«Калі вам здрадзілі – можна за секунду перастаць быць ахвярай». Спецыялістка тлумачыць, чаму здрада – не падстава для разводу

«Калі вам здрадзілі – можна за секунду перастаць быць ахвярай». Спецыялістка тлумачыць, чаму здрада – не...
Як выняць з сябе боль, калі вы лічылі партнёра (партнёрку) ідэальным (ідэальнай), а аказалася – ён (яна) вам здраджвае. Як мы самі штурхаем сваю палову да здрады, пры чым тут сексуальныя фантазіі і ці можна цалкам задавальняць адзін аднаго ў пары – пра гэта CityDog.io расказала псіхалагіня Наталля Аліфіровіч.

Як выняць з сябе боль, калі вы лічылі партнёра (партнёрку) ідэальным (ідэальнай), а аказалася – ён (яна) вам здраджвае. Як мы самі штурхаем сваю палову да здрады, пры чым тут сексуальныя фантазіі і ці можна цалкам задавальняць адзін аднаго ў пары – пра гэта CityDog.io расказала псіхалагіня Наталля Аліфіровіч.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Манагамія – форма эгаізму?

Наталля Аліфіровіч

псіхалагіня

– Мы зараз жывём у мультыкультурным свеце, дзе штосекундна сутыкаецца вялізная колькасць розных поглядаў на жыццё, розных каштоўнасцей, спосабаў уладкавання сям’і. І кожнаму трэба будзе адказаць на пытанне: а якога жыцця хачу я?

Вавілонскае змешванне разнастайных стыляў сямейнага пражывання прывяло да таго, што мы маем справу з вельмі рознымі поглядамі на здраду. На Усходзе да гэтага часу забяспечаны мусульманін можа жыць з чатырма жонкамі. Але часта, нягледзячы на тое, што гэта культурна ўхвалены спосаб жыцця і саюз, першыя жонкі пакутуюць і перажываюць гэтак жа моцна, як і заходнія жанчыны, якія даведваюцца пра здраду мужа.

Размова пра чужы эгаізм – хутчэй, спосаб апраўдаць жаданне, каб іншы жыў па маіх правілах. Людзі ўладкаваны па-рознаму: ёсць невялікі працэнт сем’яў, дзе муж і жонка адзін аднаму ні разу не здрадзілі. Для іх найважнейшае ў пары – стабільнасць. Думаю, з гадамі працэнт такіх сем’яў будзе змяншацца.

Мы жывём у часы ўсяго аднаразовага: за сезон старэюць рэчы, фільмы, тэндэнцыі, звязаныя з харчаваннем і знешнім выглядам, манерай зносін. Калі мы жывём у такім грамадстве спажывання, мы таксама не можам не ставіцца да раней непарушных ісцін як да нечага такога, што прамінае. Гэта датычыцца і шлюбу.

Чаму людзі здраджваюць? Часцяком мы самі штурхаем партнёра (партнёрку) да здрады

– Здрада была ва ўсе часы. Мы не ўніверсальныя і не можам задавальняць усе патрэбы адзін аднаго, у тым ліку сексуальныя. Сексуальная сфера – тонкая матэрыя, у кожнага з нас ёсць сексуальныя фантазіі. Успомніце зараз сваю любімую фантазію, якая мацней за ўсё ўзбуджае. Ці можаце падзяліцца ёю з партнёрам (партнёркай) і ці можаце задаволіць яе з ім (ёй)?

Вельмі многія фантазіі – гэта фантазіі пра секс з незнаёмцам (незнаёмкай), пра ідылічнае спатканне, нават пра згвалтаванне. Яны, хутчэй, могуць быць задаволены з кімсьці іншым, а не з мужам ці жонкай. Бываюць фантазіі на тэму лёгкага БДСМ: партнёр (партнёрка) вас звязвае, дамінуе. Муж ці жонка часта такое могуць не зразумець. Магчыма, калі ім адкрыцца, яны палічаць вас не зусім нармальным, таму вы аддаяце перавагу займацца дастаткова прыемным сексам і нічога не мяняць гадамі.

Пры гэтым шлюбны секс можа быць манатонным і аднастайным – сумным, як ранішняя гімнастыка па старым савецкім радыё. Але вы задаволены сваім жыццём і хочаце жыць з сужэнцам (жонкай) далей, таму не разважаючы кладзяце на алтар шлюбу невялікую «ахвяру»: адпраўляеце сексуальную сферу на апошняе месца ў спісе інтарэсаў.

