9 красавіка спаўняецца 200 гадоў Шарлю Бадлеру (1821-1867). У гэты дзень а 19:00 яго беларускі перакладчык Андрэй Хадановіч прачытае лекцыю пра вялікага французскага творцу, аўтара культавых “Кветак Зла” і “Парыжскага спліну”, пачынальніка паэзіі сімвалізму, бацьку ўсіх паэтаў-дэкадэнтаў.
Чаму Бадлера называюць “Капернікам паэзіі, якая дагэтуль была беспаваротна пталемееўскай”? Як Бадлер сам выбраў свой лёс “выклятага” паэта? Чаму навучыўся ў Эдгара По і як развіў ягоныя ідэі? Як “пераплавіў” у паэтычныя вобразы тэорыю сусветнай аналогіі Эмануэля Сведэнборга? Што такое звышпрыродная эстэтыка і магічная паэтыка Бадлера? Як тры галоўныя каханні ў жыцці паэта ператварыліся ў тры цыклы яго любоўнай лірыкі? Як Бадлер выбіраў назву для сваёй галоўнай кнігі? Чаму хацеў, але так і не назваў яе “Лесбійкі”? Як потым трапіў пад суд і быў асуджаны за яе?
Чаму “Кветкі Зла” – не зборнік, а менавіта кніга паэзіі, і якім чынам іх аўтар паўплываў на паэтаў-наступнікаў – ад Норвіда да Багдановіча – у мастацтве кнігаўкладання? Як паўстала кніга вершаў прозай “Парыжскі сплін”? Якія парады творца даваў маладым літаратарам, як вучыў кіраваць сваім натхненнем і што думаў пра алкаголь і наркотыкі як стымулятары творчасці? Што рабілі з Бадлерам яго перакладчыкі і перакладчыцы, ад Марыны Цвятаевай да Віславы Шымборскай, ад Уладзіміра Жылкі да сучасных паэтаў?
Гэтыя і некаторыя іншыя пытанні Андрэй Хадановіч пастараецца разгледзець у лекцыі, а таксама пачытае Бадлера ў беларускіх перакладах.