Жывая Бібліятэка ад А да Я: трэнінг (16+)
5 - 6 мая 2018
Дедлайн: 20.04
Знешне Жывая Бібліятэка выглядае вельмі проста, і праз гэта фармат карыстаецца ўсё большым попытам у беларускіх ініцыятыў, арганізацый. Але каманда Цэнтра развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая Бібліятэка”, маючы больш за тры гады досведу арганізацыі фармату ў Беларусі, з упэўненасцю можа сказаць, што гэта зусім не проста! Знайсці “правільнае” памяшканне, адшукаць Кнігі, патлумачыць ім, што будзе адбывацца, распаўсюдзіць інфармацыю, падрыхтаваць усе неабходныя дакументы… У неспрактыкаваных арганізатараў усё гэта выклікае хвалю праблем і пытанняў. Аднак рады падзяліцца досведам, каб вы маглі правесці мерапрыемства прыемна і карысна для ўсіх бакоў.
Для каго трэнінг? Для будучых Бібліятэкараў і Бібліятэкарак, то-бок для тых, хто хоча самастойна альбо ў складзе нашай каманды ў сваёй арганізацыі, школе, універсітэце, горадзе, вёсцы ладзіць Жывыя Бібліятэкі і змяняць грамадства да лепшага! Не важна, колькі ў вас досведу і якога вы ўзросту! Галоўнае, каб вы хацелі рабіць Жывыя Бібліятэкі ў Беларусі разам з намі і прытрымліваліся нашых каштоўнасцяў (павага да правоў чалавека і разнастайнасці грамадства, недыскрымінацыя, роўнасць). Мовы трэнінгу: беларуская і руская.
Трэнінг запланаваны на 5–6 траўня 2018 года (субота-нядзеля), на 2 поўныя дні, у Мінску. Чакаецца, што ўсе ўдзельнікі перад трэнінгам вечарам 4 траўня наведаюць Жывую Бібліятэку ў Мінску з мэтай непасрэднага знаёмства з фарматам.
Арганізатары мерапрыемства пакрываюць транспартныя выдаткі ўнутры краіны (цягнік, маршрутка, аўтобус), забяспечваюць харчаванне. Пры неабходнасці можа весціся размова пра кампенсацыю выдаткаў на пражыванне ў Мінску падчас трэнінгу.
Для ўдзелу ў трэнінгу неабходна да 23:59 20 красавіка запоўніць заяўку Колькасць месцаў абмежаваная, і арганізатары пакідаюць за сабой права адбору ўдзельнікаў і ўдзельніц на падставе матывацыі і з улікам роўнай прадстаўленасці розных груп (гендар, узрост, месца пражывання і г.д.). З адабранымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі арганізатары звяжуцца не пазней за 24 красавіка па электроннай пошце.
Пры ўзнікненні пытанняў звяртайцеся на электронную пошту human.library.belarus@gmail.com з пазнакай у тэме ліста “Трэнінг ад А да Я”.
Жывая Бібліятэка – гэта мерапрыемства, дзе сустракаюцца Кнігі – людзі, якія маюць пэўную ідэнтычнасць, рэдкую прафесію, унікальны досвед, нязвыклы для “большасці” лад жыцця альбо светапогляд, і Чытачы – удзельнікі мерапрыемства. Чытачы прыходзяць, рэгіструюцца, атрымліваюць картку чытача і ідуць запісвацца да тых Кніг, якія іх цікавяць. Жывая Бібліятэка дапамагае асэнсаваць і пераасэнсаваць стэрэатыпы грамадства, якія далёка не заўсёды спрашчаюць людзям жыццё. Больш інфармацыі пра фармат і арганізатараў вы можаце знайсці на сайце.