Люди, истории
CityDog.io
1

«Маск запускае ў космас ракеты, а тут у людзей каналізацыі няма!» Сям’я з Мінска купіла хату ў вёсцы і запарылася туалетам, ацяпленнем і святлом

«Маск запускае ў космас ракеты, а тут у людзей каналізацыі няма!» Сям’я з Мінска купіла хату ў вёсцы і з...
Журналісты пабывалі ў хаце актывіста, які не эміграваў і вырашыў застацца ў Беларусі. Піша сайт аб альтэрнатыўным сельскім жыцці Downshifter.by.

Журналісты пабывалі ў хаце актывіста, які не эміграваў і вырашыў застацца ў Беларусі. Піша сайт аб альтэрнатыўным сельскім жыцці Downshifter.by.

Здаецца, гэта звычайная вясковая хата нічым не выдае, што ў ёй жывуць экалагісты. Ашаляваныя сцены, шыферны дах, аўтамабіль у двары. Толькі яблыкі на дрэвах вісяць, што для сёлетнега «несезона» даволі дзіўна. Хаця, можа, гэта акурат знак матухны-прыроды, якая дзякуе гаспадарам за клапатлівае стаўленне да яе?

Аднак, прыгледзеўшыся, можна заўважыць яшчэ адну адметнасць: вакол дома – свежазробленая ўцепленая прызба. Я ведаю, што гаспадар захапляецца энергазберажэннем. Значыць, мне сюды.

Антон, Таццяна і Ніна.

Хто яны і чаму вырашылі з’ехаць (але не з Беларусі, а проста ў вёску)

Антон Гаховіч – спецыяліст у тэме рэсурсаў, энергазберажэння і энергаэфектыўнасці, займаецца будаўніцтвам экалагічных лакальных каналізацый, былы супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў. Яго жонка – Таццяна Смыкоўская – біёлаг, супрацоўнічала з грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Сёння Танін час у асноўным прысвечаны двухгадовай Ніне, якой пашчасціла бавіць сваё дзяцінства ў вёсцы.

Свой пераезд з горада ў вёску сямейная пара лічыць натуральным. Ну, а як жа – сам прафесійны занятак і захапленні, звязаныя з прыродай і яе аховай, рэзануюць з жыццём па-за горадам. Хаця Антон прызнае, што экалагічныя праблемы востра стаяць і ў горадзе, і ў вёсцы. Напрыклад, у горадзе гэта праблема перанаселенасці і шчыльнасці, адпаведна гэта пытанні вывазу смецця, санітарыі, утылізацыі небяспечных лекаў, адкідаў і г.д. Вясковыя праблемы – лакальныя звалкі, энергазберажэнне і г.д.

– Але для нас асноўнай прычынай пераезду ў вёску было тое, што такім, як мы, горад не дае практычна нічога, – тлумачыць выбар свайго ладу жыцця Антон. – Горад вельмі шмат патрабуе.

То бок для таго, каб табе там развівацца, забаўляцца, апранацца, абувацца, трэба грошы. Каб зарабляць грошы, трэба ісці працаваць. Каб працаваць, трэба адпаведна апранацца. Атрымліваецца такое заганнае кола – адно чапляецца за іншае. Мы ж хацелі менш часу аддаваць на гарадскія развагі, а мець больш прыродных забаў. У горадзе ж на любыя забавы трэба грошы: кіно, тэатр, пайсці ў кавярню – увогуле лютыя грошы.

У пэўны момант Антон і Таня пачалі лічыць рэчы не ў грошах, а ў працоўным часе ці ў гадзінах свайго жыцця. Умоўна кажучы, сталі лічыць, што, каб купіць тэлефон, трэба выдаткаваць 300 гадзін свайго жыцця.

– Альбо, каб пайсці ў кавярню (здавалася б, нявінная такая рэч), – працягвае падлікі Антон, – трэба пяць гадзін працаваць. І я стаўлю на вагі адну гадзіну ў кавярні і пяць гадзін працы. І тады я разумею, што лепш я пяць гадзін буду займацца сабой, жонкай, сям’ёй, чым на гадзіну схаджу ў кавярню. То бок гэта лагічна, што за пяць гадзін я адпачну лепей, чым за гадзіну ў кавярні.

Тады сям’я зразумела, што горад у гэтым плане нелагічны.

– Табе трэба мець дастаткова высокааплатную працу, каб прапорцыя тваіх хацелак і выдаткаў часу была лагічная. Калі ты забяспечаны чалавек, ты атрымліваеш дастаткова вялікія грошы і для паходу ў кавярню табе трэба працаваць гадзіну, то тут ніякіх праблем.

Так супала, што і ў Антона, і ў Тані праца не патрабуе сядзення ў офісе, таму рашэнне пераехаць у вёску далося лёгка. Але месца знайшлося не адразу.

Лянівыя пошукі цягнуліся доўга, пакуль пара не трапіла ў Малое Запруддзе на Валожыншчыне, дзе жыве вялікая суполка даўншыфтараў, аб’яднаных назвай Цудоўныя Пагоркі. Іх азарыла, што для загараднага жыцця важны не толькі сам участак, але і наяўнасць тых, з кім можна камунікаваць. І літаральна праз месяц хата была куплена.

Трэба прызнаць, што Антон і Таццяна ўтульна адчуваюць сябе ў вёсцы не толькі таму, што тут яны блізка да прыроды, але і таму, што тут больш спакойная абстаноўка. На фоне масавай эміграцыі актыўных беларусаў ужо здзіўляешся тым грамадскім актывістам, якія застаюцца на радзіме і пры гэтым працягваюць наладжваць свой быт і глядзець у будучыню.

У снежні 2020 года на адным з маршаў Антона затрымалі. Ён адседзеў 15 сутак. Але не здаўся, а, наадварот, удзячны гэтаму досведу, бо многія рэчы сталі на свае месцы. У першую чаргу, што тычыцца адносін з роднымі.

– Мае бацькі выявіліся з іншага лагера. Калі мяне затрымалі і не было вядома, што там са мной робяць, яны не дапамаглі ні Ніначцы, ні Танюшы. Іх палітычныя погляды аказаліся важнейшымі за сям’ю.

Яшчэ і злаваліся, лаяліся на мяне. А бацька ўвогуле перастаў са мной размаўляць. Яму нецікава было нават, як мяне білі ў турме, як здзекваліся з мяне. Гэта вельмі цяжка і дагэтуль раз’юшвае.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што Цэнтр экалагічных рашэнняў, дзе Антон працаваў апошнія гады, ліквідавалі па прадпісанні Мінгарвыканкама.

– Здаецца, ужо ўсё было зразумела, канкрэтныя наезды на грамадскія арганізацыі пайшлі. Я максімальна стараўся не хадзіць у офіс. Але я стаў раз на два тыдні з’яўляцца на працы, каб калегі памяталі, што ёсць такі я.

Гэта быў акурат той дзень, калі Антон прыехаў у офіс з камп’ютарам, каб папрацаваць там пару гадзін.

– Пайшоў у туалет, выходжу – а там ужо стаяць 10 чалавек з кувалдамі і адчыняюць усе дзверы. У мяне забралі ноўтбук з усёй працай – чарцяжамі і сметамі. А ўсіх, хто быў у офісе, затрымалі.

Нягледзячы ні на што, Антон пазітыўна глядзіць у будычыню, хаця тылы прыкрывае.

– Сёння я пад каўпаком адназначна. Праца ў НДА ў Беларусі – гэта хаджэнне па мінным полі. Я ўпэўнены, што мне адзін раз дзесьці трэба высунуць твар, і ўсё – я на пару гадоў улятаю ў Жодзіна ці Гомель. Таму я цяпер не высоўваюся. І на самой справе ў вёсцы добра. Тут я адчуваю пэўную свабоду, няма ціску, кіслых мінаў вакол. Зразумела, мы ўсе чытаем навіны, перажываем.

Чаму пачынаць жыць у хаце трэба з туалета

Ну а пакуль Антон і Таня ўкладваюць сваю энергію ў дом і дзеляцца сваім досведам. Мне перш за ўсё цікава, як кансультант па энергазберажэнні падышоў да рамонту старой хаты. Першай задачай было правесці ў дом ваду і зрабіць каналізацыю.

– У нас яшчэ былі голыя сцены, а мы ўжо абсталявалі туалет, – кажа Таццяна. – У Антона такая фішка: «Ну, я ж раблю каналізацыі, трэба, каб яна і ў нас была». Зрабілі – і забылі. І выявілася, што правільна зрабілі. Стала зручна ад самага пачатку.

– Мяне здзіўляе падыход сельскіх жыхароў да саміх сябе, – кажа Антон. – Сучасны свет, ХХІ стагоддзе, Ілан Маск запускае ў космас шматразовыя ракеты, інтэрнэт Starlink, а тут у людзей каналізацыі, блін, няма!

Гэтыя бабкі ходзяць увогуле ў туалет ці яны церпяць? Я не магу гэта ўявіць. У нас па статыстыцы 20% насельніцтва не мае падключэння да каналізацыі ўвогуле. Няўжо так цяжка кінуць трубу і хаця б паставіць нейкі бетонны калодзеж?

Антон і Таня пагаджаюцца, што гэта тая звычка, ад якой пасля вёска губляе насельніцтва.

– Дзеці гэтых людзей ужо прыязджаюць да бацькоў у вёску і думаюць: «Ды нахрэн нам гэты дом трэба? Гэта мне, каб пасраць зімой, трэба выйсці ў поле кудысьці», – бядуе Антон. – Тут у нас трэба было зайсці за хату, за сарай, і толькі там туалет стаяў. Я не магу гэтага зразумець.

Антон з Таняй паставілі сабе аўтаномную каналізацыю. Яна складаецца з трох пластыкавых сфераў і розных відаў бактэрый у іх. Праз хімічныя рэакцыі, якія там узнікаюць, вада награваецца, таму нават узімку бактэрыі не замярзаюць. На выхадзе атрымліваецца безбактэрыяльнае асяроддзе.

Крыху ніжэй знаходзіцца сажалка. Туды сцякае ўжо чыстая, празрыстая вада. Застаецца адзіная задача – прыкладна раз на год выграбсці цвёрды асадак. Антон і Таня выкарыстоўваюць яго ў кампост.

Аўтаномная каналізацыя.

Асноўнае правіла, якое вывеў для сябе Антон, – сельская хата не катэдж, і не трэба з яго рабіць катэдж.

– Можна шмат грошай укласці, а выхлапу ніякага не атрымаць. Таму што ўсё крывое, касое. Сцены могуць выявіцца негерметычнымі, печкі – раздалбанымі. Спецыялісты параілі мне мінімальна ўкладвацца. Я падумаў: і праўда. Запампоўваць сюды вялікія грошы – дзеля чаго?

Антон сцвярджае, што энергазберагальныя тэхналогіі недарагія. Да таго ж яны паляпшаюць камфорт.

– Многія думаюць: «Ой, энергазберажэнне… Стане цёмна, гэта ж лямпачкі трэба будзе павыкручваць, ваду эканоміць – не памыешся». Не, ніфіга. Энергазберажэнне – гэта акурат пра тое, каб задаволіць твае патрэбы з мінімальнымі стратамі.

Як уцяпліць старую хату, калі яна наскрозь дзіравая

Самае важнае, на думку Антона, – зберагчы цяпло. Часта першай справай пасля куплі хаты людзі ўцяпляюць сцены, на што трэба вялікія грошы, і гэта фактычна бессэнсоўна. На практыцы асноўныя цепластраты ідуць праз вокны, столь і падмурак. Значыць, іх і трэба ўцяпляць у першую чаргу.

Антон найперш уцяпліў столь 30-сантыметровым слоем кастрыцы. Гэта вельмі важна, бо, калі столь не ўцеплена, колькі печку ні тапі, цяпло адразу сыдзе праз верх.

Далей гаспадар зрабіў прызбу вакол хаты – замяніў гнілое бярвенне і ўцяпліў падмурак да першага вянца. Наступным крокам стала ўцяпленне вокнаў. Знешнія Антон пакінуў арыгінальнымі, а замест унутраных паставіў глухія шклопакеты. Прычым кошт такіх шклопакетаў нашмат меншы, чым з драўлянай рамай ці ПВХ, а звонку хата застаецца выглядаць аўтэнтычна.

Каб праветрываць, некалькі арыгінальных унутраных рам павесілі на петлі і прымацавалі ручкі. Цяпер вокны, якія звычайна ў драўляных хатах усю зіму не адчыняюцца, Антон і Таццяна могуць адчыняць. Яны размешчаны ў розных канцах хаты па дыяганалі, каб, адчыняючы іх, ствараць скразняк і хутка ды эфектыўна праветрываць хату.

Сэнсар якасці паветра.

Чаму яны так заганаяюцца па свежым паветры?

Сям’я Антона і Таццяны строга кантралюе якасць паветра ў хаце. У іх нават ёсць для гэтага адмысловы сэнсар.