Бывае, што жонка вельмі хоча здрадзіць мужу, але не дазваляе сабе гэтага. Гэта жаданне яна праецыруе на мужа і паводзіць сябе з ім так, быццам ён ёй ужо здрадзіў, што ў канчатковым выніку і адбываецца.

Прычыны здрады могуць быць абсалютна несексуальнымі, фактары, якія прыводзяць да здрады, бываюць банальнымі: нуда і руціна сямейнага жыцця, канфлікты і супярэчнасці. Калі мы пакрыўджаны, злуёмся, нічога не можам даказаць нашаму партнёру (нашай партнёрцы), то часам здрада – «добры» спосаб пакараць яго ці яе.

Часам людзі здраджваюць з цікаўнасці, з цікавасці. Асабліва тыя, «якія ў кожную дзірку залезуць»: энергічныя, дапытлівыя мужчыны і жанчыны. І калі яны не задавальняюць сваю актыўнасць і дапытлівасць у прафесіі і ў іх захоўваецца цікавасць да сексуальнай сферы – то, зыходзячы са свайго жадання атрымаць эфект навізны, яны могуць проста спрабаваць: як гэта – па-іншаму? «Хай гірша, але інша».

Гэта можа быць спроба прыцягнуць увагу, калі чалавек не можа сказаць словамі, але дзеяннямі паказвае: раз ты са мной так – то і я з табой так. Гэта можа быць помста.

Як ні дзіўна, бывае, людзі здраджваюць у сітуацыі, калі ім вельмі напружана, ну прама яны ўжо паміраюць і вар’яцеюць ад гэтага побыту. Ці наадварот: усе праблемы вырашаны, муж і жонка перасталі жыць у сітуацыі вечнага бою, расслабіліся, з’явіўся вольны час – чаму б не паспрабаваць нешта змяніць, а заадно здрадзіць?

«Любоўныя трыкутнікі» – гэта і пра зайздрасць да чужога

– Ёсць рэчы, якія мы не ўсведамляем. Яны могуць тычыцца знешняга выгляду, які служыць трыгерам, а мы нават не задумваемся, што ён адпраўляе нас у падлеткавыя фантазіі і мроі. Тэмбр голасу, інтанацыі, нейкія словы. І людзі, якія не збіраліся здраджваць, раптам «адчуваюць магію, хімію». Нездарма бельгійка Эстэр Перэль, аўтарка шматлікіх кніг па сексуальнасці, называла адной з прыкмет здрады «любоўную алхімію», цягу, нейкі гарманальны кактэйль, насланнё, якое ўзнікае паміж людзьмі, якія маюць сем’і, але раптам сустрэлі адзін аднаго. Так, ёсць нешта, чаго ты нясцерпна хочаш, і тады пачынаюць працаваць ахоўныя механізмы. Напрыклад, адмаўленні – «ды я нічога такога не зрабіў». Рацыяналізацыі – «усе людзі здраджваюць». Або «я ні на што не прэтэндую, нікога не забіраю, наадварот: прыношу задавальненне – умацоўваю чужую сям’ю».

Але важна разумець простую рэч: чужое браць нельга, нават калі яно дрэнна ляжыць.

У наш час з’явіўся новы разлучнік – яго вялікасць інтэрнэт. Вялікая колькасць людзей, якія ў жыцці б адзін з адным не сустрэліся, рэгіструюцца ў «Ціндары» і ладзяць сабе хуткасныя спатканні. Могуць выпіць па кубачку эспрэса, а бонусам ідзе сексуальнае «экспрэса» – хуткі секс.

Раней я б сказала, што мы можам здрадзіць толькі з чалавекам, з якім можам сустрэцца ў плоці ў рэальным жыцці. Калі ваша жыццё – гэта праца-дом-сябры, часцей за ўсё гэта блізкае асяроддзе. Плюс курортныя раманы, раманы ў камандзіроўках. Што да мужоў сябровак, то, як бы мы ні хацелі пазбавіцца ад зайздрасці і канкурэнцыі, мы вельмі часта неўсвядомлена спрабуем стаць лепшымі за сваё асяроддзе.

