У Ленінскім раёне 11 сакавіка стартуе грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта, які тычыцца тэрыторыі ў межах вуліц Маякоўскага, Аранскай, Дзянісаўскай, Індустрыяльнай і Серабранскага завулка. Пра гэта паведамляе агенцтва “Мінск-Навіны”.
Тэрыторыя з’яўляецца часткай водна-зялёнага дыяметра сталіцы, палову яе займае акваторыя вадаёма ЦЭЦ-2. У паказанай зоне павінен з’явіцца ландшафтны парк агульнагарадскога значэння. Па Генплане Мінска, таксама тут могуць быць размешчаны грамадскія будынкі.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2019/03_march/04_16739/%D0%91%D0%B5%D0%B7%20%D0%BD%D0%B0%D0%B7%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%B8%D1%8F_04-03-2019_15-12-43.jpeg)
Што канкрэтна будуць будаваць?
У першую чаргу – да 2021 года – спецыялісты УП “Мінскграда” прапануюць змясціць на гэтай тэрыторыі кафэ хуткага абслугоўвання, пабудаваць пешаходны мост, рэканструяваць тэхнічны мост з трубаправодам і добраўпарадкаваць тэрыторыю.
Далейшае асваенне магчыма толькі пасля “прывядзення экалагічнага стану праектаванай тэрыторыі да нарматыўных паказчыкаў (скарачэнне санітарна-ахоўных зон)”.
Правы бераг Свіслачы і прагулачную зону плануюць добраўпарадкаваць і пабудаваць дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, уладкаваць пляцоўкі для адпачынку, размясціць грамадскія прыбіральні. А яшчэ горадабудаўнікі хочуць узвесці тры пешаходных маста.
На месцы сядзібнай забудовы ў раёне вуліц Серабранскай, Маласерабранскай, Крайняй, Індустрыяльнай прапануецца ў будучыні размясціць комплекс будынкаў культурна-асветніцкага, забаўляльна-спартыўнага, выставачна-дэманстрацыйнага прызначэння.
На Індустрыяльнай плануецца арганізаваць паркоўкі для наведвальнікаў парку і аб’ектаў, размешчаных на яго тэрыторыі.
А як падрабязней даведацца аб праекце?
Больш падрабязна аб праекце можна будзе даведацца падчас яго прэзентацыі, якая пройдзе 13 сакавіка ў 17:30 у актавай зале адміністрацыі Ленінскага раёна (вул. Маякоўскага, 83).