“Чаму нехта будзе вырашаць, дзе мне жыць?!” 5 месцаў Лошыцы, якой хутка не стане

“Чаму нехта будзе вырашаць, дзе мне жыць?!” 5 месцаў Лошыцы, якой хутка не стане
Так даўно хацелася сустрэцца з Марынай Адамовіч – адной з самых прыгожых мінчанак з бездакорным стылем і такім вялікім пачуццём годнасці – каб пагаварыць хоць пра што! Але найлепшай тэмай аказалася Лошыца, дзе Марына Адамовіч жыве з дзяцінства.

Так даўно хацелася сустрэцца з Марынай Адамовіч – адной з самых прыгожых мінчанак з бездакорным стылем і такім вялікім пачуццём годнасці – каб пагаварыць хоць пра што! Але найлепшай тэмай аказалася Лошыца, дзе Марына Адамовіч жыве з дзяцінства.

Сустрэчу мы доўга адкладалі, каб застаць Лошыцу ў самую прыгожую пару. І вось нарэшце тэлефаную дамаўляцца.

– Ох, не ведаю, Паўлінка, ці змагу вам што паказваць...

 – ???

– Лошыца стала як чужая, тут нічога майго не засталося.

Выявілася, вуліца з домам Марыны Адамовіч ідзе пад знос. У першым варыянце плана заставалася, але цяпер у план унеслі дапаўненні. Сусед нашай гераіні наклаў планы будаўніцтва на спадарожнікавую карту і пабачыў, што на месцы іх дамоў плануецца веласіпедная дарожка.

– Зараз для будоўлі нешта намасцілі, пусцілі свае страшныя машыны па нашых вулках. Гэта так мярзотна, нібы нехта ў хату вам залез, пакапаўся ў вашых рэчах. Я не ведаю ніводнай краіны, ніводнага горада, дзе б так мэтанакіравана знішчалася прыватная ўласнасць. Па Варшаве прайсціся – там жа лецішчы старыя ў цэнтры гораду стаяць, вакол зялёная агароджа ды і ўсё! На нашай вуліцы дастаткова сціплыя, “фінскія” дамкі. Але, блін, яны мае! Чаму нехта будзе вырашаць, дзе мне жыць!

–  Мы-то маем тое, што нам дасталося ад бацькоў, а людзі тут доўгія гады будавалі катэджы для сваіх дзяцей, унукаў, усё жыццё збіралі грошы, укладалі душу. Цяпер гэта ўсё з крывёю выдзіраць.

Куды мы зараз – у кожнага па некалькі катоў (мікрараён рэгулярна пакідае нам тых няшчасных кацянят), сабакі, куры – куды мы з гэтым усім? А ў суседкі маёй фантастычны сад, яна ўсё гэта так любіць, збірае. І вось да яе прыйшлі, апісалі – “зелёные насаждения”. Сусед кажа: “Вы што, не бачыце, што гэта за “насажденія”?! Тут кожны унікум!”

Я думаю, што гэта, можа, не ўсвядомленая, але вельмі выразная лінія: у людзей не павінна быць уласнасці. Бо гаспадар, уласнік, асабліва ў горадзе, – ён сам пра сябе думае і дбае, нясе адказнасць за тое месца, дзе ён жыве. Гэта зусім іншы ўзровень свядомасці…

Ад скрухі і безнадзейнасці сённяшняга дня ныраем у шчымлівыя лошыцкія гісторыі.

 

Месца №1,спрадвечнае: сядзібы і гаспадары

– Людзі ў Лошыцы жылі спрадвеку. У парку зараз камянямі пазначаны месцы старажытных, тысячагадовых паселішчаў. Тут, на луцэ ракі, вельмі зручнае і абароненае месца.

Ёсць легенда, што назва Лошыца звязана з імем Усяслава Чарадзея: нібы конь (“лошадь”) вынес  ягонага рыцара, параненага ў цяжкім баі, да выгіну ракі. І ад гэтага каня-выратавальніка пайшла назва.

