«Не магу я гэту вёску кінуць». Беларуска вярнулася з эміграцыі і купіла 15 вясковых хат і ўчасткаў

«Не магу я гэту вёску кінуць». Беларуска вярнулася з эміграцыі і купіла 15 вясковых хат і ўчасткаў
Ірыяна Шыян пражыла 16 гадоў у ЗША. Падарваўшы здароўе цяжкай працай, вярнулася ў Беларусь, дзе занялася духоўным ростам, вылечылася, знайшла закінутую вёску, скупіла там амаль усе хаты ды ўчасткі і пачала будаваць рэтрыт-цэнтр, піша сайт аб альтэрнатыўным сельскім жыцці DownShifter.by. Журналісты выбраліся да гераіні, каб паглядзець на свае вочы, як у вёсцы Шэметава ствараецца Цэнтр развіцця чалавека.

Ірыяна Шыян пражыла 16 гадоў у ЗША. Падарваўшы здароўе цяжкай працай, вярнулася ў Беларусь, дзе занялася духоўным ростам, вылечылася, знайшла закінутую вёску, скупіла там амаль усе хаты ды ўчасткі і пачала будаваць рэтрыт-цэнтр, піша сайт аб альтэрнатыўным сельскім жыцці DownShifter.by. Журналісты выбраліся да гераіні, каб паглядзець на свае вочы, як у вёсцы Шэметава ствараецца Цэнтр развіцця чалавека.

Ірыяна Шыян.

Калісьці Шэметава, што на Мядзельшчыне, было вядомым мястэчкам. У ім знаходзіўся сядзібны маёнтак, апошнімі гаспадарамі якога быў род Скірмунтаў. Пры іх у ХІХ стагоддзі тут працавалі бровар, вінакурня, пральня, кузня і нават цэлы звярынец. Сёння ад былой велічы засталіся амаль адны руіны. Пра часы росквіту нагадваюць толькі сістэма штучных сажалак, рэшткі панскага парку і некалькі захаваных будынкаў.

У самой вёсцы засталіся жылымі толькі чатыры хаты. А плошча, на якой калісьці адбываліся шматлюдныя кірмашы, парасла травою. Аднак летась у Шэметаве пачаўся варушняк. Нехта адзін за адным стаў скупляць пустыя дамы і ўчасткі. Гэтым чалавекам аказалася Ірыяна Шыян, беларуска, якая 16 гадоў пражыла ў ЗША і тры гады назад вярнулася на радзіму.

Мы сустрэліся з Ірыянай ля хаты, якую сама гаспадыня называе бабулінай. Усяго ў Ірыяны на сёння 8 дамоў і 7 участкаў у вёсцы. Працы адначасова ідуць на чатырох аб’ектах: завяршаецца рэканструкцыя «бабулінай хаты»; яшчэ адзін дом давялося знесці, замест яго ўжо будуецца новы; на трэцім участку высыхае свежы падмурак; чацвёртую хату таксама пачалі рыхтаваць да рэканструкцыі. Акурат у наш прыезд з яе праз вокны грузілі ў трактар разабраную печ. Да зімы гаспадыні трэба заліць яшчэ хаця б тры падмуркі – закон абавязвае рабіць падмурак на пустым участку на працягу першага года.

Усё гэта робіцца для стварэння своеасаблівага рэтрыт-цэнтра развіцця чалавека. Гэта будзе месца для правядзення ўсялякіх заняткаў, семінараў, куды будуць прыязджаць настаўнікі з розных сфер. Можна будзе прыехаць і проста адпачыць. Да ўвасаблення гэтай мэты яшчэ далёка. Але праектам дома для агульных сустрэч Ірыяна плануе заняцца ўжо бліжэйшым часам.

Ірыяна прызнаецца, што мясцовыя жыхары не да канца разумеюць, што тут будуецца, але рады, што ў вёсцы з’явяцца людзі і ў вокнах будзе гарэць святло.

На дварэ «бабулінай хаты» шчыруюць рабочыя: адны шліфуюць дошкі, другія кладуць плітку, трэція рамантуюць свідравіну. Мы заходзім унутр і ўражваемся вялізнымі вокнамі, адкрытай светлай прасторай лофту і пліткай, якая пакрыла ўсю падлогу ў хаце. Каб падняцца на другі паверх, пакуль трэба залазіць на старую печ, якую Ірыяна вырашыла пакінуць у першародным выглядзе. Шум балгарак і электрапіл не дае нам спакойна паразмаўляць, і мы вырашаем прагуляцца па брукаваным гасцінцы да месца былой панскай сядзібы.

