Пасольства Германіі разам з Інстытутам Гётэ падрыхтавалі нечаканы івэнт: у бліжэйшы чацвер, 26 верасня, вас запрашаюць на бясплатную сустрэчу з носьбітамі 15 еўрапейскіх моў у фармаце speak dating.
Спікдэйтынг: гэта як?
Speak dating (ад англ. speak – размаўляць і datе – спатканне) пайшоў ад вядомых хуткіх спатканняў speed dating, дзе за невялікі прамежак часу можна пазнаёміцца з дзясяткам людзей.
Ад спіддэйтынгу ў спікдэйтынгу захаваўся фармат кароткай размовы. Аднаго вечара хопіць, каб сустрэцца і пагутарыць з шэрагам незнаёмцаў. У выпадку спікдэйтынгу за некалькі хвілін трэба ацаніць не асобу, а мілагучнасць іншаземнай гаворкі.
Прадстаўнікі розных еўрапейскіх краін сам-насам прэзентуюць наведвальнікам сваю мову ды адкажуць на ўсе пытанні. У выніку – і практыка маўлення, і новы досвед.
Куды прыходзіць?
Speak dating чакае наведвальнікаў 26 верасня а 16-й гадзіне ў Нацыяналцы. На сустрэчу з мінчанамі прыйдуць нэйтыў-спікеры 15 еўрапейскіх моў.
А аматары ўсяго незвычайнага змогуць пагутарыць на мове жэстаў ці на ідышы.
Усё гэта робіцца ў рамках Еўрапейскага дня моў і Тыдня Германіі
Святкаванне Еўрапейскага дня моў – толькі частка вялікага спіса актыўнасцей пасольства Германіі. Дыпламаты ўжо 16 гадоў ладзяць у Мінску Тыдні Германіі. Кожную восень яны рыхтуюць багатую праграму – вось тут сёлетняя.
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.