Лявон Вольскі прадставіў ужо другі кліп з новага альбома – на гэты раз на песню «Аперацыя адукацыя». На пласцінку ўжо сабрана 75% ад неабходнай сумы.
Лявон – не толькі знакаміты беларускі музыка, але і экс-настаўнік чарчэння і малявання. Таму ён ведае, пра што спявае.
Вольскі ўзгадвае пра сваё настаўніцкае мінулае
– Натуральна, што хібы адукацыі ёсць усюды, але адна сітуацыя ў Фінляндыі і зусім іншая – у Беларусі, – расказвае Лявон Вольскі. – Памятаю, як у час педпрактыкі працаваў у адной са школ Мінска.
Па-першае, нават настаўнікам нельга было хадзіць з доўгімі валасамі: даводзілася хаваць іх пад каўнер і завязвацца шалікам.
Па-другое, было вельмі дзіўна, наколькі шаблоннае мысленне навязвалася дзецям. Напрыклад, я даваў творчае заданне – намаляваць жывёлу. У выніку нехта першы маляваў сабачаня, а астатнія проста паўтаралі.
Мне здаецца, што за 35 гадоў змяніліся дробязі, а сутнасць, на жаль, засталася тая самая.
Калі выйдзе новы альбом Вольскага
Першы сінгл з новага альбома – «Зніклыя людзі» – быў прадстаўлены ў лістападзе. У межах краўдфандынга на новы альбом «Гравітацыя» сабрана 75% ад неабходнай сумы.
У адказ на ахвяраванні прыхільнікі могуць атрымаць сам альбом, эксклюзіўны мерч, а таксама адмысловыя мастацкія працы Лявона Вольскага.
А калі будзе канцэрт Вольскага?
Канцэртная прэзентацыя альбома «Гравітацыя» адбудзецца 2 сакавіка ў Prime Hall. Білеты коштам ад 30 рублёў (першыя 100, далей – даражэй) ужо можна набыць у горадзе. Даведка: +375 33 661 14 32.