Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі прадстаўляюць
цыкл публічных лекцый "Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні"
СЯРГЕЙ САХАРАЎ
ПЛЮС-МІНУС ДВАЦЦАЦЬ ГАДОЎ: ШТО АДБЫВАЕЦЦА З МЕДЫЯ СЁННЯ І ЧЫМ ГЭТА АДГУКНЕЦЦА ЗАЎТРА?
20 траўня, 18.30, ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16)
У 1939 годзе, каментуючы дэманстрацыю тэлебачання на сусветнай выставе, адзін з аглядальнікаў “Нью-Ёрк Таймс” пісаў: "Праблема тэлебачання ў тым, што людзі павінны сядзець і трымаць свае вочы прылепленымі да экрана; сярэдняя амерыканская сям'я не мае на гэта столькі вольнага часу". Калі зараджалася тэлебачанне, многія прагнозы будучыні гэтага феномену гучалі скептычна - здавалася, што яму няма месца ў тым ладзе жыцця, які ўсталяваўся ў звычайнага чалавека. Аднак сталася наадварот - гэты кірунак масмедыя так моцна паўплываў на людзей, што гэта чалавек з цягам часу пачаў выбудоўваць свой распарадак дня ў адпаведнасці з праграмай перадач улюбёных тэлеканалаў.
Вы скажаце, што Вас гэта не датычыць, бо вы ўжо даўно не аматар тэлебачання? Але ж са з'яўленнем Інтэрнэту і перамяшчэннем масмедыя ў прастору глабальнай сеткі гэты працэс ўплыву на чалавека, яго свядомасць, сістэму каштоўнасцяў, матывацыю дзеянняў стаў яшчэ больш адчувальным. Сёння цалкам відавочна, што медыясфера - гэта не толькі крыніца інфармавання, трансляцыі культурных мадэляў, гэта важны фактар фармавання чалавека.
Дзе апынуліся медыя сёння? Чаму вакол так шмат "жаўцізны"? Што не так з беларускім медыярынкам? Як праз некалькі гадоў медыя могуць змяніць жыццё звычайнага беларуса ў долі секунды?
Разважаючы пра будучыню Беларусі, нельга абмінуць аналіз трэндаў, тэндэнцый і кірункаў развіцця сучаснай журналістыкі, узаемаадносін СМІ і сучаснага грамадства.
20 траўня 2016 г. Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі ў межах цыкла "Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні” запрашаюць на адкрытую лекцыю Сяргея Сахарава, галоўнага рэдактара інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog.by. Разважаючы пра сучасныя медыя, мы пагаворым таксама пра пазіцыянаванне інтэрнэт-выданняў, перспектывах стварэння “машыны часу” і пра тое, як гэта паўплывае на сродкі масавай інфармацыі.
Лекцыя “Плюс-мінус дваццаць гадоў: што адбываецца з медыя сёння і чым гэта адгукнецца заўтра?” будзе праходзіць у крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” (вул. Кастрычніцкая, 16), пачатак а 18.30. Уваход вольны!
Відэазапісы папярэдніх лекцый і анонсы наступных падзей шукайце на нашым сайце: http://fly-uni.org/