З 23 па 30 красавіка ў падтрымку ўсіх ініцыятываў, якія мусілі перанесці свае даты з-за глабальнай пандэміі, фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» правядзе серыю online-івэнтаў #zzyalive на сваёй старонцы ў Facebook.
У сакавіку кінафестываль «Паўночнае ззянне» абвесціў, што пераносіць сваю асноўную праграму на восень, калі, па папярэдніх ацэнках, масавыя мерапрыемствы зноў стануць рэальнасцю. Але, каб не разгубіцца і не згубіцца, на тыдні з 23 па 30 красавіка «Паўночнае ззянне» прапануе далучыцца да лайв-стрымаў на старонцы фестывалю ў Facebook. Фармат online-трансляцый – гэта размовы з беларускімі і замежнымі кінадзеячамі, культурнымі менеджарамі і сацыяльнымі актывістамі на актуальныя тэмы.
Першае мерапрыемства ў межах #zzyalive адбылося 14 красавіка: размова з прафесійнай фатографкай Дзіянай Бірук, якая здымала рэжысёрку Дар’ю Жук для візуальнай канцэпцыі 5-га «Паўночнага ззяння». Такім чынам каманда фестывалю вырашыла працягнуць фармат утульных размоў.
Слоган «СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ» – новы слоган «Паўночнага ззяння» 2020, якое перанеслася на восень, гэта і пра клопат пра сваіх сяброў, сваю аўдыторыю. Таму мы заклікаем вас заставацца дома і сачыць за імправізаванымі і крутымі мерапрыемствамі «Ззяння» анлайн – у Facebook кінафестывалю «Паўночнае ззянне».
Поўная праграма:
23 красавіка 11:00 «Сняданак з культурнымі менеджаркамі Вольгай Мжэльскай і Ірынай Лукашэнкай».
Размаўляем пра сітуацыю з культурнымі інстытуцыямі ў Беларусі ў час крызісу, а таксама будучыню і прагнозы для культуры пасля пандэміі і акцыю ў падтрымку культурных ініцыятыў «АртПроездной».
24 красавіка 15:00 «Яшчэ раз пра будучыню. Што чакае Беларусь і ўвесь свет пасля пандэміі?»
Антон Раднянкоў, дырэктар «Цэнтра Новых Ідэй».
Якую вопратку людзі стануць насіць пасля крызісу, ці стануць менш карыстацца пералётамі і ці звернуцца больш да лакальнай вытворчасці? Ці ставіць пандэмія пад пытанне глабалізацыю? І іншыя цікавыя пытанні.
25 красавіка 19:00 «Размова каля вады з Дар’яй Жук. Слухаць і чуць»
Дар’я Жук, рэжысёрка.
Пра праекты, над якімі рэжысёрка працуе зараз, як і чаму хочацца расказваць жаночыя гісторыі. А таксама пра феміністычную оптыку, або як Дар’я Жук стала феміністкай.
26 April 13:00 ‘Lockdown for film people. Lithuanian experience’
Dovilė Butnoriūtė, Head of Film promotion, Lithuanian Film Centre. Размова вядзецца па-ангельску.
27 красавіка 15:00 «Ці паўплываў каранавірус на сітуацыю ў кіно ў Беларусі? Або няма індустрыі – няма праблем?»
Канстанцін Варабей, менеджар «Майстэрні сацыяльнага кіно».
28 красавіка 15:00 «Новая з’ява ў Беларусі — сітуацыйны актывізм»
Света Гатальская, су-заснавальніца ініцыятыўнай групы «Маршируй, детка!», якая працуе над прыняццем у краіне комплекснага закону пра супрацьдзеянне хатняму гвалту.
29 красавіка 11:00 Ранішняя кава з амбасадарамі. Coffee with the Ambassadors
Уле Тёр’е Харпестад, Амбасадар Нарвегіі ва Украіне і Беларусі
Хрысціна Ёханэсан, Амбасадарка Швецыі ў Беларусі
Размаўляем пра досведы лакдаўну і каранціну ў нардычных краінах, як пандэмія паўплывала на жыццё там і на працу амбасадаў, а таксама — што нас чакае ў будучыні.
30 красавіка 21:00 Анлайн-вечарынка закрыцця #zzyalive * Special Northern Lights anti-covid mixtape
Памятаеце пра круты нарвежскі дакументальны фільм ‘Northern Disco Lights’, які мы паказвалі на Ззянне-2018? Сэт з нардычным вайбам для нас і вас адыграе Aslamin.