Гэта такая трохі няўклюдная версія, але прыемна думаць пра сувязь Усяслава Чарадзея з Лошыцай. А паводле іншай канцэпцыі, назва Лошыца ўзнікла ад таго, што некалі ў гэтых рэчках вадзіліся ласосі.

Магчыма, назва Лошыцы звязана з балцкім словам “laša” – “кропля”.

Дзесьці з 15 стагоддзя тут ужо існавалі сядзібы. Прычым у 1577 годзе вядома некалькі Лошыц –маёнтачкаў, названых па прозвішчах уладальнікаў: Лошыца-Талачынская, Лошыца-Гарнастаеўская, Лошыца-Сухая. Самымі гучнымі ўладальнікамі былі Друцкія-Горскія. А той Лошыцай, якая за чыгунках, бліжэй да Курасоўшчыны, некалі валодалі нават Радзівілы. І ўсё гэта пераходзіла з рук у рукі, перадавалася па спадчыне, прадавалася...

А самым яркім быў адзін з апошніх уласнікаў Яўстафій Любанскі: вельмі энергічны, апантаны чалавек, прадвадзіцель дваранства, кіраўнік менскага велаклуба (ледзь не штотыдзень ён ладзіў у Лошыцы роварныя спаборніцтвы), сябра сельскагаспадарчага таварыства... Менавіта ён зрабіў Лошыцкую сядзібу такой, якой мы яе ведаем.

Гэту зямлю аблюбавалі не толькі паны. У даваенныя часы тут стварылі філіял Усесаюзнага інстытута раслінаводства, якім кіраваў Мікалай Вавілаў, – геніяльны батанік і генетык, што загінуў у сталінскіх лагерах.

Даследаванні вяліся ў Лошыцы і пасля вайны. Месца, дзе я жыву, – пасёлак вучоных, бо вялікую частку насельніцтва складалі работнікі якраз тых самых навукова-даследчых інстытутаў.

Завулак Лошыцкі – асноўная вуліца навуковага пасёлка. У нас было багата акадэмікаў, прафесараў, дактароў навук. Многія мелі свае кавалкі саду, градкі, цяпліцы там, дзе цяпер мікрараён Лошыца.

Напрыклад, адзін з нашых суседзяў, прафесар Дзявятаў, распрацоўваў нізкарослыя прамысловыя сарты яблыкаў (у дзяцінстве нам, канечне, яны падаваліся абсалютна жахлівымі). Пшаніца, якую цяпер вырошчваюць у Беларусі, – лошыцкай селекцыі.

– Таксама ў Лошыцы, за прыватным сектарам, быў буйны пітомнік бэзу, ніжэй плантацыя півоняў, далей арэшніка, а яшчэ далей ружаў. У пітомніку рос бэз лошыцкай селекцыі, ён быў такі буйны, што на кустах былі бачныя толькі кветкі, лісткоў нават не было! Бэзавую плантацыю закінулі, і я там цяпер нават не хаджу – мне туды цяпер проста не хочацца, там такая разруха.

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, бэзавай плантацыі пры завулку Лошыцкім не стала.

 

Месца №2, таямнічае: парк

Спадарыня Марына пайшла з намі тымі сцежкамі, якімі хадзіла ў дзяцінстве.

– У Лошыцы надзвычайная зямля: не так даўно прачытала, што тут 32 ці 33 віды глебаў. Нядзіва, што ў парку Інстытут раслінаводства зрабіў вопытныя дзялянкі. Мы часам улетку на іх працавалі, і гэта, скажу я вам, былі імяніны сэрца.

У парку, якраз там, дзе потым выявілі старажытнае паселішча, былі дзялянкі агрэсту: зялёнага, мядовага, рознага. Тут быў велізарны сад – цяпер ён частка парку, дзе раслі мясцовыя, раяніраваныя чарэшні, вішні, іншыя пладовыя дрэвы, розныя гатункі маліны, а недалёка ад нашай хаты была плантацыя чорных парэчак. І што мы любілі страшна – гэта плантацыя лошыцкіх клубніц.

Усе сады, усе дзялянкі былі агароджаныя сеткай, а таксама калючымі кустарнікамі: кашкай (гэта глог мы так называлі), барбарысам ... Гэта былі такія таямнічыя сценкі, і патрапіць на тую загароджаную тэрыторыю было цэлай падзеяй, сапраўднай прыгодай.