Бывае, дзяўчына ў падлеткавым узросце не найгралася ў трыкутнікі – хоць, у прынцыпе, ніхто з нас не найграўся. Калі б мы развязалі эдыпальны канфлікт, які звязаны з трыкутнікам «дзіця-тата-мама», цягай да аднаго з бацькоў процілеглага полу, агрэсіяй на аднаго з бацькоў свайго полу, – у свеце не было б рэўнасці. Як толькі людзі трапляюць у трыкутнік, яны пачынаюць дзейнічаць аўтаматычна.

У мяне былі прыклады, калі жонка даведалася, што ў мужа секс і каханне з суседкай. Жонка шакавана, бяжыць за дапамогай, пачынае худнець, ідзе ў залу, абяцае разбурыць сямейны бізнес, вяртае мужа ў сям’ю, уладкоўвае трайнічок з суседкай – чаго толькі не робяць у такіх сітуацыях.

Але кожны раз, калі ўзнікае любоўны трыкутнік, трэба ўлічваць, што чалавек, які ўрываецца ў знаёмую сям’ю, можа адчуваць не толькі цягу да аднаго з сужэнцаў, але і моцныя, часцяком неўсвядомленыя пачуцці да другога. Напрыклад, зайздрасць. І гэта таксама прывітанне з дзяцінства, ад эдыпальнай сітуацыі, якая ўзнікае ў 3–5 гадоў. Заўсёды ўзнікае пытанне: нам важны секс з гэтым чалавекам ці нам важней насаліць сяброўцы, суседцы? Праканкураваць, адбіць мужчыну ці жанчыну?

Што такое «адзінкавы пазашлюбны кантакт» і як да яго ставіцца?

– Не бывае, што вінаваты толькі той, хто здрадзіў. Мы не бяром у разлік нарцысаў з адсутнасцю эмпатыі, аб’юзераў, іншых нездаровых людзей. Большасць пасля здрады адчувае велізарны спектр эмоцый: радасць, сорам, страх, віну – і гэта нармальна. Сама здрада часта з’яўляецца «крывой» спробай паведаміць партнёру, што ў адносінах нешта не так.

У класіфікацыі здрады ёсць «адзінкавы пазашлюбны кантакт». Чалавек паехаў у камандзіроўку, выпіў на карпаратыве, сустрэў школьнае каханне. Такая аднаразовая сітуацыя звычайна суправаджаецца раскаяннем з боку таго, хто здрадзіў, і стараннымі спробамі знізіць колькасць болю партнёра.

Але часам «станоўчыя» мужыкі гадамі жывуць на дзве сям’і. У такога партнёра можа быць больш сіл, энергіі, ён гатовы падтрымліваць адносіны з дзвюма жанчынамі, ці ён сапраўды любіць абедзвюх. Я ведаю вялікую колькасць пар, дзе жонка ведае пра другую сям’ю мужа, але не разводзіцца. Таму што «жонка» – яе сацыяльны статус, багацце, бонусы. Калі жанчына ставіцца да сітуацыі спакойна, яна можа быць дастаткова шчаслівай. Але такіх жанчын, можа, адзін працэнт.

Як выйсці з ролі ахвяры? Як увогуле жыць з разуменнем, што табе здрадзілі?

– Нам часам здаецца, што наступствы выклікае падзея. Муж здрадзіў, таму мне блага, я ахвяра. Але гэта не так. Нашы эмацыйныя наступствы выклікаюць нашы перакананні ў тым, што здрада – гэта дрэнна, подла, гэта смерць шлюбу. Уявіце, што ў нашай культуры лічаць, што глядзець у вочы – самы страшны грэх, што можна займацца сексам, але галоўнае – не паднімаць вачэй. Перакананні пра святасць і забароненасць сексу ідуць з даўніх часоў, калі ён амаль заўсёды суправаджаўся цяжарнасцю, дзіцянараджэннем, пытаннямі пра фінансы, статусы, уплыў.

Усе ўстаноўкі – у нашай галаве і ў грамадстве. Ёсць меркаванне, што сужэнец альбо жонка, якія здраджваюць, паўтараюць паводзіны аднаго з бацькоў, які калісьці здраджваў. Маўляў, дзеці капіруюць паводзіны бацькоў, як іх не выхоўвай. Гэта глупства. Так, бывае сямейны сцэнарый, калі бацькі, дзядулі-бабулі здраджвалі адно аднаму. Але бывае ідэальная сям’я, а дзіця, калі вырастае, пачынае хадзіць налева бязбожна.

