Адметныя. Як пабудаваць сабе ўтульную хатку за два тыдні і 10 тыс. даляраў

Адметныя. Як пабудаваць сабе ўтульную хатку за два тыдні і 10 тыс. даляраў
Мы працягваем рубрыку “Адметныя” – пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння распавядзем пра кампанію “ТатаХата”, якая будуе “дамы беларускай мары”: вашу хатку зробяць за некалькі тыдняў і па памяркоўным кошце.

Мы працягваем рубрыку “Адметныя” – пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння распавядзем пра кампанію “ТатаХата”, якая будуе “дамы беларускай мары”: вашу хатку зробяць за некалькі тыдняў і па памяркоўным кошце.

Літаральна за два крокі ад станцыі метро “Маладзёжная” стаяць дзве драўляныя хаткі і адна лазня. Гэта адначасова і выстава дасягненняў, і офіс кампаніі “ТатаХата”, якая займаецца будаўніцтвам дамоў – у асноўным па каркаснай тэхналогіі.

Уладальнікі фірмы Аляксей Бучык і Барыс Урбановіч тлумачаць: хаткі пабудавалі для таго, каб пакупнікі з самага пачатку бачылі, якім атрымаецца дом. Кожны пакой утульна абсталяваны: спальня, гасцёўня і нават прыбіральня.

“Дызайн рабілі як для сябе”, – прызнаюцца гаспадары. Тыя рэчы, якія спадабаюцца госцю – ад шафы да дэкаратыўнага пано, – можна тут жа замовіць і ў свой дом.

Цікава, што ў хатках усё “ў працоўным стане”. “Нават лазню адзін раз тапілі”, – смяюцца. Бізнесмены думалі прапанаваць будучым пакупнікам незвычайную паслугу: каб “тэставы” дзень тыя пражылі ў адным з гэтых дамоў – але, на жаль, не даведаліся, як аформіць ідэю з пункту гледжання заканадаўства.

У Барыса Урбановіча будаўнічая адукацыя. Працай з дрэвам ён захапляецца даўно: “Яно жывое, як Бураціна”. У Аляксея Бучыка ёсць яшчэ адзін бізнес, звязаны з IT. А ідэя “ТатыХаты” ў сяброў узнікла… з падарожжа ў Амстэрдам.

– Мы жылі ў раёне, дзе вялося будаўніцтва. І, уявіце сабе, літаральна за тыдзень там вырасла цэлая вуліца дамоў, – згадвае Аляксей. – Мы падышлі да працаўнікоў, папрасілі пастлумачыць: як так? Дагэтуль мы былі прыхільнікамі каменных дамоў, але, калі пазнаёміліся з тэхналогіяй каркаснага будаўніцтва, вельмі натхніліся.

Кампанія “ТатаХата” робіць каркасныя ці каркасна-шчытавыя дамы, а яшчэ з бруса і СІП-панэляў. Але асноўны ўпор менавіта на каркасныя дамы, якія вы, мабыць, бачылі яшчэ ў савецкія часы. Як запэўніваюць героі, у свеце ўсё даўно змянілася.

Дыскрэдытавалі гэту тэхналогію ў СССР з-за дрэннай якасці будаўнічых матэрыялаў. Дамы ўцяпляліся самай звычайнай будаўнічай шклаватай, якая асядала ды звальвалася, парушаючы тым самым “цеплавы канверт” будынка. Матэрыялы, якімі аздабляліся тыя хаты, таксама пакідалі жадаць лепшага. Атрымліваліся ненадзейныя, часовыя будынкі.

Цяпер жа ў Фінляндыі, напрыклад, запатэнтаваныя нават пяціпавярховыя каркасныя дамы. У Беларусі такіх не будуюць – але ўсе матэрыялы і схільныя да старэння састаўныя часткі каркаса апрацоўваюць адмысловым чынам, каб яны маглі вытрымліваць нават экстрэмальныя па беларускіх мерках вонкавыя ўздзеянні. Тэхналогіі пастаянна ўдасканальваюцца: сучасная мінеральная вата можа замяніць метр тоўстага цаглянага муру.

– У Беларусі ўсе баяцца драўніны, у Амстэрдаме – не. Там гэтак жа часта ідзе дождж. Калі мы запыталіся ў будаўнікоў: “Чаму вы выкарыстаўваеце дрэва?”, – яны здзівіліся: “Пасля дажджу яно хутка сохне!”

“ТатаХата” будуе з архангельскай сасны. Лічыцца, што яна лепшая за беларускую. Па-першае, на поўначы Расіі суровы клімат: дрэва літаральна выжывае, ад гэтага робіцца цвёрдае, мацнейшае, смалістае. “Калі пакласці два палены побач і ўвагнаць у іх сякеру, то ў беларускую сасну яна ўвойдзе добра, а ад архангельскай можа і адскочыць”, – тлумачыць Барыс.

