CityDog.io
15
19.07.2022

«Ты – дурнаватая, страшненькая няўдачніца. Гэта ты павінна была захварэць на рак!» Спецыялістка – пра тое, як размаўляць з бацькамі, якія паміраюць

«Ты – дурнаватая, страшненькая няўдачніца. Гэта ты павінна была захварэць на рак!» Спецыялістка – пра то...
Як выжываць побач з блізкімі, якія паміраюць, якім усе нешта павінны, як не скаціцца ў гістэрыку і захаваць сябе, CityDog.io расказала псіхалагіня, кандыдатка псіхалагічных навук Наталля Аліфіровіч.

Як выжываць побач з блізкімі, якія паміраюць, якім усе нешта павінны, як не скаціцца ў гістэрыку і захаваць сябе, CityDog.io расказала псіхалагіня, кандыдатка псіхалагічных навук Наталля Аліфіровіч.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас «купалаўкі» Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

 

Маці ці бацька паміраюць ад хваробы і сталі невыноснымі, патрабуючы немагчымага. Гэта мой эгаізм ці я мушу стаць абслугай?

– Смерць – частка жыцця кожнага з нас. Раней людзі жылі вялікімі камунамі, дзе паралельна праходзіла некалькі працэсаў: нехта нараджаўся, нехта хварэў, нехта паміраў. Гэта было натуральна. Сёння смерць для нас з’яўляецца нечым, з чым мы вельмі моцна не хочам сутыкацца. Многія паміраюць у шпіталях і хоспісах, мы часта не бачым іх пакут. Мы стараемся схавацца ад смерці, хаця яна непазбежная.

Вядомы псіхааналітык Эрык Эрыксан пры распрацоўцы сваёй канцэпцыі псіхасацыяльнага развіцця лічыў, што апошняя фаза жыцця кожнага з нас, старасць, – гэта чарговы крызісны момант. Ён можа завяршыцца альбо спрыяльным зыходам, калі чалавек завяршае свой зямны шлях з адчуваннем, што пражыў жыццё не дарма, што ён цэласны, інтэграваны, мудры, альбо чалавек перажывае роспач, безвыходнасць, адчуванне, што ён чагосьці не зрабіў, не паспеў, не дасягнуў.

У такой сітуацыі чалавек спрабуе хоць нешта выправіць. Часта такія людзі пачынаюць «чапляцца» за блізкіх, патрабуючы пацвярджэння, што яны каштоўныя, іх любяць, дзеля іх гатовы ісці на ахвяры.

Бывае, што ў чалавека, які памірае, яшчэ і складаны характар: ён заўсёды жыў для сябе, быў эгаістычным, агрэсіўным, нястрыманым. Дзеці такіх бацькоў часта імкнуцца трымацца ад дамашніх тыранаў на адлегласці, рана сыходзяць з дому, з’язджаюць далей. Даведаўшыся пра смяротны дыягназ, такія бацькі працягваюць паводзіць сябе звыкла: кантраляваць, вінаваціць, агрэсіўна ціснуць, патрабаваць.

Вядома, гэта страшна – сыходзіць з жыцця. І таму такія людзі дэманструюць вельмі дзіцячыя паводзіны, нездарма кажуць «стары – што малы». Да канца жыцця такія людзі часта становяцца невыноснымі для сваіх блізкіх. Бацька, з якім ніколі не было цёплых адносін, які быў вечна ўсім незадаволены, лаяўся і бясконца абвінавачваў, патрабаваў, раптам гэтыя патрабаванні ўзмацняе. Таму трэба разумець: жаданне звесці адносіны да мінімуму – гэта не ваш эгаізм, а нармальная чалавечая рэакцыя на таксічнае асяроддзе. І вы не павінны станавіцца абслугай, калі, канешне, самі свядома не прынялі такое рашэнне.

Ёсць розныя зыходы: некаторыя дзеці ўпадаюць у жудасную віну і сорам, калі спрабуюць ратаваць аднаго з бацькоў. Яны кідаюць справы, ставяць сваё жыццё на паўзу. Але нічога не дапамагае, таму што падзякі ад такога з бацькоў не дачакаешся, а сілы і энергія сыходзяць у нікуды.

Ці трэба выбудоўваць межы з тым, хто памірае? І як гэта рабіць?

У мяне ёсць прыклад, калі 70-гадовая маці гаворыць сваёй 45-гадовай дачцэ: «Чаму я захварэла на рак, а не ты? Ты – няўдачніца, дурнаватая, страшненькая. Гэта ты павінна была памерці ад раку, а не я. Ну, калі так, ты павінна мяне даглядаць».

Ці бацька патрабуе, каб дарослае дзіця кінула сваю сям’ю, перасялілася і жыло ў яго, пры гэтым адмаўляючыся ад паслуг сядзелкі, якая прыходзіць, ад медсястры, ад паслуг дома састарэлых, спрабуючы стаць цалкам залежным ад аднаго чалавека. Я бачыла шмат гісторый: напрыклад, дачка пераязджае да маці, і ў яе разбураецца ўласная сям’я – праз год такога жыцця ад яе сыходзіць муж.

Або калі дачка цалкам аддала сябе догляду за патрабавальнай маці, а яе ўласнае дзіця стала ўжываць наркотыкі, у яго быў перадоз і яно памерла. Бабуля жывая дагэтуль, хаця прайшло ўжо 10 гадоў.

Важна разумець, што кожны з нас мае сваё жыццё. Бацькі падарылі нам бясцэнны дар – жыццё. Як бы мы ні імкнуліся, мы не можам вярнуць яго бацькам. Мы не можам падарыць ім жыццё ўзамен. Усё, што ў нас ёсць, – гэта нашы падзяка, любоў і цярпенне. Таму больш здаровы варыянт – дамаўляцца са сваяком, які памірае, пра тую долю свайго ўдзелу, якую мы рэальна можам яму даць.

Якія жаданні паміраючага чалавека я мушу выконваць безумоўна?

Трэба забыцца пра безумоўныя жаданні. Безумоўная любоў, прыняцце і выкананне ўсіх жаданняў магчымы толькі паміж маці і немаўлём – і тое толькі першыя 2-3 месяцы жыцця. Усё астатняе ў нашым жыцці – па ўмовах. Важна ацаніць, што кажуць дактары, колькі засталося бацьку ці маці, што яму ці ёй неабходна канкрэтна: лекі, шпіталь, санаторый, дапамога сядзелкі.

Праблема ў тым, што ў нас няма адзінага нарматыўнага ўзору падтрымкі састарэлых сваякоў. Напрыклад, на Усходзе мадэль вельмі выразная, у іх практычна адсутнічаюць дамы састарэлых. Звычайна бацькоў там «даглядае» малодшы сын, гэта не абмяркоўваецца, гэта культурная норма.

У Заходняй Еўропе, у ЗША вітаецца ранняя сепарацыя: бацькі звычайна не жывуць з дарослымі дзецьмі, не няньчаць унукаў, а ўкладваюцца ў сябе. І ў канцы жыцця на заробленыя грошы знаходзяць сабе пансіянат – тое, што ў нас называюць домам састарэлых. Чалавек праводзіць там пакінуты яму час з аднагодкамі, дзе іх забаўляюць, ёсць пачцівы медперсанал.

Мы ж хочам усяго і адразу: каб было і як на Захадзе, і як на Усходзе. Але на постсавецкай прасторы пакуль толькі ідзе пошук «добрай формы» завяршэння адносін з пажылымі, якія хварэюць, якія паміраюць, сваякамі.

Ёсць людзі, якія, даведаўшыся пра смяротны дыягназ, захрасаюць у фазе гневу, вельмі злуюцца на ўсіх навакольных. І пачынаюць паводзіць сябе так, быццам усе астатнія ім нешта павінны.

Калі бацькі затрымаліся ў фазе злосці, яны будуць бясконца лаяцца, агрэсаваць, кантраляваць, вінаваціць сваё дзіця. Задача дзіцяці – паспрабаваць пагаварыць з бацькамі. Нават калі гэта бескарысна і бацькі не пачуюць, дарослае дзіця зробіць гэта для сябе: растлумачыць, што вельмі шкадуе, што бацькі сыходзяць, што будзе імкнуцца клапаціцца. Важна запомніць: у якой бы фазе завяршэння жыцця ні знаходзіўся ваш бацька ці маці, мы можам клапаціцца пра іх роўна столькі, колькі можам. У кожнага з нас ёсць шмат сацыяльных даўгоў – і, акрамя бацькоў мы павінны сваім дзецям, партнёрам, сацыяльнаму асяродку. Усім, з кім мы знаходзімся ў адносінах «даваць – браць».

«Ты хочаш ад мяне пазбавіцца, здаўшы ў дом састарэлых, у хоспіс!» – «Не, мама, у мяне проста няма магчымасцей: я не змагу так цябе даглядаць і клапаціцца, як паклапоцяцца пра цябе там».

Трэба ўсё прагаворваць максімальна спакойна і дакладна. Зараз ёсць добрыя прыватныя дамы састарэлых, каштуе гэта каля 400 долараў за месяц, там забяспечваюць кругласутачны догляд і клопат. І, калі дзіця зарабляе і ўтрымоўвае сям’ю, неразумна кідаць усё і станавіцца сядзелкай.

У такой сітуацыі трэба прымаць рашэнне, зручнае не таму чалавеку, які памірае, а таму, хто пра яго клапоціцца. Як бы па-блюзнерску гэта ні гучала, але чалавек перад тварам смерці можа паводзіць сябе як годна, так і вельмі па-дзіцячы. У любым выпадку трэба прагаварыць, якія справы яму важна дарабіць, што яшчэ неабходна завяршыць: што трэба зрабіць па хаце, з завяшчаннем, што яму хочацца яшчэ ў гэтым жыцці паспець. І не дазваляць чалавеку садзіцца сабе на шыю, ні да чаго добрага гэта не прывядзе.