Па дарозе нам трапляюцца закінутыя хаты і ўчасткі. «Гэта мой дом, і за ім мой, і за ім таксама. Гэты стары магазін таксама мой», – каментуе дарогаю Ірыяна. Ля кожнага купленага ўчастка на слупе ўжо вісіць новы шчыток з электрычнасцю – гэта першае, што жанчына робіць пасля куплі нерухомасці.

Праз пару кіламетраў, мінуўшы сістэму штучных сажалак, мы выходзім да рэшткаў панскай сядзібы і касцёла Маці Божай Нястомнай Дапамогі, які быў пабудаваны ў 19-м стагоддзі. Службы ў ім адбываюцца і па сёння. Мы сядаем на лаву ля касцёла і працягваем размову. Каб зразумець, што прывяло нашу гераіню да такога жыцця, даводзіцца вярнуцца далёка ў мінулае.

Дзяцінства і эміграцыя

Ірыяна нарадзілася ў Рагачове. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС яе сям’і давялося пераехаць у Валожын. Там дзяўчына скончыла школу, затым атрымала эканамічную адукацыю ў жаночым інстытуце «Энвіла» ў Мінску. У 2003-м паехала ў ЗША да сястры і засталася там. Неўзабаве выйшла замуж.

– Пакуль муж быў у камандзіроўках з панядзелка па пятніцу, я жыла адна ў лесе ў старым доме. Памятаю, у мяне была добрая машына – BMW-кабрыялет на два сядзенні. Я адкрывала верх і вазіла там будматэрыялы.

Затым мужа перавялі ў Лондан, і яны з Ірыянай разышліся.

– Тры гады я была юнай прыгожай дзяўчынай з амерыканскім пашпартам і сваім бізнесам, якая шмат працавала і падарожнічала. А затым я сустрэла Тэйлара, будучага бацьку сваіх дзяцей.

У пары нарадзіліся дзве дачкі – Сіена і Афіна.

– Сёння я разумею, што нашы з Тэйларам жыцці перапляталіся толькі па дзецях. Я цягнула на сабе ўсё. Мы купілі ў гарах дом, за які заплаціла я і рамонт якога цягнула на сабе я. Рахункі аплачвала я. Прадукты былі на мне, гатавала я, прыбірала я, дзяцей у садок вазіла я, за садок плаціла таксама я. Перайсці да таго, каб перакласці частку абавязкаў на іншага чалавека, было няпроста. Бо «ты ж ужо ўсё можаш, што табе дапамагаць?» За 9 гадоў чалавек ні разу не памыў падлогу. Чаго ён раптам пачне яе мыць?

Жыццё цягнула з Ірыяны вялізныя фінансы. Толькі на рамонт ваннага пакоя ў доме яна выдаткавала $60 тысяч. Каб аддаць дзяцей у садок, давялося пераехаць у Сіэтл, дзе зняць дом каштавала $3 тысячы ў месяц, столькі ж штомесяц Ірыяна аддавала на дзіцячы садок для дачок. Для гэтага даводзілася вельмі шмат працаваць. Ад такой нагрузкі ў жанчыны пасыпалася здароўе.

– Мне вельмі моцна стаў балець жывот і спіна. Здавалася, што я іду ў тупік. Больш я так не магла. Таму вырашыла на год паехаць у Беларусь, каб хаця б разабрацца, што ў мяне баліць і чаму.

Вяртанне на радзіму і духоўны рост

Так Ірыяна разам з дочкамі трох і шасці гадоў аказалася ў Беларусі. Праз паўгода пасля вяртання на радзіму пачалася пандэмія каранавіруса.

– Я дзякавала богу, што ў гэты час мы аказаліся тут. Мы з Тэйларам адмаўляемся насіць маскі. Іншыя рэчы, звязаныя з кавідам, таксама ігнаруем. Таму ў Беларусі нам было камфортна. І мы зразумелі, што назад у ЗША ужо не вернемся.

У Ірыяны з’явілася цэлая папка з даследаваннямі свайго здароўя. Дактары знайшлі некалькі грыж у хрыбце жанчыны.

– Першыя паўгода я хадзіла ў гарсэце ад шыі да пупка. Было адчуванне, што без гарсэта я рассыплюся. Мяне лячылі і токам, і іголкамі, рабілі ўколы ў спіну. Але пакуль я не сабралася энергетычна, нічога не мянялася. Калі ты аддаеш сябе без рэшты, то, натуральна, чаго чакаць?

– Як толькі я занялася самаразвіццём і духоўным абуджэннем, мне раптам перастала ўсё балець.

Цяпер, па словах Ірыяны, у яе ніколі нічога не баліць. Першым крокам да такіх змяненняў было адпусканне гіперапекі над дзецьмі.

– Я літаральна кожную секунду нешта рабіла для дзяцей, ніколі не пакідала іх адных. У мяне ўсё было распісана па хвілінах: па выхадных я вадзіла іх на тры-чатыры гурткі. У доме ўсё было ідэальна: папрасавана, прыбрана, ідэальная ежа.

