, які пасля ўніверсітэта трапляе па размеркаванні ў вясковую школу.

Біяграфічныя творы мне заўсёды чытаць цікавей. Альбо нават творы з выдуманымі, але блізкімі да жыцця героямі. Напрыклад, “Слэм” англійскага пісьменніка Ніка Хорнбі: пра падлетка, які сутыкаецца з жыццёвымі складанасцямі і спрабуе паводзіць сябе як дарослы. А складанасці звычайныя: як яго прымае асяроддзе, аднагодкі; яго каханне, адносіны з дзяўчынай і бацькамі. Звычайныя акалічнасці, якія бываюць у кожнага ў жыцці.

 

“НІКОЛІ НЕ БЫЛО ЖАДАННЯ НЕШТА ПЕРАЧЫТАЦЬ”

Не разумею, навошта перачытваць кнігі. Мяне гэта пытанне даўно цікавіла: з цягам часу я пачынаю забываць прачытанае. І я ўжо думаў, што гэта ў мяне, мабыць, звязана з асаблівасцямі спартыўнага жыцця. Але потым знайшоў людзей, у якіх тая ж праблема, і мне стала лягчэй. Зразумеў, што памяць выкідае пэўныя кавалкі інфармацыі, якія робяцца непатрэбнымі. І ў мяне ніколі не было жадання нешта перачытаць.

Я не маю літаратурнага героя, якога асацыяваў бы з сабой. Але, пэўна, ёсць кніга, блізкая мне на маім шляху, – спартыўным і ўвогуле. Гэта “Чайка Джонатан Лівінгстан”. Не дарма Рычард Бах напісаў у прысвячэнні: “Сапраўднаму Джонатану-Чайцы, які жыве ў кожным з нас”.

.

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцый. Падрабязнасці тут.

   Фота: CityDog.by.

ЧУП «Лабс Паблисити Груп», УНП 191760213

Еще по этой теме:
Что они еще натворили? Тест про писателей-хулиганов и скандалистов
Что читают белорусы: 12 самых популярных книг на Bookmate
25 кніг і аўтараў, каб пачаць разбірацца ў сучаснай беларускай літаратуры
поделиться