Мы паразмаўлялі з мінчукамі, якія перайшлі на беларускую дзеля камунікацыі са сваімі дзецьмі – кажуць, гэта не так і складана.
АЛЕНА
і сын Стэфан
– Я па адукацыі настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Калі мы з маім мужам Паўлюком пазнаёміліся, я адпрацоўвала ў вёсцы. Канешне, на беларускай мове я ўжо тады размаўляла: гэта школа, гэта дзеці і тым больш – гэта вёска. Але ў мяне такі склад розуму: на якой мове са мной размаўляюць, на такой я і адказваю. Таму ў школе я выкарыстоўвала беларускую, у вёсцы, дзе здымала пакой у бабулькі, трасянку (таму што ў вёсцы звычайна размаўляюць на трасянцы), а калі ездзіла ў Мінск да сябровак, размаўляла па-руску. Гэта мая хвароба. Калі мы з мужам вырашылі перайсці на беларускую мову, дзесьці гады тры таму, у яго гэта атрымалася адразу: ён з ўсімі пачаў размаўляць па-беларуску, а я – не. Пры тым ён неяк так на мяне крыўдзіўся – не разумеў, чаму я пераскокваю на рускую мову, хоць беларускай валодаю вельмі добра. Я сама пра гэта шмат думала: бывала, хачу размаўляць па-беларуску, але са мной пачынаюць размову па-руску, а я так і адказваю. Нават зараз для мяне гэта складана. Ну і вось пакуль у нас з мужам сына не было, у сям’і мы размаўлялі па-беларуску, а з сяброўкамі я гутарыла па-руску.
Калі з’явіўся сыночак, імя мы яму абралі беларускае – Стэфан. Вырашылі, што ён будзе такім маленькім беларусікам. Зладзілі яму хрэсьбіны ў стылі беларускай шляхты. Калі Стэфану споўнілася чатыры месяцы, я зразумела: “Так, трэба канчаткова пераключацца на беларускую”, таму што Стэфан хутка будзе разумець словы – тое, што гэта “тата”, а не “папа”, што гэта “бабуля”, а не “бабушка”.
Мая сям’я жыве ў Беларусі, таму няма іншых варыянтаў, акрамя як размаўляць на мове, выхоўваць сына на беларускіх казках і мульціках, навучаць яго багатай беларускай гісторыі, вучыць шанаваць продкаў і ўсё роднае. І вось так я вырашыла са ўсімі размаўляць па-беларуску. Па-першае гэта адбывалася праз вайбер – у мяне там шмат суполак для матуль. Я пачала там пісаць па-беларуску, а рускую клавіятуру ўвогуле выдаліла, каб спакусы не было. Гэта першы час успрымалі складана і задавалі шмат пытанняў. Я не крыўдзілася, усім тлумачыла. Але неяк так атрымалася, што мне ўсё роўна не хапала беларускай мовы – вырашыла стварыць чат для беларускамоўных бацькоў. І, ведаеце, літаральна за суткі дзейнічання нашага чату беларуская мова ў маім жыцці паплыла – напэўна, проста не хапала беларускамоўнага асяроддзя.
Зараз мы ўжо сталі на чаргу ў дзіцячы садок. Паехалі ў “адно акно”, дзе нам далі спіс садкоў. Цікава, што ў гэтым спісе пазначаны кожны басейн, але, калі я спытала, дзе ёсць беларускамоўныя групкі, ніхто не ведаў: нават патэлефанавалі ў аддзел адукацыі, дзе нам адразу нічога не сказалі. Але мы ўжо ведаем, што Стэфан дакладна будзе хадзіць у беларускамоўную групку.
Нядаўна мы даведаліся, што зараз у Ратамцы адчыняецца прыватны беларускамоўны садок. Таму, думаю, пакуль Стэфан падрасце, мы гэтае пытанне вырашым. Раней я хвалявалася, як Стэфан будзе ладзіць свае гульні на дзяцячай пляцоўцы, і менавіта гэта пытанне задала для нашых бацькоў у вайберы. І ведаеце, яны расказалі, што гэта не праблема. Дзеці незалежна ад мовы адзін аднаго на пляцоўцы заўсёды разумеюць – і гульні ў іх добра ладзяцца. Таму я вельмі задаволена – гэта будзе нейкая асаблівасць Стэфана, ён будзе ведаць тое, чаго іншыя дзеткі пакуль не ведаюць.