“Камянямі абазначылі месцы паселішчаў з 10 і да 17 стагоддзяў, яны былі незалежныя адно ад аднаго. У такім месцы, на высокім беразе добра жыць – ёсць адчуванне бяспекі і абароненасці”.

“У мінулым годзе быў вялікі ўраджай яблыкаў, і нават позна ўвосень, перад Калядамі, тут столькі птушак яшчэ лёталі, сілкаваліся”.

У лошыцкім парку шмат рэдкіх дрэваў. Тут такія назвы, што мы з вамі і не чулі: лістоўніца Кемпфера, лістоўніцы сібірская, еўрапейская, сасна веймутава, сасна чорная і нават манчжурскі абрыкос. Да гэтай разнастайнасці спрычыніўся Яўстафій Любанскі – чалавек, які зрабіў Лошыцу адным з самых любімых месцаў мінскай публікі.

Старых дубоў тут засталося няшмат, іх знішчылі маланкі, навальніцы. Яшчэ жывуць лістоўніцы і ліпы, прычым вельмі старыя – па 250 гадоў. Калі парк пачалі добраўпарадкоўваць, то не захавалі, не падбалі пра многія дрэвы, і яны загінулі.

–  У нашу школу, 59-ю, на Камвольным камбінаце, мы хадзілі па яловай алеі (улезці ў аўтобус  у той час было цяжка). Ад яе ўжо нічога не засталося, дакладней, засталося, але толькі не елкі. Алея была змрочная, а ўздоўж яе паміж дрэвамі ішла сцежка – вытаптаная, парослая старым карэннем, аб якое мы спатыкаліся.

Было ў парку яшчэ адно месца – наша дзіцячая таямніца. На схіле, над старыцай – старым рэчышчам Свіслачы – увесну распускаліся блакітныя пралескі. Для нас было дзівам – пралескі ў горадзе, насупраць нашай школы! Штовесну мы хадзілі на іх любавацца.

Успамінаю, што ў маім дзяцінстве мінскія дзеці расказвалі шмат баек пра маньякаў з Лошыцкага парку.

– Быў адзін страшны выпадак, - кажа спадарыня Марына, - калі вар’ят напаў і зарэзаў жанчыну, якая ішла з працы. Але больш нічога такога не здаралася. Для тых, хто тут не жыў, парк здаваўся змрочным, таямнічым. Але мы, тутэйшыя, яго не баяліся.

Наша гераіня вядзе нас да месца трагічнага і асабіста важнага.

– Тут заўжды быў такі змрочны, зарослы, таямнічы, з высокімі травамі кавалачак парку. Гэта месца трагічнае, тут немцы расстрэльвалі мясцовых жыхароў, вось ім стаіць помнічак. Таксама тут ляжаць савецкія салдаты.

Вы ведаеце, якімі “таленавітымі” былі савецкія палкаводцы. Салдат не шкадавалі. А немцы заўжды адступалі лішнія тры кіламетры, каб умацавацца на вышыні, на месцы, дзе зручна абараняцца. І вось уявіце: стромкі высокі бераг Свіслачы, на ім немцы, а знізу, ад ракі, дзе ўсё відаць і ўсё прастрэльваецца, наступаюць саветы.

Пры наступе загінула многа салдат. Гэта для мяне балючая рэч, бо ў маім дзяцінстве пад помнікам былі сапраўдныя магілкі. А потым усё зрабілі пад каточак і плітачкай. Зараз, каб падысці да помніка, трэба прайсці па магілках. Усё зрабілі прыемна, прыгожа, але без душы.

У пачатку 90-х у парку было класна: у нейкія выходныя на адной з палян раптам з’яўляліся намёты, і пачыналіся рыцарскія турніры, іх арганізоўвала светлай памяці Арына Вячорка. Рыцары бразгалі мячамі, часцяком праводзіліся святы народных рамёстваў, у якіх было больш жыцця, чым у цяперашніх.