– Было адчуванне, што я ўсю сябе аддаю, а ў адказ нічога не атрымліваю. Гэта не прыносіла шчасця ні мне, ні дзецям. І я зразумела, што не павінна ўсё на сабе цягнуць.

Другім крокам для Ірыяны было асэнсаванне стасункаў з мужам.

– Я ўзяла на сябе так шмат, што мужчыне і не трэба было быць побач. Ён не нёс у сабе ніякай функцыі. Я ўсё давала, давала, ён усё браў, браў, і я знясілела. Пачаліся гэтыя адносіны: ахвяра – ратаўнік – агрэсар. У нашых стасунках я брала на сябе ролю ахвяры і ратаўніка, і яму нічога не заставалася, як стаць агрэсарам. Адпусканне гэтых роляў, якія мы на сябе ўзялі, і іх значнасці было для мяне яшчэ адным важным крокам.

У пэўны момант Ірыяна зразумела, што ёй няма чаго больш узяць ад гэтых адносін. Апошнім крокам стала пераадольванне страху згубіць дзяцей і гатоўнасць да таго, што ёй прынясуць шмат болю.

– Калі я прыняла рашэнне разысціся, мне было страшна пакінуць нашу агульную прастору, бо я баялася – а раптам ён скажа: дзеці з табой не паедуць. А я ніколі з дзецьмі не разлучалася.

У выніку атрымалася зусім наадварот. Калі Ірыяна вырашыла сысці, з ёй не захацелі ехаць дзеці.

– Мама стала вінаватай ва ўсім: што мы не ў Штатах жывём, што я туды іх не пускаю, што Беларусь дрэнная, што я не нарадзіла трэцяга дзіцяці. Мае ж дзеці мне выдалі кучу артыкулаў.

Тады жанчына пазваніла адвакату, і ён прапанаваў зрабіць дакументы, што Ірыяна з’яўляецца асноўным з бацькоў. І яна сама падала ў суд.

– Але на судзе, які адбыўся два тыдні назад, на мяне найшло азарэнне. Я прыйшла і сказала: «Усё, што я прасіла ў яго, я аддаю яму сама».

Так Ірыяна перадала асноўную апеку над дзецьмі бацьку, сказаўшы, што ўсіх іх любіць, што заўсёды ёсць, калі ім трэба яе любоў. У выніку ў судзе ад шчасця плакалі і абдымаліся ўсе.

Цяпер дзяўчаты жывуць з бацькам, а Ірыяна забірае іх на выхадныя.

– Я адпусціла ўсе вяроўкі і стала свабоднай. У мяне больш няма зачэпак, за якія нехта можа пацягнуць. У выніку ўсе выйгралі. Дзеці шчаслівыя. Калі ім трэба, я ёсць, яны ведаюць, дзе мяне знайсці. Вядома, Тэйлару цяжка. Ён ніколі не быў з дзецьмі столькі часу. Яму ніколі ў жыцці не трэба было столькі гатаваць і прыбіраць без перапынку. Але цяпер, як ніколі, важна адпусціць усё. Адпусціць нават тое, што выйшла з цябе, гэты камочак душы, які я нарадзіла, адпусціць цалкам, з любоўю, без адзінага страху, прывязкі, давяраючы гэтаму сусвету.

Цяпер падзеі на планеце раскручваюцца так, што любыя страхі і прывязкі пачнуць заблытваць чалавека так, як заблытвае павадок кацяня, якое вырвалася і бяжыць, баючыся ўсяго на свеце.

Калі падзеі хутка мяняюцца, а ты такі: «Ды ў мяне ж бульба пасаджана, у мяне лецішча, іпатэка, нявырашаныя стасункі…» – то пачынаюцца гэтыя прывычкі. А ты нясешся ўжо, таму што плынь нясе.

Цяпер прастора такая гібкая, што ў ідэале, калі ўстаеш раніцай, ты не мусіш мець раскладу.

Калі ты жывеш па раскладзе, ты не слухаеш сваю душу і сусвет. Ты стварыў сабе мэту і апынуўся ў ілюзіі, якую сам сабе намаляваў.

Затым ты ўстаў раніцай – а сусвет ужо іншы. Табе трэба пачуць, што гэты сусвет і твая душа табе кажуць. А ты нават не слухаеш, бо ў цябе ўсё напісана ў плане. Таму, калі ты прачынаешся, табе трэба не памятаць сябе ўчорашняга ці які ў цябе расклад, а пабачыць сябе новага, адчуць, што адбываецца ў агульнай плыні. А плынь сусвету – гэта бог, то бок абсалют. Калі ты знаходзішся ў плыні абсалюту, ты ў раўнавазе. Каб увайсці ў гэтую плынь, трэба стаць нікім. А ў цябе расклад. Ну як з раскладам можна стаць нікім?

