Сёлета «Ноч расстраляных паэтаў» зможа арганізваць кожны і ў любой кропцы свету

Сёлета «Ноч расстраляных паэтаў» зможа арганізваць кожны і ў любой кропцы свету
Мерапрыемствы ў памяць беларускіх літаратараў, забітых у 1930-х, раней праходзілі ў Беларусі – на жаль, цяпер гэта немагчыма. Але ў вас ёсць магчымасць паўдзельнічаць у мерапрыемствах, калі вы ў замежжы. Больш за тое: вы можаце арганізаваць івэнт самастойна.

Мерапрыемствы ў памяць беларускіх літаратараў, забітых у 1930-х, раней праходзілі ў Беларусі – на жаль, цяпер гэта немагчыма. Але ў вас ёсць магчымасць паўдзельнічаць у мерапрыемствах, калі вы ў замежжы. Больш за тое: вы можаце арганізаваць івэнт самастойна.

Што такое «Ноч расстраляных паэтаў»?

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляны 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.

Найстарэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў, а сярод самых маладых – паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пётр Хатулёў (25 гадоў), педагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў).

Расстрэл 29.10.1937 стаў самай трагічнай кропкай хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Хваля гэта доўжылася з 1929 па 1938 год, мела мэтай знішчэнне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў і закранула больш за 500 выбітных дзеячаў беларускай культуры.

Некалькі соцень чалавек былі высланы за межы Беларусі, некалькі соцень – расстраляны, дзясяткі адпраўлены ў лагеры і загінулі ў ГУЛАГу.

У памяць аб загінулых творцах вось ужо некалькі гадоў беларусы ладзяць «Ноч расстраляных паэтаў», дзе чытаюць іх вершы, прозу, пераклады.

Як далучыцца да імпрэзы?

На сайце імпрэзы можна знайсці карту, на якую нанесены кропкі з мерапрыемствамі, што адбудуцца на выхадных. Але, калі вы за мяжой і ў вашым горадзе нічога не плануецца, можаце арганізаваць паэтычны вечар памяці самастойна, запоўніць анкету, каб ваша мерапрыемства таксама трапіла на карту.

Спіс паэтаў, расстраляных 29 кастрычніка

Бранштэйн Якаў Анатольевіч (10.11.1897–29.10.1937) – літаратурны крытык, член Саюза пісьменнікаў СССР, член-карэспандэнт АН БССР.

Вольны Анатоль (сапр. Ажгірэй Анатоль Усцінавіч; 02.12.1902–29.10.1937) – паэт, празаік, кінадраматург, журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

Галавач Платон Раманавіч (18.04.1903–29.10.1937) – пісьменнік.

Дудар Алесь (сапр. Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч; 24.12.1904–29.10.1937) – паэт, крытык, перакладчык.

Дунец Хацкель Майсеевіч (студз. 1897–29.10.1938) – крытык, публіцыст, культработнік на заводзе імя Кірава.

Зарэцкі Міхась (сапр. Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901–29.10.1937) – празаік, драматург, перакладчык, крытык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР.

Каваль Васіль (1907–1937) – празаік.

Кляшторны Тодар Тодаравіч (11.03.1903–29(30).10.1937) – паэт, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў.

Кульбак Майсей Саламонавіч (25.03.1896–29.10.1937) – паэт, празаік, драматург, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Левін Аляксандр Самойлавіч (жн. 1912–29.10.1937) – літаратурны крытык.

Лявонны Юрка (сапр.: Юркевіч Леанід Мікалаевіч; 29.07.1908–29.10.1937) – паэт.

Маракоў Валерый Дзмітрыевіч (27.03.1909–29.10.1937) – паэт, перакладчык.

Міхась Чарот (сапр.: Кудзелька Міхась Сымонавіч; 07.11.1896–29.10.1937) – паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч.

Мурзо Сяргей Мікітавіч (1912–29.10.1937) – паэт, настаўнік.

Нёманскі Янка (сапр.: Пятровіч Іван Андрэевіч; 12.04.1890–29(30).10.1937) – празаік, публіцыст, эканаміст, грамадскі дзеяч.

Півавараў Залман Рувімавіч (05.06.1910–29.10.1937) – паэт, перакладчык.

Сташэўскі Васіль Пятровіч (23.03.1895–29.10.1937) – празаік, драматург, педагог, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Таўбін Юлій Абрамавіч (15.09.1911–29(30).10.1937) – паэт, перакладчык.

Харык Ісак Давыдавіч (06.03.1896–29.10.1937) – паэт, член Саюза Пісьменнікаў Беларусі.

Хатулёў Пётр Фёдаравіч (29.06.1912–29.10.1937) – літаратурны крытык.

Шалай Макар Ксенафонтавіч (17.02.1906–29.10.1937) – літаратурны крытык.

Шастакоў Павал Пятровіч (1889–29.10.1937) – рэдактар, журналіст, педагог, дзяржаўны дзеяч.

 

#Беларусь
поделиться