Люди, истории Grassroots
CityDog.io

Што стала з тым самым праектам «Жывая бібліятэка», які збіраў тысячы людзей у ОК16? Мы даведаліся падрабязнасці

Што стала з тым самым праектам «Жывая бібліятэка», які збіраў тысячы людзей у ОК16? Мы даведаліся падраб...
За апошнія некалькі гадоў у Беларусі было ліквідавана вельмі шмат грамадскіх арганізацый, а актывісты і актывісткі сотнямі з’язджалі з краіны – і ўжо за яе межамі пачыналі ствараць новыя праекты, накіраваныя на дапамогу беларускаму грамадству. Прыблізна такая ж сітуацыя склалася з вядомым праектам «Жывая бібліятэка».

За апошнія некалькі гадоў у Беларусі было ліквідавана вельмі шмат грамадскіх арганізацый, а актывісты і актывісткі сотнямі з’язджалі з краіны – і ўжо за яе межамі пачыналі ствараць новыя праекты, накіраваныя на дапамогу беларускаму грамадству. Прыблізна такая ж сітуацыя склалася з вядомым праектам «Жывая бібліятэка».

У 2021 годзе «Жывой бібліятэкі», на сустрэчы якой збіраліся сотні і тысячы беларусаў, не стала – арганізацыя была ліквідавана ўладамі. Але пэўны час яна працягвала працаваць, толькі ўжо не ў публічнай прасторы. У лютым 2022-га каманда, сабраўшыся пад Кіевам, прыняла рашэнне закрыць праект цалкам і назаўсёды.

Куды знікла «Жывая бібліятэка» і хто такія «ІншыЯ»?

«Жывая бібліятэка» існавала доўга – каля сямі гадоў. Ідэю праекта запазычыла Марына Штрахава ў польскіх калег, да якіх ездзіла па абмене, і рэалізавала яе ў далёкім 2014-м: спачатку гэта была проста ініцыятыва, якая пазней вырасла ў афіцыйна зарэгістраваную арганізацыю.

Праект стрэліў: да 2019 года ў Мінску адбылося больш за 40 «Жывых бібліятэк», а ў рэгіёнах – больш за 100.

Марына Штрахава 
заснавальніца і партнёрка арганізацыі «ІншыЯ»

– Нягледзячы на тое, – кажа Марына, – што закрыццё «Жывой бібліятэкі» давалася цяжка і балюча, частка з нас не была гатова да таго факту, што арганізацыі больш няма. Хацелася працягваць далей нешта рабіць. Тады мы дамовіліся, што будзем працягваць нашу працу, але на той момант яшчэ не ведалі, што мы – «ІншыЯ» (смяецца).

Трэба рабіць нешта новае – і ў выніку гэта новае з’явілася: спачатку проста як ініцыятыва, якая даволі хутка (за некалькі месяцаў) вырасла да зарэгістраванай у Літве арганізацыі.

– Дык усё ж такі ці можна ўспрымаць «Іншых» як працяг «Жывой бібліятэкі»? Ці гэта асобны самастойны праект?

Зміцер Радзіеўскі
сузаснавальнік, партнёр і дырэктар арганізацыі «ІншыЯ»

– Гэта самастойны праект. Мы з самага пачатку часта сутыкаемся з успрыманнем нас як тых, хто рабіў «Жывую бібліятэку». Таму зараз імкнёмся да таго, каб пераламіць гэту асацыяцыю: «ІншыЯ» – гэта новая арганізацыя з іншай місіяй, іншымі праектамі, іншым бачаннем таго, што мы будзем рабіць і як.

«ІншыЯ» – гэта беларуская моладзевая арганізацыя, якая працуе для Беларусі і для моладзі Беларусі. Ядро каманды – тры партнёры (-кі), якія адказваюць за дасягненне мэтаў і задач арганізацыі. А дапамагаюць ім у гэтым пяць прыхільнікаў і прыхільніц: яны таксама ўдзельнічаюць у жыцці праекта, але не так глыбока ўключаны ў працэс, як партнёры (-кі).

«Жывая бібліятэка»: удзельнікі і ўдзельніцы сустрэчы слухаюць ЛГБТК-актывістку з Азербайджана.

– Наша місія, – кажа Марына, – гэта садзейнічанне з’яўленню і развіццю інклюзіўнага і талерантнага грамадства, у якім кожная і кожны могуць не баяцца адрознівацца і не сутыкацца пры гэтым з дыскрымінацыяй. У рамках гэтай місіі мы працуем з тэмамі правоў чалавека, інклюзіі, гендaрнай роўнасці і экапрыязнасці. Праводзім адукацыйна-асветніцкія мерапрыемствы, падтрымліваем прадстаўнікоў і прадстаўніц уразлівых груп грамадства, а таксама профільныя арганізацыі, якія непасрэдна з імі ўзаемадзейнічаюць.