– Мы ўсе гэта ўнутры ведаем. Але людзі часта хочуць фізічных доказаў. Пройдзе яшчэ нейкі час, пакуль адбудуцца падзеі, якія пацвердзяць тое, што я цяпер кажу. І пакуль гэта не адбылося, можна задаваць пытанні: адкуль ты гэта ведаеш? Я гэта ў сабе бачу. Я бачу, як рэагуе прастора на мае энергіі. Я не чакаю і не шукаю доказаў, таму што калі ты пачынаеш нечага чакаць і адчуваць нецярпенне, тады ты не зусім верыш. А трэба прыняць сябе і сусвет цалкам.

Чалавек можа сядзець у розных сцэнарыях і называць гэта адказнасцю, але гэта яго выбар. Сцэнарыяў рашэнняў вельмі шмат, проста ў людзей замнога страхаў. Калі ты такі не здольны ні на што, значыць, ты і бярэш адпаведны вынік свайго жыцця. Калі ў мяне зараз зусім не акажацца грошай, я ведаю, што ў мяне ёсць шмат здольнасцей, каб сябе пракарміць. Я ўмею гатаваць, маляваць, будаваць. Таму я зусім не хвалююся пра грошы.

Шэметава і рэтрыт-цэнтр

– Шэметава цяпер робіцца, таму што мне гэта адгукаецца. Калі я буду рабіць гэта дзеля кагосьці, усё адразу ж і скончыцца.

Што б вы ні рабілі ў жыцці, рабіце гэта таму, што яно вам прыносіць задавальненне. Калі гэта не прыносіць задавальнення, не рабіце гэта, знайдзіце нешта іншае.

Жаданне жыць на прыродзе ў Ірыны з’явілася адразу пасля вяртання ў Беларусь. Але ў памяці стаялі дзікія бясконцыя краявіды ля доміка ў амерыканскіх гарах, а тут такіх было не знайсці.

– Мы глядзелі нешта каля Мінска, але там паўсюль дзесьці быў сусед і плот. А нам хацелася цішыні і прасторы. Затым у лютым 2020-га я прачытала артыкул пра панскую сядзібу ў Шэметаве і паехала з сяброўкай яе глядзець. І мы заблукалі. Пакуль шукалі разваліны, заехалі ў вёску. Выйшлі з машыны, а тут снег блішчыць, хаткі стаяць, і плошча гэта вялізная. І не бачна ніякіх слядоў. Відаць, што вёска закінутая.

– І я тут жа кажу: «Так, нам трэба скупіць усе гэтыя хаткі».

Ірыяна вярнулася ў Мінск, а Шэметава не выходзіла ў яе з галавы.

– Было такое адчуванне, нібы я шчанюка забыла ў лесе: ну не магу я гэту вёску там кінуць, яна ж без мяне зусім знікне. І я вагалася прыкладна месяц. На самой справе было вельмі нязручна ўкліньваць гэты праект у сваё жыццё. Але ў выніку я пазваніла ў сельсавет і спытала, як можна купіць гэтыя хаты. Яны сказалі: прыязджай. Я прыехала. Яны мне: пішы заяву на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Так Ірыяна пачала афармляць пустыя ўчасткі: на сябе, маму, тату, усіх цётак і дзядзек ды іншых сваякоў. Затым яна зразумела, што гэты працэс моцна зацягваецца, і знайшла чалавека, які стаў дапамагаць ёй з дакументамі. А працы было шмат – знайсці ўсе хаты з патэнцыялам продажу, адшукаць нашчадкаў, дапамагчы ім увайсці ў спадчыну, зрабіць дакументы.

Усё гэта выліваецца Ірыяне ў капеечку. Але думаць пра грошы жанчына адмаўляецца. На маё пытанне, колькі яна ўжо выдаткавала на свой праект, гаспадыня кажа, што не вядзе бюджэт. Яна прадала сваю палову казачнага дома ў гарах у Штатах і штомесяц атрымлівае даход ад здымкаў, якія рабіла як архітэктурны фатограф. Калі раптам скончацца грошы, яна не бачыць нічога страшнага ў тым, каб прыпыніць працу над праектам.

– У мяне няма ні кроплі сумневаў, што я раблю нешта не так. Мяне задаволіць любы сцэнарый развіцця падзей. Прастора мяняецца так хутка, што я не задаю канчатковай мэты, што ж сабой будзе ўяўляць вёска. Мая задача – пачаць. Я нават не думаю, што буду кіраваць гэтым праектам увесь час. Але праект дакладна не будзе камерцыйным.

 

Фото: downshifter.by.

поделиться