Але ёсць і другая гісторыя: падчас вайны ў Беларусі згарэла шмат лесу, шмат яго вывезлі. Большасць таго, што ёсць цяпер, – гэта маладыя дрэвы, менш прыдатныя да будаўніцтва.

Пакуль уладальнікі вывучалі тэхналогіі і матэрыялы, падбіралі добрых будаўнікоў, то распрацавалі нават уласную філасофію: не трэба чакаць і адкладаць усё жыццё на каменны дом. Лепш карыстацца момантам – і будаваць каркасныя дамы, якія каштуюць танней і робяцца хутчэй.

– Наша галоўная мара – растлумачыць, што не трэба траціць вялікія грошы на будоўлю. Шмат хто з беларусаў хацеў бы жыць не ў кватэры, а ў сваім доме. Але баіцца, што працэс атрымаецца доўгі, дарагі і складаны. Сапраўды, цагляны дом можа каштаваць ад 60 000 у.а. і да бясконцасці. А мы хочам, каб беларусы маглі дазволіць сабе ўласную хату.

Тэрмін службы каркаснага дома – прыкладна 80 гадоў. Але можна і больш: усё залежыць ад таго, як за ім даглядаць.

Тое, што “ТатаХата” намагаецца размаўляць з кліентамі на беларускай мове, таксама тлумачыцца адносінамі да справы: “Розніца – як паміж “я тебя люблю” і “я цябе кахаю”.

Пакуль што “дзень роднай мовы” ў кампаніі – гэта аўторак, але гаспадары мараць пра цэлыя працоўныя беларускамоўныя тыдні, плануюць адсылаць супрацоўнікаў на курсы. Прызнаюцца: будаўніцтва на беларускай мове ім даецца складана, бо даводзіцца выкарыстоўваць шмат тэрмінаў. Ці хутка вы перакладзяце “винтовые сваи”? А некаторых кліентаў бянтэжаць нават “лазня” ды “альтанка”.

– Кожную хату мы дзелім на тры камплектацыі: лета, восень, зіма. Ад гэтага залежыць кошт.

“Зімняя” хата, у якой мы размаўляем, каштуе даражэй. Збудаваць такую можна за месяц. “ТатаХата” працуе з “дамамі пад ключ”, калі кліент можа замовіць усё – нават печ і камунікацыі.

– То бок я пакідаю вам грошы, на месяц з’язджаю…

– А калі вяртаецеся, бачыце гатовы дом. А хочаце – стаўце фатэль і назірайце за будаўніцтвам.

З мая гэтага года “ТатаХата” пабудавала больш за 20 дамоў: у Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай вобласці. Кожнага кліента гаспадары памятаюць па прозвішчы. Вось, напрыклад, самы бюджэтны пакуль праект – каля 28 000 рублёў без каналізацыі і ацяплення, але па жаданні гаспадара з сайдынгам.

– Кліент нам здаваўся вельмі прыдзірлівым. Відаць было, што абышоў усіх канкурэнтаў у акрузе. Арыентаваўся ў пакрыцці даху, аздабленні цокаля... Выбраў “восеньскі” домік. Наша брыгада спрацавала так, што ён проста абамлеў! Узвялі дом за два тыдні. Гаспадар казаў, што суседзі з ім перасталі размаўляць: не разумеюць, як так хутка дом вырас.

Сапраўды, тое, што дом можна пабудаваць так хутка, здзіўляе многіх. Бізнесмены прыгадваюць першы дом, які будавала “ТатаХата”: гасцявы, для дачок, на хутары. Гаспадар быў бортнікам, завітваў сюды раз на тыдзень. Прыехаў і ўразіўся: хата стаіць!

– Пачаставаў нас мёдам і пылком з кветак, – усміхаецца Барыс.

– А які можа быць самы сціплы бюджет на будаўніцтва хаты?

– Можна прыходзіць з 12 000 рублёў. Тады ў вас будзе летні дачны дом 5х5 ці 6х6. Два-тры пакоі, санвузел, кухня і невялікая тэраса. Тэрмін узвядзення – два тыдні.

ВАЖНА: калі надумалі расшарыць гэты матэрыял, не забывайце пра хэштэгі: #адметныя #свае #s7mova #SamsungBelarus. Дзякуй!


РУБРЫКУ "АДМЕТНЫЯ" МЫ СТВАРАЕМ РАЗАМ З КАМПАНІЯЙ SAMSUNG ELECTRONICS.


Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: CityDog.by.

ООО “Самсунг Электроникс Рус Компани”, ИНН 7703608910

Еще по этой теме:
Адметныя. Знаёмцеся з чалавекам, якому належаць рэстарацыі “Камяніца” , “Грай”, “Карчма” і “Агінскі”
Адметныя. Мінчук баяўся пачынаць бізнес, а паспрабаваў – і атрымалася лепшая этнакрама горада
Адметныя. Той самы мінчанін, які завёў моду на вышымайкі
поделиться