– Цяпер узровень вуглякіслага газу ў хаце – 896 ppm, – падводзіць мяне да прыбора Антон. – Гэта так сабе паказчык. Да прыкладу, на вуліцы ўзровень СО2 складае каля 400 ppm. Калі нас у хаце доўга няма, то лічба апускаецца дзесьці да 550–600 ppm. Рэальна вуглякіслы газ трэба трымаць у раёне 700–1000 ppm. Пасля тысячы пажадана праветрываць.

Якасць паветра вельмі ўплывае на распаўсюджванне рэспіраторныях захворванняў, тлумачыць Антон.

– Задача не ў тым, каб зашыць усё наглуха, як тэрмас, а ў тым, каб табе лёгка дыхалася і ты быў здаровым. Пакуль не ўсе ўсведамляюць, што перанос бактэрый, вірусаў у забруджаным паветры значна большы.

У неправетным памяшканні можа быць што заўгодна – грыбкі, пыл, фармальдэгіды… А калі ў цябе добра праветрана, то ўсе гэтыя вірусы ўлятучваюцца. І таму я ўсім раю: адшкадуйце 200 баксаў і купіце сэнсар. Бо рэальна чалавек пачынае адчуваць, што нешта не тое з паветрам, ужо толькі пасля 2000 ppm. Сэнсар зэканоміць вам кучу бабла на таблетках. Мы, напрыклад, перасталі хварэць.

Антон узгадвае гісторыю, як аднойчы ён ездзіў па Беларусі мераць узровень вуглякіслага газу ў розных памяшканнях. Рэкорд, які ён засёк, быў у школьным класе – 4000 ppm.

– Прычым што 2000 ppm – гэта ўжо стан пазяхання і страты працаздольнасці, 3000 – гэта пераднепрытомны стан. А там дзеці вучацца! – абураецца Антон. – У такіх умовах немагчыма вучыцца не таму, што ты дурань, а таму што ты не можаш працаваць, атручаным СО2. Той стан санлівасці, калі пастаянна хочацца пазяхаць, – гэта ўжо і ёсць атручванне.

Тым больш у часы COVID-19, які з’яўляецца рэспіраторным захворваннем, якасць паветра мае вялізнае значэнне.

– Возьмем, напрыклад, звычайную працу ў офісе, – працягвае Антон. – Калі ў цябе слаба праветрываецца памяшканне, то можна сказаць, што тры гадзіны з васьмі ты змагаешся са сном і з атручваннем. Пачынаюцца гэтыя кавапаўзы, хаджэнні пакурыць.

У прынцыпе, у гэты час ты можаш увогуле нічога не рабіць – адпачываць, нічога не памяняецца ў тваёй працы. Нават больш адпачнеш, калі перастанеш імітаваць працу.

А пра святло? Вы памятаеце пра святло ў сваім доме?

Яшчэ адзін важны нюанс для здароўя, на які Антон і Таня звяртаюць увагу, – гэта святло. У іх хаце паўсюль шмат святлодыёдных лямпачак.

– Людзі лічаць, што дзеля эканоміі трэба выключаць святло. Гэта мела сэнс, калі былі лямпачкі напальвання. Але калі з’явіліся святлодыёды, то гэта стала не так важна. Важна – здароўе. Важна, каб святла было шмат.

Патлумачу. Сонца дае мільёны люмен, а святлодыёдная лямпа – тысячу, дзве. І нават у пахмурны дзень святла ад сонца ў разы больш, чым у памяшканні. То бок наш зрок эвалюцыйна быў адаптаваны да сонца, а мы сядзім тут у прыцемках. І мозг пачынае напружвацца ды перагружацца.

Важна, для чаго гэта святло. Калі сонца ў зеніце, яно мае сіняватае адценне. І наш мозг эвалюцыйна прывык, што гэта дзень, трэба працаваць. Значыць, калі ў цябе гарыць сіняе святло ў памяшканні, твой арганізм зараджаецца на працу. А на заходзе сонечнае святло больш жоўтае, яно супакойвае. Таму мы перад сном выключаем верхняе святло і ўключаем начнік.

Няправільнае асвятленне, лічыць Антон, можа прывесці да праблем са здароўем, у тым ліку са сном.

У сваёй працы Антон кансультуе людзей і арганізацыі па энергазберажэнні. Ён лічыць важным тое, што гэта не проста адарваная ад рэальнасці тэорыя, а асабісты досвед. Бо ўсё, пра што расказвае Антон, ён выпрабоўвае на сабе.

Фота: Downshifter.by.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter