У маі ў інтэрнэце завірусілася відэа, дзе кітайскі блогер разам са сваёй дзяўчынай, мадэллю з Беларусі, абмяркоўваў распаўсюджаныя стэрэатыпы пра беларускіх жанчын. CityDog.io вырашыў разабрацца, што са сказанага – праўда, і задаў некалькі пытанняў магістру беларускай філалогіі Сюй Байлуну.
Што здарылася?
У сярэдзіне мая ў інтэрнэце з’явілася відэа кітайскага блогера – у сацсетцы Х яго апублікаваў карыстальнік пад нікам chenpapro. У подпісы да відэа адзначаецца, што блогер «сустракаецца з беларускай супермадэллю» і «разбурае папулярныя чуткі» пра беларускіх жанчын.
У чатыроххвілінным роліку сярод іншага абмяркоўваюць стэрэатыпы пра беларускіх і ўсходнееўрапейскіх жанчын: іх знешнасць, стаўленне да шлюбу і фінансавыя чаканні.
А што дакладна казаў блогер?
Напрыклад, аўтар выказваўся пра знешнасць еўрапейскіх жанчын. Маўляў, у іншаземак «моцны пах цела». Яшчэ адзін стэрэатып тычыўся так званага «кароткага перыяду квітнення» – папулярнага ў кітайскіх сацсетках выразу, якім апісваюць узроставую прывабнасць жанчын.
Таксама ў відэа кажуць пра «забарону экспарту беларускіх прыгажунь» і пра тое, што падчас шлюбу з беларускай не давядзецца выдзяляць столькі ж грошай, колькі з кітаянкай.
У каментарыях пад ролікам карыстальнікі раяць «перад шлюбам з белай жанчынай правяраць яе крэдытную гісторыю» і дадаюць: пабудаваць зносіны з іншаземкамі сапраўды няпроста.
CityDog.io паспрабаваў разабрацца, а як беларусаў і беларусак успрымаюць у Кітаі. Мабыць, стэрэатыпы сапраўды ёсць, але мы пра іх не ведаем? Гэтыя пытанні мы задалі Сюй Байлуну – магістру беларускай філалогіі.
«Стасункамі з іншаземкамі можна хваліцца так жа, як дарагой машынай або кватэрай»
Сюй Байлун нарадзіўся ў Кітаі і на чацвёртым курсе Пекінскага ўніверсітэта пачаў вывучаць беларускую мову. У 2019 годзе Сюй скончыў універсітэт і прыехаў у Мінск, дзе трапіў на факультэт рускай філалогіі пры БДУ.
Сюй паспяхова абараніў дыпломную працу на беларускай мове і атрымаў ступень магістра беларускай філалогіі. Цяпер Сюй жыве ў Кракаве і рыхтуе дысертацыю, прысвечаную назвам жывёл у беларускай, польскай і ўкраінскай мовах.

– Давайце крыху разбяром той ролік. Увогуле, наколькі яму варта верыць?
– У гэтым роліку я не бачу вельмі глыбокай думкі, таму што апошнім часам у інтэрнэце з’яўляецца шмат падобных відэа. Разам з кітайскімі блогерамі могуць здымацца беларускі, украінкі або расіянкі, але нават тэксты ў відэа розных аўтараў дублююцца.
Мяркую, для разумення кантэксту відэа варта адзначыць і тое, што ў арыгінале аўтар кажа пра грошы, якія сям’я хлопца дае сваякам дзяўчыны пры шлюбе. Звычайна гэта вялікая сума. Блогер мае на ўвазе, што, калі ён бярэцца шлюбам з беларускай, яму не давядзецца траціць гэтыя грошы, як у стасунках з кітаянкай.
– Ці ёсць нейкія агульныя стэрэатыпы, датычныя славян?
– У Кітаі звычайна думаюць, што славяне – валасатыя і ваяўнічыя. Пры гэтым калі ты славянін, то абавязкова з Расіі – таму людзі на вуліцы могуць падыходзіць і вітацца з вамі па-руску. Не ведаю, адкуль паходзяць карані гэтых стэрэатыпаў, але магу сказаць, што зараз у інтэрнэце падобныя тэмы вельмі актыўна распаўсюджваюцца.
