Куды пайсці ў выхадныя 12–14 мая ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Тбілісі і Празе

Куды пайсці ў выхадныя 12–14 мая ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Тбілісі і Празе
Не паспелі скончыцца вялікія выхадныя, як хутка ўжо будуць і наступныя. Сабралі для вас цікавыя мерапрыемствы ў розных краінах для якаснага адпачынку і падрыхтоўкі да новага працоўнага тыдня.

Не паспелі скончыцца вялікія выхадныя, як хутка ўжо будуць і наступныя. Сабралі для вас цікавыя мерапрыемствы ў розных краінах для якаснага адпачынку і падрыхтоўкі да новага працоўнага тыдня.

МІНСК

Чацвер–нядзеля: даведайцеся шмат цікавага пра Галактыку і яе насельніцтва


11–14 мая.

Планетарый (вул. Фрунзэ, 2 – парк Горкага).

Кошт: чацвер і пятніца – бясплатна, субота і нядзеля – 6 руб.

Мінскі планетарый запрашае на прэм’еру фільма «Галактыка і яе насельніцтва». Першыя два паказы будуць бясплатнымі!

Галактыка Млечны Шлях – гэта зорная сістэма, у якой мы жывём. Вывучаць яе нялёгка, паколькі мы знаходзімся ў сярэдзіне. Калі не бачыць Галактыку збоку, складана ацаніць яе памеры, форму, колькасць зорак. Тым не менш за гады даследаванняў навукоўцам удалося гэта зрабіць. Фільм ствараўся з улікам найноўшых навуковых даных.

Пятніца: паглядзіце кіно ў музеі

12 мая, 19:00.

Музей З. Азгура (вул. Азгура, 8).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope ў рамках кінаклуба «Анталогія» вяртае на экран культавыя фільмы сусветнага кінематографа. У пятніцу можна будзе паглядзець Vertigo (1958) Альфрэда Хічкока.

Скоці Фергюсан з-за страху вышыні пакідае працу ў паліцыі Сан-Францыска. Стары сябар Гевін Элстэр просіць яго прасачыць за сваёй жонкай, Мадлен (Кім Новак), якая пакутуе ад неўратычнай цягі да самагубства. Скоці згаджаецца дапамагчы прыяцелю, не ведаючы, што жанчына, за якой ён сочыць, ведае пра яго місію і выконвае адведзеную ёй ролю ў ідэальна спланаваным злачынстве.

Субота: схадзіце на кірмаш па натуральныя прадукты ад нашых фермераў

13 мая, з 11:00 да 15:00.

Lidbeer Dvor (вул. Кульман, 1/2).

Уваход: вольны.

Штосуботу ў Lidbeer Dvor праходзіць фермерскі рыначак «Усё сваё», дзе збіраюцца лакальныя рамеснікі і прадаюць свае смачныя натуральныя вырабы. Можна знайсці хлеб, мяса і каўбасы, сыры і малочку, смакоцце і выпечку, натуральныя алеі і шмат чаго яшчэ.

Субота: паглядзіце спектакль пра каханне

13 мая, 18:00.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Білеты: 20 руб. (тут).

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў паўтараюць спектакль «Медэя». Гэта інтэрпрэтацыя аднайменнай п’есы Жана Ануя – гісторыя пра каханне, якое часам прымушае нас пакутаваць. Мы не хочам прымаць, рэальнасць якая нас палохае. Адна частка нас прагне пакуты, другая ўсё разумее і жадае супакоіцца.

Усе выхадныя: паспейце на выставу твораў навучэнцаў школ мастацтваў

Да 14 мая.

Галерэя Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15).

У галерэі Міхаіла Савіцкага працуе кароткатэрміновая выстава твораў навучэнцаў школ мастацтваў «Мінск: учора, сёння, заўтра» па выніках адкрытага конкурсу выяўленчага мастацтва, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Можна паглядзець на Мінск вачыма мастакоў-пачаткоўцаў.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Неба і зямля Аляксандра Кішчанкі»

Да 9 ліпеня.

Мастацкі музей (вул. К. Маркса, 24).

У Мастацкім музеі адкрылася выстава «Неба і зямля Аляксандра Кішчанкі», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння мастака.

На экспазіцыі можна пабачыць творы жывапісу, ткацтва, дакументы (фатаграфіі, публікацыі), прадстаўленыя сям’ёй мастака, а таксама калекцыі, якія належаць Нацыянальнаму мастацкаму музею.

Усе выхадныя: адпраўцеся ў падарожжа па Беларусі

Любы дзень.

Розныя куткі краіны.

Калі не хочацца сядзець у горадзе, выпраўляйцеся ў падарожжа па Беларусі. Тут як раз беларуская рэжысёрка Кацярына Маркавец параіла 5 файных месцаў, дзе варта пабываць, і расказала шмат цікавых гісторый, якія ў гэтых месцах адбыліся. Пачытайце і сплануйце маршрут!

Усе выхадныя: парадуйце сябе смачным і карысным

Кожны дзень.

Дома.

Усе мы апошнім часам моцна стрэсуем. Ад гэтага, бывае, забываемся пра такія звычайныя фізіялагічныя патрэбы, як добрая ежа. У выніку не атрымліваем неабходных рэчаў і адчуваем сябя яшчэ больш дрэнна.

Вось тут мы пагутарылі з псіхалагіняй, гештальт-тэрапеўткай Марынай Прохаравай, якая расказала, як вярнуць сабе апетыт. У артыкуле ёсць і простыя рэцэпты, якія не адбяруць шмат часу, але дакаладна парадуюць сваім смакам.

