Увесну для малых мінчукоў будуць рабіць вандроўкі па парках і скверах сталіцы. Дзецям прапануюць шукаць адметныя дрэвы. Калі вашаму дзіцю 3 і больш гады, чытайце далей.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2019/03_march/07_16775/1.png)
Што за экскурсіі?
Вандроўкі будуць арганізаваны ў межах падтрымкі праекта выдання кніг “Хто расце ў парку” і “Хто расце ў садзе”.
На старонцы праекта ўжо зараз можна запісацца на гучныя чытанні і сумесныя прагулянкі па парках Мінска, заказаць кнігі, паводле якіх і будуць планавацца вандроўкі.
Што гэта за кнігі?
“Хто расце ў парку” (2016) і “Хто расце ў садзе” (2017) – серыя пазнавальных кніг сучасных украінскіх аўтараў: пісьменніцы Кацярыны Міхаліцынай і ілюстратаркі Аксаны Булы.
Гэта маляўнічыя вызначальнікі дрэваў для маленькіх і вялікіх чытачоў. А таксама невялікія гісторыі пра сямейныя каштоўнасці: пра пошукі кагосьці роднага, пра цёплыя стасункі з бацькамі, пра каханне, спагаду, пра любоў да тых, каго ўжо няма з намі.
А што будуць рабіць на такіх экскурсіях?
Галоўная мэта прагулянак – пазнаёміць дзяцей з дрэвамі, якія растуць у нашых парках. Найбольшая ўвага будзе надавацца тым дрэвам, пра якія расказваецца ў кнізе “Хто расце ў парку”, а гэта 9 звычайных для Беларусі відаў дрэваў і 2 рэдкія.
Вандроўкі будуць пачынацца з гучных чытанняў урыўкаў з кніг “Хто расце ў парку” ці “Хто расце ў садзе”. Пасля дзеці будуць шукаць расліны, пра якія яны даведаліся з кніг.
Дзетак старэйшага ўзросту чакае квэст з разнастайнымі загадкамі.
Каго запрашаюць на вандроўкі?
На вандроўкі запрашаюць дзяцей ад 3 гадоў. Самыя маленькія ў суправаджэнні бацькоў, а дзеці школьнага ўзросту могуць далучыцца самастойна. Адно запрашэнне на сайце Ulej дзейнічае на ўсю сям’ю.
Падрабязнасці пра выданне глядзіце тут.