Калі адносіны важныя, то вы можаце выйсці з ролі ахвяры за секунду, успомніўшы, што ў вас ёсць выбар. Але калі вы разумееце, што можаце ў любы момант сысці, развесціся, аднак вы свядома выбіраеце гэтага не рабіць, таму што ў вас ёсць на гэта прычыны, – вы не ахвяра. Калі вы выбралі жыць з такім партнёрам (такой партнёркай) – вы ўжо не ахвяра. Вы толькі займаеце ролевую пазіцыю ахвяры, робячы выгляд, што вы няшчасная небарака. Пры гэтым у вас ёсць другасная выгада.

Чалавек павінен браць на сябе адказнасць: калі вы ведаеце пра здраду і працягваеце жыць з чалавекам – значыць, вы павінны падысці да гэтага адказна. Вы выбралі заплюшчыць на гэта вочы і жыць. Тады падумайце пра тое, як можаце распарадзіцца другаснай выгадай і бонусамі.

Каханне таксама бывае розным. Каханне-запал, каханне – балючая залежнасць. Часта каханне – гэта прыхільнасць, цеплыня, узаемадапамога і разуменне. Гэта добрыя, цёплыя, сталыя адносіны. Калі разумееш, што гэты чалавек усё роўна з табой, нават калі ён недзе касячыць.

Так, здрада – гэта вельмі балюча, асабліва калі вы пражылі разам 5–15 гадоў, здаваліся ідэальнай парай – і раптам. І тут важна зразумець галоўнае: што далей? Як вы бачыце сваю будучыню, як бачыць будучыню ваш партнёр? Вельмі важна паразмаўляць пра гэта.

Варыянтаў няшмат: мы хочам быць разам; адзін хоча, другі не (гэта пакутлівы танец, калі адзін уцякае, другі даганяе); трэці варыянт – сям’я разбураецца. У любым выпадку гэта сур’ёзнае выпрабаванне. Здрада – заўсёды выклік, пачынае трашчаць па швах самаацэнка: што ж не так са мной, чаму менавіта я? Пры тым, што каля 70 працэнтаў пар здраджваюць адно аднаму.

Хтосьці адразу «замарозіць эмоцыі»: я ў хатцы. А кагосьці будзе штырыць яшчэ год ці два, чалавек будзе пражываць уперамешку ўсе стадыі гаравання: шок, адмаўленне, гнеў, гандаль, прыняцце і рэарганізацыя жыцця. У момант прасвету важна паразмаўляць з партнёрам. Часта партнёр, які здрадзіў, не хоча казаць, таму што яму сорамна, ён хоча ўсё забыць, ануляваць, зрабіць выгляд, што нічога не было.

Здрада – гэта ж таксама сыход, пэўнае дыстанцыяванне. Той, які здрадзіў, можа сказаць: «Давай усё забудзем, пачнём спачатку. Колькі можна абсмоктваць адно і тое ж?»

Абсмоктваць часам даводзіцца доўга. Нават калі чалавек пайшоў да псіхолага ці ў групу падтрымкі, яму вельмі балюча і патрэбен час, каб гэты боль з сябе выняць. Ён штораз тузае партнёра, які здрадзіў, і гэта нармальна: чалавек хоча пераканацца ў тым, што яго чуюць, што ён мае права на свой боль і што партнёр гатовы пра яго клапаціцца.

Калі партнёр яго затыкае, то як быццам паведамляе: «Так, я табе здрадзіў, але, калі ты хочаш быць са мной, забудзь, зробім выгляд, што нічога не было». Пасля здрады пары гадамі ходзяць на сямейную тэрапію. Адзін муж, які здрадзіў сваёй жонцы, аднойчы сказаў мне: «Наталля, калі б я ведаў, што мне давядзецца прайсці такі шлях з вамі і з ёй, я б ніколі ў жыцці не здраджваў». Прыйшлося вывернуць душу навыварат, высветліць усё. Затое муж і жонка сталі нашмат бліжэйшымі, хоць гэта быў вельмі цяжкі шлях.

Многія не хочуць такога лячэння, для іх здрада як стрэмка, якая трапіла пад скуру, а яны яе не выцягваюць. Яна гоіцца, але ўвесь час адбываюцца нагнаенні.

Таму, калі здарылася здрада, важна паразмаўляць. Могуць быць розныя варыянты: на словах ваш партнёр ці партнёрка можа вас улагодзіць, супакоіць, але будзе здраджваць і далей. Ці вы зразумееце, што гэта разавая здрада, ён (яна) шчыра раскайваецца і зробіць усё, каб гэта не паўтарылася. Або што ваш партнёр (партнёрка) не збіраецца раставацца са сваёй палюбоўніцай ці палюбоўнікам. Звычайна ў гэтых выпадках бок, які здрадзіў, адыходзіць ад дэталёвага абмеркавання непрыемнай сітуацыі. Ёсць цікавыя ідэі нямецкага псіхатэрапеўта Берта Хелінгера, стваральніка метаду сістэмных сямейных расстановак.

Ён развіў паняцце балансу ў адносінах, лічачы, што, калі ў пары мы робім нешта добрае іншаму, партнёр, каб адносіны сталі яшчэ лепшымі, павінен зрабіць добрага крыху больш, чым далі яму. Тады першы партнёр у адказ таксама робіць крыху больш добрага. Так назапашваецца большы аб’ём нашага агульнага добрага: усмешкі, пацалункі, падарункі, пяшчота адно да аднаго.

Але бывае, што балансы «даваць – браць» трэба ўраўнаважыць у дрэнным. І калі партнёр зрабіў мне дрэннае, я таксама павінен зрабіць дрэннае ў адказ. Але крыху менш, чым ён. Тады мы не эскалюем канфлікт, а гасім. Калі партнёр здрадзіў, я магу паскандаліць, патрабаваць адказаў, але калі я здраджу ў адказ, то парушу баланс, робячы таксама нешта вельмі дрэннае.

І тут гаворка не пра тое, калі муж і жонка паралельна ў кагосьці закахаліся і на нейкі час эмацыйна расталіся, працягваючы пры гэтым жыць разам, выконваючы свае сямейныя абавязкі, але ў вольны час атрымліваючы задавальненне на боку. Размова пра тое, што, калі вам прычынілі боль, вы таксама маеце права рэагаваць, злавацца, крыўдзіцца.

Горш за ўсё, калі адзін апранае на сябе цярновы вянок і «прабачае» другога. Мы людзі і хочам жыць з жывымі людзьмі, а не са святымі. Таму выказваць агрэсію нармальна. Але важна не выходзіць з берагоў, калі вы ў лютасці і хочаце разбурыць свет мужа ці жонкі, адпомсціўшы, прычыніўшы страшны боль, напрыклад зняславіўшы, адабраўшы бізнес, разбурыўшы кар’еру.

Як наладзіць адносіны пасля здрады

– Лепш своечасова спыніцца ў сваім гневе і шчыра расказаць процілегламу боку, наколькі вам балюча. Паспрабуйце пагаварыць праз боль, спакойна. «У мяне велізарная лютасць, крыўда, але больш за ўсё болю. Бо ты важны для мяне чалавек, і я памятаю ўсё добрае, што ў нас было. Я не ведаю, што мне рабіць».

Тады ёсць шанец наладзіць адносіны, а не пагоршыць канфлікт. Калі вы можаце быць шчырымі, прад’яўляць сваю ўразлівасць і чуць адно аднаго, у вас ёсць шанец пабудаваць адносіны лепшыя, чым былі да здрады.

Здрада – нагода стаць дэтэктывам. Калі вы зможаце стаць Шэрлакам Холмсам для сваёй пары, каб разблытаць, што вы такога рабілі разам, што адбылася здрада, – гэта можа прынесці нават нейкае задавальненне. Гэта дапаможа зразумець, як уладкаваны ваш партнёр.

Калі вы хочаце наладжваць адносіны, будзьце гатовы да тысячы і адной ночы праясненняў, гутарак, паразуменняў і непаразуменняў, вяртанняў у адзін і той жа пункт, хаджэнняў па крузе. Важна пераадолець усе тупікі, выкліканыя здрадай («цяпер я маю права абражаць цябе, зневажаць, пагарджаць табой або здраджваць табе – магу рабіць усё, што захачу, ты павінен (павінна) мне да самае труны»).

Калі пара захоча быць разам далей, пасля здрады, то ім давядзецца перагледзець адносіны, даведацца, чым на самой справе жыве партнёр, пра што марыць, на што крыўдуе, чаму так сябе паводзіць. Выпіць кактэйль, які будзе складацца з віны, сораму, болі, крыўды, злосці. І калі яны вып’юць яго, то на дне абавязкова знойдуць вішаньку надзеі.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архив героини, unsplash.com.

поделиться