Напрыклад, за час існавання праекта «ІншыЯ» каманда правяла ўжо два вялікія мерапрыемствы. Адно – форум «All Inclusive 2.0. Стратэгіі працы ў сучасных умовах» у Вільнюсе (яго яшчэ ў 2019 годзе ладзіла «Жывая бібліятэка» ў Мінску). На ім сабралася каля 50 актывістаў і актывістак, якія працуюць з уразлівымі групамі. А таксама ў 2023-м – «Тыдзень нулявой дыскрымінацыі»: ён праходзіў восем дзён і сабраў больш за 200 наведвальнікаў і наведвальніц.

На форуме «All Inclusive 2.0. Стратэгіі працы ў сучасных умовах».

Ці проста гэта – дапамагаць Беларусі не ў Беларусі: «Стала цяжэй»

– На мой погляд, «Жывая бібліятэка» моцна паўплывала на адкрытасць у грамадстве і прыняцце іншых такімі, якія яны ёсць, – кажа Марына. – Таму, па маіх адчуваннях, гэта сапраўды прыносіла станоўчыя змяненні: напрыклад, у каманду «Жывой бібліятэкі» прыходзілі людзі з настроем «мы ведаем, што вы робіце, мы разумеем, што нам гэта адгукаецца, і мы хочам у гэта таксама ўкладвацца».

Умоўна да 2020 года, мне падаецца, людзі пакрысе раскрываліся. Але калі казаць з пазіцыі «тут і цяпер», то зараз уключаецца мільярд дадатковых пункцікаў, адзін з якіх – бяспека. Тое, што людзі знаходзяцца за мяжой, абсалютна не робіць іх становішча бяспечным, бо ўключаюцца пэўныя трыгеры праз тое, што адбываецца ў Беларусі, як фактычна крыміналізуецца іншасць, адрознасць.

– Мы раней бачылі, – дадае Зміцер, – як да 2020-га прадстаўнікі і прадстаўніцы нейкіх уразлівых груп былі больш упэўненыя ў тым, што яны могуць расказваць пра свой досвед і не баяцца людзей як людзей, не баяцца таго, што ў іх будуць тыкаць пальцам на мерапрыемствах, што іх будуць асуджаць. Таму павялічвалася колькасць тых, хто хацеў распавесці пра сябе і сваё жыццё.

А зараз існуе страх больш не з-за таго, што ты расказваеш асабістую гісторыю, а з-за таго, што сустрэчу ладзіць не зарэгістраваная ў Беларусі арганізацыя, напрыклад, што ўвогуле недзе будуць збірацца людзі і нешта абмяркоўваць. Канешне, гэта таксама цяпер трэба ўлічваць у нашай працы, бо мы не можам нікога прымушаць выказвацца публічна.

– У сітуацыі рэлакейта, калі ў вас саміх псіхалагічны стан не самы лепшы, калі ўсё з большага анлайн, калі многія не ў краіне, прасцей ці цяжэй стала дапамагаць Беларусі і беларусам?

– Дапамагаць і ўвогуле працаваць стала цяжэй з беларусамі і беларускамі, якія знаходзяцца ў Беларусі, – прызнаецца Зміцер. – Гэта тое, на што мы павінны арыентавацца і на чым спрабуем заўсёды трымаць фокус нашай дзейнасці. Але цяпер мы ўсё менш і менш разумеем стан гэтых людзей, і ў нас усё менш і менш пунктаў сутыкнення з імі ў афлайн-прасторы, адзін на адзін, дзе мы можам даведацца пра рэальнае становішча.

З іншага боку, з-за таго, што мы з’ехалі, мы можам выступаць прамым голасам, які бы прамаўляючы тыя моманты, пра якія не могуць сказаць людзі на тэрыторыі Беларусі, бо гэта небяспечна. Таму вельмі хочацца наладзіць працэс атрымання такой дакладнай інфармацыі з Беларусі, каб можна было стаць рупарам у інфармацыйнай прасторы і расказваць пра ўсё гэта.

– Шукаць новыя варыянты працы з людзьмі ўнутры краіны усё складаней, – заключае Марына, – прастора для дзеяння звужаецца з кожным месяцам. Але пры гэтым прыдумляецца нешта новае: класныя анлайн-фарматы, у якіх людзі гатовыя ўдзельнічаць, новыя арганізацыі і ініцыятывы, бо людзі хочуць быць актыўнымі і нешта рабіць. Так, гэта цяжэй, але гэта па-новаму. Усё магчыма.

За дзейнасцю арганізацыі «ІншыЯ» можаце сачыць у сацсетках – інстаграм і фэйсбук, а таксама ў тэлеграме.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter