«Заклікі нараджаць дзяцей раней і больш ужо не працуюць». Экспертка – пра тое, што цяпер адбываецца з фемінізмам у Беларусі

«Заклікі нараджаць дзяцей раней і больш ужо не працуюць». Экспертка – пра тое, што цяпер адбываецца з фе...
Пагутарылі з гендарнай даследчыцай пра тое, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца цяпер жанчыны ў Беларусі. І што ўвогуле адбываецца з фемінізмам у апошні час.

Пагутарылі з гендарнай даследчыцай пра тое, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца цяпер жанчыны ў Беларусі. І што ўвогуле адбываецца з фемінізмам у апошні час.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Што адбываецца з фемінізмам у Беларусі ў 2023 годзе?

Ірына Сідорская
доктарка філалагічных навук, экспертка ў галіне медыя і камунікацый, гендарная даследчыца

– Складана казаць пра фемінізм у Беларусі абагульнена, таму што фемінісцкая супольнасць вялікая. Праз гендарную лінзу можна разглядаць абсалютна любую сферу жыцця. Адны больш увагі надаюць палітычным пытанням, іншыя – хатняму гвалту, трэція – эканамічнаму разрыву паміж жанчынамі і мужчынамі.

Таксама дастаткова цяжка цяпер вызначыць геаграфію «беларускага фемінізму». Актыўная фем-супольнасць на сённяшні дзень знаходзіцца за межамі Беларусі ці, прынамсі, транслюе гэта публічна. Адпаведна, агучваюць найперш тыя праекты, якія ствараюцца за мяжой.

Унутры Беларусі таксама ёсць жыццё ў гэтым напрамку, але афіцыйна пра гэта заяўляць не будуць. Гэта звязана з бяспекай для ўдзельнікаў арганізацый і даследаванняў.

Як медыяэкспертка магу сказаць, што змяненні адбываюцца. Аднак ідуць яны павольней, чым я хацела б. Напрыклад, шмат якія гендарныя маніторынгі ўсё яшчэ фіксуюць, што жанчыны-спікеркі прадстаўлены ў беларускіх медыя нашмат радзей, чым мужчыны. Разбежка складае прыкладна адзін да васьмі. Гэта азначае, што практычна ўсе героі матэрыялаў і эксперты – мужчыны.

Аднак трэба адзначыць, што тэмы гендару і фемінізму ў апошні час перастаюць быць спецыялізаванымі. З нішавых яны становяцца масавымі, прыкладна такімі ж, як палітыка, грамадства і культура. Пра гэта гавораць не толькі асобныя медыя і кам’юніці, заклапочаныя гэтымі пытаннямі. Такім чынам адбываецца развіццё гэтага напрамку. Гэта пазітыўныя зрухі.

Чаму даследаванне эканамісткі з ЗША важнае для Беларусі?

У 2023 годзе лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па эканоміцы стала амерыканская эканамістка Клаўдыя Голдзін «за даследаванне ролі жанчын на рынку працы». Чаму гэта важна і як яе высновы можна прымяніць у Беларусі?

Беларускія медыя мала ўвагі надалі даследаванню Клаўдыі Голдзін, а яе высновы цалкам можна было б прымяніць і ў Беларусі.

Клаўдыя Голдзін паказала, адкуль бярэцца і чаму ўсё яшчэ застаецца гендарны разрыў паміж заработнай платай мужчын і жанчын. Вядома, прычын шмат, аднак Клаўдыя вылучае асноўную – нараджэнне дзяцей. Жанчына перастае быць канкурэнтнай з мужчынам менавіта ў той момант, калі яна становіцца маці. Атрымліваецца той самы «штраф за мацярынства».

Голдзін выявіла цікавую заканамернасць. Калі ў сям’і з дзіцем муж і жонка будуць працаваць па 6 гадзін, то яны будуць атрымліваць менш, чым калі б мужчына працаваў звыш стаўкі, а жанчына – гадзіны 4. Калі муж і жонка дзеляць бацькоўскія абавязкі, то сям’я становіцца больш шчаслівай, але бяднейшай.

Так цяпер арганізаваны рынак працы. Гнуткія працоўныя месцы заўсёды аплачваюцца менш. А менавіта на такія пазіцыі прэтэндуюць перш за ўсё жанчыны з-за бацькоўскіх абавязкаў.

Клаўдыя Голдзін абвергла перакананне, што разрыў у зарплаце мужчын і жанчын узнікае з-за адрозненняў у адукацыі і выбары прафесіі. Паводле яе даследавання, узровень адукацыі жанчын рос на працягу ўсяго XX стагоддзя. Менавіта таму ў большасці краін з высокім узроўнем даходу ўзровень адукацыі ў жанчын нашмат вышэйшы, чым у мужчын.

Як высветліла экспертка, на дадзены момант найбольшая розніца ў даходах назіраецца ў мужчын і жанчын адной і той жа прафесіі. З’яўляецца ён якраз з нараджэннем першага дзіцяці: пасля гэтага кар’ера сыходзіць на другі план, і жанчына больш часу надае дзіцяці.

На думку эканамісткі, раўнапраўе ў працоўным асяродку будзе тады, калі супрацоўнікам дадуць магчымасць роўна зарабляць пры гнуткім працоўным графіку. Гэта дапаможа жанчынам з дзецьмі пазбегнуць штрафу за няпоўны працоўны дзень.

– У Беларусі, па дадзеных на 2022 год, гендарны разрыў у зарплаце складае 26,1%, – працягвае Ірына. – У розныя гады розніца вагалася каля 22-23%. Што тычыцца сёлетняй інфармацыі, то ўсё сумна: Белстат больш не публікуе статыстыку.

На розніцу ў даходзе ўплывае шмат фактараў. Напрыклад, можна паглядзець сферу IT. У ёй высокія даходы, але занятыя там у асноўным мужчыны. Жанчыны ідуць пераважна ў іншыя галіны: культура і адукацыя – там за ўмоўныя 10 гадзін працы не зарабіць столькі ж, колькі ў IT за 2 гадзіны.

Хатні гвалт – адна з праблем, з якой змагаюцца феміністкі. Якія змяненні ў гэтай сферы цяпер адбываюцца ў Беларусі?

– Я сачу за факталагічным складальнікам тэмы хатняга гвалту ў Беларусі. Магу сказаць, што ў незалежных СМІ дастаткова шмат інфармацыі пра гэта. Звычайна яе змяшчаюць у рубрыку «Здарэнні». Усе гэтыя зводкі даюцца на падставе афіцыйных прэс-рэлізаў міліцыі ці Следчага камітэта.

Літаральна некалькі тыдняў таму было апублікавана даследаванне ад Chatham House (Каралеўскі інстытут міжнародных адносін) з анлайн-лініяй дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту Oliviahelp.org. Гэтыя кампаніі правялі анлайн-апытанне ў Беларусі пра гендарны гвалт у адносінах.

У анлайн-апытанні Chatham House і Oliviahelp.org узялі ўдзел 480 жанчын і 384 мужчыны.

74,7% жанчын расказалі, што былі ў адносінах за апошнія 12 месяцаў. Сярод іх кожная шостая (17,6%) заявіла аб тым, што падверглася гвалту ад свайго партнёра. Гэты гвалт уключаў у сябе розныя формы: псіхалагічны (7,7%), эканамічны (4,7%), фізічны (3,7%) і сексуальны (1,5%).

Таксама кожная другая рэспандэнтка (50,8%) прызнавалася, што нікому не казала пра інцыдэнт.

Даследчыкі адзначаюць, што даныя не паказваюць рэальную карціну: многія пісалі, што не заўсёды разумеюць розніцу паміж канфліктам і хатнім гвалтам.

– Гвалт у Беларусі быў заўсёды, – адзначае Ірына. – Аднак пасля 2020 года яго стала ў разы больш. Так адбываецца, таму што ён легалізаваны на дзяржаўным узроўні: сама ўлада выкарыстоўвае яго супраць сваіх грамадзян. Наколькі я ведаю, усім, хто пацярпеў падчас пратэстаў у 2020 годзе і пазней, было адмоўлена ў судовых разбіральніцтвах па фактах жорсткага абыходжання.

Такую ж мадэль паводзін пераймаюць і людзі. Па сутнасці, мужчыны штодня атрымліваюць ад дзяржавы сігнал пра тое, што гвалт можна прымяняць.

Улічваючы праўладную рыторыку, што вакол ворагі, таму трэба згуртавацца, раздаць усім агнястрэльную зброю і ісці абараняць краіну (у лістападзе гэтага года Ігар Шуневіч заявіў, што члены беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў у выпадку неабходнасці прымуць удзел у любых дзеяннях, накіраваных на абарону дзяржавы. – Рэд.), можна казаць, што форма гвалту становіцца больш жорсткай.