Зараз тут пікнікі, шашлыкі, бываюць канцэрты. Пліткай усё закладзена. Людзям падабаецца. Але тое зачараванне, тую мілату, якую меў гэты парк, ужо не вярнуць. Не хочацца быць хамкай, але для мяне ён ператварыўся ў аграгламур. Хоць, мажліва, я проста старая зануда.

 

Месца №3, трагічнае: сядзіба

– У цэнтры парку – сядзібны дом у стылі так званага рускага мадэрну. Аднапавярховая частка – самая старая, 18 стагоддзя, а двухпавярховая – ужо 19-га, яе будаваў граф Любанскі. Бачыце, блішчыць крайняя ніжняя шыба ў акне?..

Падыходзім паглядзець.

Яўстафій і Ядзвіга Любанскія – апошнія жыхары лошыцкай сядзібы.

– Апошні ўладальнік, памешчык Яўстафій Любанскі, у 37 гадоў ажаніўся з 20-гадовай прыгажуняй Ядвігай, дачкой мазырскага старасты Кеневіча. Яна была музай Любанскага на працягу ўсяго жыцця, і ўсё, што ён рабіў, ён рабіў для яе.

Ядзвіга была вельмі прыгожая, бясконцая колькасць мужчын былі ў яе закаханыя. Пачалі хадзіць плёткі пра яе раманы з графам Чапскім, графам Мусіным-Пушкіным...

Аднойчы, калі ў доме было гучнае свята, Любанскі прыраўнаваў жонку, яны пасварыліся, і Ядзвіга сышла з дому. К вечару яна не з’явілася, і калі яе сталі шукаць, то знайшлі цела жанчыны ў рэчцы. Па легендзе, знайшлі яе насупраць гэтага самага акна, і Любанскі загадаў акно замураваць. І на маёй памяці яно заўжды было замураванае і закрытае.

А недалёка ад яго, на схіле, расце магнолія, якую Любанскі прывёз ледзь не з Японіі для сваёй Ядзвігі. Яна цвіце тады, калі тут нічога яшчэ не цвіце, – вялікімі белымі кветкамі.

Любанскі не здолеў усё гэта перажыць: з’ехаў, нікому нічога не сказаўшы, на Каўказ і недзе там памёр. А Ядзвіга засталася тут, у капліцы, у фамільным пахаванні Прушынскіх. Ёсць паданне, што Любанскі забальзамаваў цела Ядзвігі, яна ляжала ў свінцовай труне, і нібыта было акенца, праз якое муж  мог на яе глядзець.

Але ж капліцу бальшавікі благапалучна парабавалі , знішчылі ўсе пахаванні. Парэшткі нібыта перапахаваныя, але ж ніхто не ведае дзе.

Падчас рэстаўрацыі сядзібу перабралі па бярвенчыку, старое бярвенне вывезлі, аўтэнтычнай засталася толькі каменная частка. З нейкіх прычын рэстаўратары цалкам памянялі колеравую гаму гэтага будынку. На маёй памяці сядзібны дом быў белы з чырвоным дахам. Тут быў корпус Інстытута аховы раслін, і ў дзяцінстве нам пару разоў пашчасціла сюды патрапіць (тут працавала мама маёй сяброўкі). Мы на свае вочы пабачылі гэтыя кафляныя печы, гэтыя каляровыя мазаікі...

А ўнізе, у падвалах (мы туды ледзь не паўзком падпаўзалі) у спецыяльных ёмістасцях лёталі мошкі-дразафілы, на якіх навукоўцы, мусіць, вывучалі біялагічныя спосабы барацьбы са шкоднікамі. Памятаю, як шмат было гэтых мошак, нас так уразіла! – усміхаецца наша гід.

“Пасля вызвалення Беларусі менавіта сюды, у сядзібу, здавалі справы камандзіры партызанскіх атрадаў, і менавіта тут вызначалі, хто герой, а каго ў турму”.

“У сядзібе цяпер музей, а ў флігелі, у доме ўпраўляючага, – музейная каса, на другім паверсе выставачная зала. За домам была драўляная лесвіца да саджалкі, яна не захавалася. Але яе можна пабачыць у кіно: на гэтай самай лесвіцы здымалі эпізоды фільма “Корцік””.