УЛАД
і дачка Наста
– Са сваёй дачкой Настай я пачаў размаўляць па-беларуску пасля таго, як яна скончыла першы клас. Я наведаў бацькоўскі сход – а школа была звычайная, дастаткова новая, у адным з мікрараёнаў Мінска – і быў жахліва ўражаны абсалютнай нявыхаванасцю і неадукаванасцю дырэктара школы. Я зразумеў, што не хачу, каб дачка вучылася тут. Па-першае – гэта пытанне якасці адукацыі, а па-другое – пытанне было звязана з маёй даўняй любоўю да мовы. Я быў студэнтам на пачатку 90-х, калі беларуская мова ў адукацыі была дастаткова натуральнай. Людзі з задавальненнем выкладалі на беларускай мове, размаўлялі па-беларуску на вуліцах – гэта быў такі першы бум Адраджэння.
Я не памятаю дакладна абставінаў, але гэта было пытанне пэўнай самаідэнтыфікацыі – я зразумеў, што хачу, каб дачка ведала беларускую мову не як замежную, якую вывучаюць два разы на тыдні. Хачу, каб для яе беларуская мова была абсалютна арганічнай і гучала для яе кожны дзень. Вядома, гэта быў пэўны выклік для сям’і і для самога сябе. Але перад вачыма былі прыклады некалькіх людзей, якія паступілі такім жа чынам. Прычым не толькі з беларускай мовай, але і з ангельскай таксама. Вось і я падумаў, што гэта мой пэўны такі бацькоўскі абавязак – менавіта такім чынам размаўляць з маёй дачкой.
Пасля гэтага мы перавяліся ў 23-ю гімназію – там дачка вучылася з другога класа. Адбылася дастаткова дзіўная гісторыя: мы пераводзіліся да канкрэтнага настаўніка, які звольніўся перад пачаткам навучальнага года. Але мы ўсё ж такі зрабілі стаўку на гэтую школу. Пасля быў Ліцэй БДУ. Мова была не столькі мэта, колькі элемент асяродку. Думаю, пэўную ролю яна адыграла і ў адукацыі, і ў нашых сямейных стасунках.
Мая дачка са мной да гэтага часу размаўляе па-руску, і гэта такая дастаткова тонкая сітуацыя. Я спрабаваў некалькі разоў настойваць на тым, каб яна перайшла на беларускую мову ў размове са мной, але гэта выклікала пэўныя пратэстныя рэкцыі. Перш за ўсе таму, што яна ўвогуле не любіць прымусу – прыйшлося зрабіць стаўку на доўгатэрміновасць: на тое, што рана ці позна пэўныя каштоўнасці спрацуюць. У нейкім сэнсе на гэту сітуацыю паўплывала адукацыя: для дачкі беларуская мова – як гульня, нешта штучнае. Вось мы тут пагуляліся з вамі 45 хвілін, а потым на перапынку пагаварым па-руску. Можа, гэта і не адбываецца татальна, але такое часта сустракаецца.
З большай часткай сям’і я размаўляю па-руску, і толькі з дачкой – па-беларуску. Гэта камбінацыя для мяне самога дастаткова складаная – увесь час у абедзвюх мовах існуеш. Але з цягам часу гэта стала натуральным. Дарэчы, я бачу, што пэўная любоў да краіны, пэўныя каштоўнасці ў дачцэ прараслі – гэта ўсё ж такі самавызначэнне чалавека. Дастаткова дзіўна назіраць, як яна ездзіць за мяжу – напрыклад, у Польшчу – і там разумее, што адзіны натуральны шлях камунікацыі – гэта беларуская мова. Таму што так яна хутчэй паразумееца – усё ж такі з палякаімі па-ангельску размаўляць крыху дзіўнавата. Ёсць сітуацыі, якія падштурхоўваюць.