У Беларусі засталіся дзяржаўныя цэнтры тэрытарыяльнага абслугоўвання, якія павінны займацца праблемамі дамашняга гвалту. Таксама дзейнічае праект Oliviahelp.org, які дапамагае беларускам у Беларусі, Грузіі, Літве, Украіне і Польшчы.

Пры гэтым многія гендарныя арганізацыі, якія займаюцца праблемамі хатняга гвалту, былі ліквідаваныя адны з першых пасля 2020 года.

«Жанчына ў першую чаргу разглядаецца з пункту гледжання рэпрадуктыўных функцый»

– У Беларусі цяпер ідзе актыўная антыгендарная прапаганда. Гэта звязана ў першую чаргу з аховай так званых «традыцыйных» каштоўнасцей. Тут можна згадаць словы «правай рукі» Лукашэнкі, чыноўніцы Наталлі Качанавай пра тое, што галоўнае ў жыцці жанчыны – нарадзіць дзіця. Яна актыўна заклікае жанчын заводзіць дзяцей як мага раней: так, на думку Качанавай, яны паспеюць нарадзіць яшчэ дваіх, а то і болей.

Падобная антыгендарная рыторыка, кампаніі супраць ЛГБТК+ супольнасці і чайлдфры праводзяцца ў Беларусі ўжо дастаткова даўно. Пры гэтым я не думаю, што людзі настолькі дурныя, каб паддавацца на такія заявы. Мне здаецца, што моладзь, наадварот, цяпер больш задумваецца пра розныя формы сям’і і гендарныя ролі.

Важна, што людзі абмяркоўваюць падобныя тэмы, што незалежныя медыя пачалі больш расказваць гісторыі асобных людзей. Мы прымаем рашэнне на аснове інфармацыі, якую атрымліваем. Калі ў інфаполі будзе толькі Качанава, тады і думкі будуць круціцца вакол яе выказванняў. Цяпер жа дастаткова шмат даных і з іншых крыніц.

З добрага: цяпер не праходзіць практычна ніводнай канферэнцыі, дзе б не ўзнімалася пытанне гендарнага прадстаўніцтва спікераў і спікерак. Калі раптам у нейкай панэлі ўмоўна аказваюцца чатыры мужчыны і адна жанчына, то гэта абавязкова адзначаць. Арганізатары канферэнцый імкнуцца да гендарнай роўнасці, даюць жанчыне права быць пачутай. У гэтым я бачу пазітыўную тэндэнцыю.

Пры гэтым у Беларусі ўсё яшчэ існуе спіс забароненых для жанчын прафесій. Цяпер ён налічвае 88 пазіцый, хаця яшчэ ў 2021 годзе ў ім быў 181 радок. Нічога падобнага ўжо даўно няма ні ва Украіне, ні ў Польшчы, ні ў любой іншай еўрапейскай краіне.

Дэмаграфічная праблема становіцца адной з асноўных у Беларусі. Менавіта таму жанчына разглядаецца ў першую чаргу з пункту гледжання рэпрадуктыўнай функцыі. Існаванне таго ж спіса забароненых прафесій з боку дзяржавы тлумачыцца клопатам пра жанчыну і падтрымкай у выкананні яе галоўнай задачы – нараджэння дзіцяці.

Адначасова з гэтым у Беларусі да цяперашняга часу праводзяць палітыку, накіраваную на дасягненне гендарнай роўнасці. Так, у 2015 годзе Генеральная асамблея ААН вызначыла мэты ў галіне ўстойлівага развіцця (МУР), таксама вядомыя як Глабальныя мэты. Сярод іх – гендарная роўнасць. Беларусь таксама падпісвала ўсе паперы, якія абавязваюць надзяляць прыярытэтную ўвагу гэтай тэме.

Аднак гэты парадак дня сутыкаецца з дэмаграфічнай палітыкай. І пакуль што другая перамагае.

Калі абагульняць, то цяпер праблемы жанчын становяцца больш бачнымі. Гэта вялікая сацыяльная група, да якой пачынаюць больш прыслухоўвацца. І, нягледзячы на існуючую няроўнасць, беларускае грамадства ўсё ж мяняецца, хоць і дастаткова павольна.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Unsplash.com.

#Беларусь
поделиться