– Гаспадарчы двор – таксама частка сядзібы, але ён застаўся без рэстаўрацыі. Некалі быў цудоўны план, што гэтыя будыначкі будуць адноўленыя, і ў іх будзе сапраўдны, жывы цэнтр народных рамёстваў.

У гэтых дамах: чатырохпавярховай вінакурні, на млыне, у іншых гаспадарчых пабудовах, зусім не прыстасаваных да жыцця –  да 70-х гадоў жылі людзі. Драўляная лесвіца вяла на другі паверх, былі асобныя ўваходы, да якіх ішлі драўляныя лесвічкі...

Вінакурня для свайго часу была перадавая. А за гэтай вінакурняй у савецкі час пры саўгасе існавала вытворчасць пладова-ягадных вінаў – то бок традыцыя вырабу алкаголю ў Лошыцы не перарывалася!

А ў будынку насупраць у савецкі час чаго толькі ні было: і гадзіннікавая майстэрня, і абутковая, і крамкі! А так гэты дамок вельмі нагадвае старожку. Цалкам можа быць, што адзін стораж жыў ля параднага ўезда (у той старожцы цяпер кавярня), а другі на рацэ.

 

Месца №4, маляўнічае: вада

У раёне вельмі многа вады. За адсутнасцю Менкі і Нямігі ды нялічачы паўмёртвую Пярэспу, Лошыца – адзінае месца ў горадзе, дзе бачыш фантастычнае відовішча: дзве плыні зліваюцца ў адно, Лошыца ўпадае ў Свіслач.

– Стромкія берагі ў нашых рэчачак, што ў Свіслачы, што ў Лошыцы, – усміхаецца спадарыня Марына. – Дзякуй Богу, эканамічны крызіс прывёў да таго, што Свіслач стала чысцейшай, бо ў маім дзяцінстве па Свіслачы плавалі масляныя плямы. Потым гэтым пачалі адмыслова займацца, у тым ліку і татка мой займаўся аховай Свіслачы – ён працаваў начальнікам па ахове прыроды Мінскай вобласці.

Раней рэчка была вузейшая, пакручастая, а ўздоўж рэчкі, апусціўшы галінкі, раслі вербачкі. Да адной, нашай любімай, была прывязана немаведама чыя лодка, ў якой мы любілі сядзець, абмяркоўваць нашы дзявочыя сакрэты, а некалі ўдавалася ў гэтай лодцы і паплаваць.

Рэчка была брудная, а вось у саджалцы каля млына купаліся, хоць і рэдка. Кожны мой заход у саджалку заканчваўся нейкай траўмай: то на шкло наступлю, то  каленкай па шкле праедуся. А брат са сваім сябрам некалі знайшлі дзіравую лодку, і ледзь не патапіліся на той саджалцы – мама своечасова схамянулася.

Лошыцкая саджалка існуе вельмі даўно, на ўсіх старых планах і ў апісаннях маёнктаў яна ёсць. Яна заўжды была вельмі маляўнічая, вербы, таполі з усіх бакоў. Хадзіць-гуляць тут было адно задавальненне. Вельмі таямніча і рамантычна заўжды выглядаў і астравок на сажалцы (зараз ён вытаптаны, даруйце, як выган). Мастка да яго не было, толькі рыбачкі маглі пранікнуь на гэту тэрыторыю.

У ранейшых дакументах успамінаецца, што сажалак было дзве, але ў пачатку 20 стагоддзя ўжо была толькі адна. У мяне ёсць версія, дзе магла быць другая: на маёй памяці невялічкая забалочаная сажалачка была ў парку, дзе цяпер замасцілі сцэну. А на месцы амфітэатра былі тэраскі, як на ўсходзе, у гарах! І на гэтых тэрасах людзі, якія жылі паблізу, у млыне, нешта саджалі!

Ёсць у нас у Лошыцы і крынічка. Раней людзі прыходзілі сюды з вёдрамі па ваду. Я дапускаю, што гэта тая крыніца, да якой параненага рыцара тысячу гадоў таму прывёз конік. Мне так прыемна думаць, – смяеца наша гераіня.