«Аддам усё ў фонд міру!» Калі бацькі шантажуюць спадчынай

Гэта складаная сітуацыя. Дзіця павінна набрацца цярпення і пацвярджаць чалавеку яго перажыванні.

«Мама, табе вельмі страшна. Я чую, як ты напалохана, табе здаецца, што я цябе кідаю, але гэта не так. Я дапамагаю табе як магу. Але ў мяне маленькія дзеці, нездаровы муж, абавязкі на працы, я доўга ішла да гэтай пасады – калі я яе страчу, то больш ніколі не змагу зарабіць такіх грошай і ўсё жыццё пражыву з дзецьмі ў маленькай кватэры. Але, мама, я люблю цябе, хачу пра цябе клапаціцца. І вось што я магу зрабіць…» І далей дзіця прапануе: наняць медсястру, пакаёўку і інш.

Разумею, наколькі катэгарычнае ў гэтым месцы «савецкае» пакаленне: «Чужога чалавека ў хату не пушчу! Яны ўкрадуць мае паедзеныя моллю дываны і футра…» Мы не зменім светапогляд сваіх бацькоў, але можам паспрабаваць новае: прыводзіць новага чалавека ў дом, прапаноўваць іншыя варыянты – акуратна змяняючы жыццё блізкага. Калі пойдзем на повадзе, нашы адносіны сапсуюцца настолькі, што працэс канання сваяка ператворыцца ў пекла.

Псіхатэрапеўтычная задача, якая часта кладзецца на плечы дарослага дзіцяці, – дапамагчы бацьку, які памірае, прыняць факт, што яго жыццё заканчваецца і што з жыцця трэба пайсці годна.

Калі чалавек, які памірае, кажа, што дзіцяці патрэбны толькі яго грошы, кватэра, важна быць сумленным: «Так, мне прыемна, што ў мяне будзе і такі рэсурс, але я люблю цябе не таму, што ў цябе ёсць кватэра і грошы. А таму, што ты дала мне жыццё, прывяла ў гэты свет, навучыла мяне чытаць, катацца на ровары…» Не паддавайцеся на гульню чалавека, які памірае, спрабуйце весці сваю «гульню» – успамінаць добрае, дзякаваць, падтрымліваць.

Адны бацькі, калі паміраюць, клапоцяцца пра дарослых дзяцей, іншыя быццам хочуць забраць з сабой у магілу. Што рабіць?

Калі бацькі таксічныя і трэплюць нервы па поўнай, дзіцяці трэба шукаць рэсурсы. Не ўзмацняць канфрантацыю, не пераконваць, а выконваць для свайго сваяка функцыю кантэйнера. Прыходзіць, «забіраць смецце» – і недзе яго разгружаць. Гэта вельмі цяжкая функцыя, звычайна ў таго, чые родныя паміраюць, вельмі маленькі ўнутраны кантэйнер, ён не здольны ні сціснуць сваё ўнутранае смецце, ні перапрацаваць.

«Я дажываю апошнія дні, а ты нават не можаш прыехаць пасадзіць бульбу, каб мне перад суседзямі сорамна не было!» Ёсць прыказка: мерцвякі хапаюць жывых. Гэта вельмі цяжка, гэта нелагічны працэс, тут можна толькі адказваць «так» ці «не», таму што любыя тлумачэнні часцей за ўсё прыводзяць толькі да спрэчак, да страты жыццёвай энергіі, эскалацыі канфлікту – да таго, што ўсе застаюцца незадаволенымі.

Як супакоіцца, калі родны чалавек ператварыўся ў самадура?

Трэба зразумець, што колькасць страху, болі і гневу ў чалавека, які памірае, бязмежная, часта ён не спраўляецца з гэтымі перажываннямі. Але вы не можаце з ім зліцца, не можаце забраць увесь яго боль, кантэйніраваць увесь яго гнеў.

Затое можа паглядзець на сваё жыццё. Дапамагае тэхніка, якую мы робім на спецыялізацыях па крызісах і траўмах.

Калі вы з’язджаеце ад чалавека, які памірае, у галаве зрабіце практыкаванне: падумайце, што б вы зрабілі, калі б у вас застаўся месяц жыцця. Як бы вы яго правялі, куды б паехалі, што б яшчэ зрабілі? Пафантазіруйце, запішыце гэтыя справы – яны выцвярэжваюць і нават часам натхняюць.

Потым уявіце, што ў вас застаўся не месяц, а год: як вы яго сплануеце? А затым вам далі ўжо пяць гадоў жыцця... Гэта тэхніка дазваляе рабіць сённяшняе жыццё больш шчаслівым. Важна сёння пачынаць жыць так, каб атрымліваць задавальненне тут і зараз.

 

Фото: архіў Наталлі Аліфіровіч.

поделиться