ЖАННА
і дачка Міхаліна, сын Мечык
– Мне падаецца, што неабходнасць выхоўваць дзяцей па-беларуску відавочная. Гэта пытанне, якое не трэба тлумачыць: як тое, чаму столь зверху ці падлога знізу, – гэта проста лагічна. Нармальна ведаць мову той краіны, у якой жывеш – і, адпаведна, гэтую традыцыю падтрымліваць у сям’і. Я наогул пачала размаўляць па-беларуску, калі мне было 16. Гісторыя банальная: начыталася Караткевiча.
Мая дачка Міхаліна пайшла ў садок, калі ёй было 4. Праблем ніякіх не было. Справа ў тым, што ў дзяцей такога ўзросту, як правіла, пачынае працаваць “пераключальнік” у галаве. То бок з нараджэння і да трох год – гэта трошкі такая каша: дзіцёнак яшчэ не разумее, у чым тут справа і праблема, і бярэ словы, якія чуе адусюль. Па сутнасці, гэта такая часцяком трасянка. А з трох год, калі ты нешта патлумачыш дзіцёнку, калі ён сам пачынае разумець, у яго ўключаецца той самы “пераключальнік”: ён разумее, у якім асяродзі размаўляць па-беларуску, а ў якім – па-руску. Міхаліна з гэтым разабралася на працягу двух тыдняў. Яна зразумела, што ў садку па-беларуску не гавораць, у адрозненні ад сям’і. Таму Міхаліна пераходзіла парог дзяцячага садка і казала “Здравствуйте”, пераключаючыся на рускую мову. А вось 1 верасня дачка пайшла ў першы клас 23 гімназіі з беларускай мовай навучання.
Малодшы сын – Мечык – зараз ходзіць у той жа самы садок, у які хадзіла Міхаліна. Звычайны садок у цэнтры горада. Мы яго выбіралі, каб было зручна і камфортна ўсім. У Мечыка пакуль “пераключальнк” не працуе – я лічу, што гэта таму, што ён пайшоў у садок у 3, а не ў 4 гады. І пакуль ён гаворыць так, як хоча. Ён гаворыць па-беларуску больш, але с добрым дамешкам рускіх словаў. Для Мечыка ў гэтым праблемы няма, і ўсе яго таксама ўспрымаюць нармальна. Выхавацелькі праз раз размаўляюць з ім па-беларуску – гэта ўсё ўспрымаецца абсалютна станоўча, ніякіх праблем у нас няма. Я думаю, што яшчэ праз нейкі час у яго таксама пачне працаваць “пераключальнік”.
Негатыўных момантаў, звязаных з мовай, у нас ніколі не было. Нашы дзеткі з нараджэння чуюць дзве мовы, яны ж не ў нейкім ідэальным вакууме выхоўваюцца, таму заўсёды нармальна ўспрымаюць гэтыя дзве мовы.
Аб тым, на якой мове будуць размаўляць дзеці ў будучыні, я не думаю. Я ведаю, як гэта бывае: будзе такі перыяд, калі яны будуць размаўляць па-беларуску толькі ў сям’і, а ў асяроддзі сваіх сяброў будуць абіраць мову ў залежнасці ад таго, якая складзецца кампанія. А гадоў у 16-17 яны зробяць выбар. Але тое, што гэта мова застанецца мовай сям’і – гэта я ведаю дакладна. Ну а па жыцці гэта ўжо будзе залежыць ад таго, куды яны пойдуць вучыцца, якую абяруць спецыяльнасць. Калі гэта будзе нешта тэхнічнае, то я вельмі сумняваюся, што сфера ўжывання беларускай мовы ў іх будзе шырокай. Але так далёка я пакуль не заглядваю.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: архіў герояў.
Только вы кому интересны со своим рабским английским (читай - русским), когда внутри - только набор штампов для того, чтоб в макдаке заказ сделать?
Серость
В моём дворе был выпускник белорусскоязычного детского сада. Другие мальчишки слабо понимали, что он говорил. Частенько домой в слезах уходил.
аналогично знаю случай, когда из мовной школы пацана не перевели в гимназию, так как никто его не понимал
Таму больш такіх артыкулаў, больш гісторый пра паспяховых, шчаслівых беларускамоўных беларусаў!!! :)