ВАРШАВА

Пятніца: схадзіце на прэзентацыю кнігі вершаў

12 мая, 18:00.

«Беларускі моладзевы хаб» (plac Konstytucji, 6).

Уваход: вольны.

У пятніцу адбудзецца прэзентацыя кнігі вершаў Артура Камароўскага Corpus Vile. Гэта ўжо другі зборнік аўтара, які выйшаў у 2023 годзе ў выдавецтве Skaryna. У кнізе аўтар працуе з такімі тэмамі, як цялеснасць, гендар, сексуальнасць, мова, радзіма, і спрабуе знайсці адказы на пытанні, як яны звязаны адно з адным і што вынікае з такой сувязі.

Пятніца: купіце білет на канцэрт спявачкі Iva Sativa

12 мая, 20:00.

Odessa Club (ul. Kolejowa, 8/10).

Білеты: загадзя – 80 злотых, на ўваходзе – 100 злотых.

У пятніцу ў Варшаве дасць канцэрт этна-хіп-хоп-спявачка, аўтарка песень і проста вядзьмарка Iva Sativa. Будзе шматмоўны фолк-хіп-хоп з беларускімі народнымі матывамі – не прапусціце!

Усе выхадныя: завітайце на персанальную выставу мастачкі Надзі Букі

Да 18 мая.

«Беларускі моладзевы хаб» (plac Konstytucji, 6).

Уваход: вольны.

На першым паверсе «Беларускага моладзевага хаба» працуе персанальная выстава мастачкі Надзі Букі «Адраджэнне».

На экспазіцыі прадстаўлены працы, выкананыя ў розных тэхніках і напісаныя мастачкай у розныя часы. Карціны насычаны яркімі фарбамі і вясной – схадзіце натхніцца.

ЛЮБЛІН

Пятніца і субота: пабывайце на спектаклі тых самых Купалаўцаў

12 і 13 мая, 18:00.

TVP Oddział Terenowy (ul. Raabego, 2).

Білеты: 30 злотых (тут).

Калі ў Варшаве сядзець надакучыла, з’ездзіце ў Люблін – можна будзе і па старым горадзе прагуляцца, і файны спектакль Купалаўцаў паглядзець.

У пятніцу і суботу яны сыграюць «Гусі-людзі-лебедзі» паводле адной з частак рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» (мы глядзелі – вельмі файны!).

ВІЛЬНЮС

Субота: запішыцеся на майстар-клас па традыцыйных рамёствах

13 мая, з 16:30.

Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча (ul. Vilniaus, 20).

Удзел: бясплатны (рэгістрацыя).

У суботу Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча ладзіць тры майстар-класы па традыцыйных рамёствах: птушка з саломы, вышыўка ахоўнага арнаменту процягам і выраб традыцыйнай тэкстыльнай лялькі.

Усе матэрыялы дадуць на месцы. Майстар-класы разлічаны на дарослых, але могуць удзельнічаць і падлеткі ад 11 гадоў. Колькасць месцаў абмежавана, таму не забудзьце зарэгістравацца.

Субота: зляпіце свой уласны кубачак

13 мая, 18:00.

CreateСulture space (Karmelitu g., 5).

Кошт: 35 еўра.

 

У суботу беларусаў Вільнюса клічуць вучыцца ляпіць з гліны ўласныя кубачкі. Матэрыялы і неабходныя веды дадуць на месцы. З вас – толькі сабраць валасы і апрануцца ў адзенне, якое не шкада запэцкаць.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе Яўгена Шадко і Сяргея Грыневіча

Да 30 мая.

GODO (Malūnų str., 6а).

Уваход: вольны.

Мінская галерэя «ДК» сумесна з вільнюскай GODO адкрыла ў Вільнюсе выставу «Дыялогі». Гэты праект – размова двух выдатных беларускіх сучасных мастакоў: Яўгена Шадко і Сяргея Грыневіча.

Першы ў сваіх творах часцей за ўсё робіць акцэнт на асобах і частках цела. Серыя партрэтаў прадстаўляе характары, застылыя ў часе, у імгненні. Анатамічныя часткі цела часта ссоўваюцца, відазмяняюцца, фрагментуюцца; чалавек на карціне існуе ў розных сітуацыях і адначасова.

У творах другога спалучаюцца рэалістычныя і абстрактныя прыёмы. Карціны запамінаюцца каларытнасцю і нестандартнай кампазіцыяй.

ТБІЛІСІ

Нядзеля: не прапусціце канцэрт Светы Бень і Галі Чыкіс

14 мая, 20:00.

Dust (Nikoloz Baratashvili St., 2).

Білеты: 60 лары (тут).

Света Бень (экс-«Серебряная свадьба») і Галя Чыкіс (Chikiss) упершыню дадуць канцэрт у Тбілісі. Будзе прэзентацыя альбома «ПРИЕМ!».

ПРАГА

Пятніца: схадзіце на канцэрт Змітра Вайцюшкевіча

12 мая, 19:00.

Club 007 – Strahov (Chaloupeckého, 1903/6).

Білеты: 400 крон на ўваходзе, дзецям да 7 гадоў – бясплатна.

 

У пятніцу ў Прагу прыбывае любы многім беларусам бард Зміцер Вайцюшкевіч. Абяцае песні, гутаркі ды лямпавы беларускі нетворкінг. Білеты можна будзе набыць на ўваходзе.

#Варшава #Минск #Беларусь #Вильнюс
поделиться