 

Месца №5, вуліца Чыжэўскіх

Гэта вуліца – апошняе, што застанецца ад старой Лошыцы са стромкімі берагамі і высокім небам. Пад ёй ішоў гістарычны Ігуменскі тракт – дарога з Мінска на поўдзень, да Чорнага мора.

Сярод старых хатак – нечаканы помнік.

– Гэта месца, дзе за 7 месяцаў да вызванення Мінска, на каталіцкае Раство 1943-га былі павешаныя маці ды дачка Чыжэўскія і маладая дзяўчына, студэнтка-медык Надзея Маісеева. Яны зрабілі няўдалую спробу забіць генеральнага камісара Беларусі фон Готберга. Бомба была падкладзена ў печку сядзібы, але яе знайшлі. Праз паўтара месяца жанчын павесілі тут, на Лошыцкай плошчы: спярша дачку Алену, пасля яе маці Марыю, потым Надзею.

У Лошыцы ёсць і яшчэ адно месца смутку: за тры крокі ад Ігуменскага тракта – месца расстрэлаў Лошыцкі Яр. Гэта другія-трэція-пятыя-дзясятыя Курапаты. На маёй памяці на месцы расстрэлаў стаяў крыж. Але цяпер гэта месца разаралі, разраўнялі і зрабілі там гаражы, да крыжа дамы падступаюць. З часу расстрэлаў прайшло 80 гадоў, а Яр ніяк не абазначаны. Я здзіўляюся і не магу зразумець, чаму ўсе нашы ўлады заўжды атаясамляюць сябе з катамі, а не з ахвярамі.

Шэсце да Лошыцкага Яра на Дзяды ў 2015 годзе.

Па ўзбочыне ідзём на прыпынак адзінага тутэйшага  аўтобуса №102. Пры дарозе – маштабныя руіны са старой чырвонай цэглы.

– Гэта быў жылы дом, прынамсі, я яго памятаю жылым. Але таксама ў ім месціўся клуб, пошта, а прыбудовачка – гэта кінабудка, адкуль круцілі кіно. Дом, канечне, старадаўні, таго ж часу, што і сядзіба, але пра яго нідзе ніколі не ўзгадваюць. Магчыма, першапачаткова гэта была карчма –стаяла на выездзе з горада на Ігуменскім тракце.

Старая брукаванка дзе-нідзе праглядае праз асфальт.

 

СМАК РАЁНУ

Духмяныя, сакавітыя лошыцкія клубніцы. Летам нас, дзяцей, бралі на працу збіраць гэтыя ягады. Клубніцы збіраліся ў маленькія лубяныя кошачкі. Мы павінны былі падысці да загадчыцы і ўзважыць гэтыя кошачкі, потым выбіралі па некалькі ягад, мералі нейкім чынам. Лішне казаць, як мы наядаліся – калі гэтыя ягады ўжо нікуды не лезуць. Я з тых часоў такіх буйных ягад і не бачыла.

КОЛЕРЫ РАЁНУ

Вось перад вамі – гэта колеры неба і вады. А менавіта зараз колер раёну – яшчэ і бэзавы. Цяпер бэзавы час, ужо перацвіло ўсё белае, чырвонае, жоўтае, застаўся цвісці бэз усіх адценняў, а таксама вадазбор ружова-блакітны, цыбуля такая высокая, што цвіце бэзавымі шарыкамі...

ПАХІ РАЁНУ

Для мяне гэта пах чаромхі. Мой сын Юрка нарадзіўся 8 траўня, і заўсёды, які б ні быў год – на Дзень нараджэння майго сына цвітуць цюльпаны і чаромха. Чаромхі па берагах Свіслачы заўсёды было багата.

ГУКІ РАЁНУ



Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

   Фото: CityDog.by.

Еще по этой теме:
Камароўка: 5 месцаў былога самага крымінальнага раёна Мінска
Лібкнехта і Волаха: 5 месцаў раёна паказвае неверагодная супрацоўніца Купалаўскага
5 месцаў Зялёнага Лугу: “Тут ёсць помнік, якому 15 тысяч гадоў”
поделиться