Датычна славянскіх жанчын у Кітаі я заўважаю стэрэатыпы, пабудаваныя на аб’ектывацыі. Напрыклад, стасункамі з іншаземкамі можна хваліцца такім жа чынам, як дарагой машынай або кватэрай.
Таксама адна з вельмі моцных і папулярных установак звязана са знешнасцю славянак – маўляў, прыгажосць хутка сыходзіць. І, нажаль, славянскія жанчыны аб’ектывуюцца мацней за кітаянак. Мне вельмі не падабаецца такое стаўленне.
– Ці быў асабіста ў вас нейкі стэрэатып, які разбурыўся падчас пераезду у Беларусь?
– Я думаў, што беларусы вельмі ваяўнічыя. Пад гэтым словам я разумею тое, што славяне схільны вырашаць праблемы “радыкальным” спосабам, часам ні з чым не лічучыся. Часцей ужываюць гвалт, радзей унікаюць канфлікту і зусім не думаюць пра негатыўныя вынікі сваіх дзеянняў.
Але гэтая думка аказалася стэрэатыпам, бо ў рэчаіснасці людзі так не робяць – яны мусяць думаць пра тое, які наступствы можа прынесці сваім блізкім такая “ваяўнічасць”.
– Пытанне ў адваротны бок: ці давялося вам сутыкнуцца з пэўнымі стэрэатыпамі?
– Часцей за ўсё гэта звязана з меркаваннем, нібыта кітайцы вельмі замкнёныя і пазбягаюць кантакту з вонкавым светам. Мяркую, гэта шкодны стэрэатып. Справа ў тым, што ў нас розныя тыпы камунікацыі. Мы больш стрыманыя, рэдка паказваем свае эмоцыі – пры першым знаёмстве гэта ўвогуле не прынята. Часам у Еўропе гэта могуць успрымаць як адмову ад размовы, што перашкаджае.
– А існуе ўстаноўка, што мы думаем па-рознаму?
– Так, падобнае меркаванне ёсць. У паўсядзённай камунікацыі я сапраўды назіраю розніцу. Мне падаецца, кітайскі светапогляд вельмі прагматычны: часам, матэрыяльнае важнейшае за духоўныя каштоўнасці. Напрыклад, калі дачку выдаюць замуж, то вымагаюць выкупу ад хлопцаў. У той жа час мужчыне трэба загадзя аб усім падумаць і забяспечыць сябе матэрыяльна, каб пабрацца шлюбам.
У славянскім светапоглядзе больш цэняць духоўныя каштоўнасці: каханне, мары, імкненні. На першы погляд гэтыя рэчы могуць падацца абсурднымі, не маючымі аніякай каштоўнасці – але як чалавек адчувае, так ён і робіць. Асабіста мне не складана ўспрымаць такі светапогляд, але мяне шакавала, што можна жыць інакш і не гнацца за матэрыяльным.
– Наконт запаху: гэта праўда, што еўрапецы пахнуць даволі моцна?
– Лічу гэта міфам. Я жыў у Еўропе шмат гадоў і пах людзей рэзкім не падаваўся мне рэзкім. Магчыма, гэты стэрэатып звязаны па-першае з тым, што ў Еўропе актыўна карыстаюцца дэзадарантамі і моцнымі парфумамі. Па-другое, людзі ў Азіі наўпрост менш пацееюць (адсутнасць паху ў азіатаў звязана ў тым ліку з мутацыяй гена, які падаўляе выпрацоўку кіслот у потовых залозах – прым. рэд.).
– Ці не лічаць у Кітае, што мы – занадта расслабленыя?
– Гэта праўда. Зараз я жыву ў Польшчы – па нядзелях крамы тут зачынены. А калі я жыў у Беларусі, то памятаю, як супрацоўнікі ў любы момант выходзілі на перакуры. Уявіць такое ў Кітаі немагчыма: падчас працы людзі вельмі напружаныя і нават калі не працуюць, усё роўна напружваюцца.
– На ваш погляд, ёсць рэчы, якія нас аб’ядноўваюць?
– Так, мяркую, у першую чаргу гэта чалавечыя каштоўнасці. Мы можам па-рознаму глядзець на жыццё, але роўнасць і справядліваць застаюцца аднолькава важнымі рэчамі.
Перадрукоўка матэрыялаў CityDog.io магчыма толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.












