У гэтым годзе ў Мінску пачнуць ствараць «Сад вершаў» – вялікі парк з алеяй паэзіі, зонамі адпачынку, спартыўнымі пляцоўкамі і месцамі для ўсёй сям’і. Ён з’явіцца ў Маскоўскім раёне, побач з вуліцамі Алібегава, Сапегі, Брыля і праспекта Дзяржынскага.
Чыноўнікі паведамілі, што праект распрацаваў архітэктар Уладзіслаў Кашкоўскі, пераможца конкурсу моладзевых ініцыятыў «Мінская змена – 2024». Як піша агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на адміністрацыю Маскоўскага раёна, работы распачнуцца ўжо ў 2025 годзе.

Парк зойме 43 гектары і стане месцам «для прагулак, адпачынку і натхнення». Паводле слоў чыноўнікаў, там з’явяцца пешаходныя дарожкі, лаўкі, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, а таксама алея вершаў. Уздоўж яе ўсталююць інфармацыйныя стэнды, прысвечаныя беларускім пісьменнікам і паэтам.
– Першыя працы пачнём у другім квартале. Ужо да Дня Незалежнасці частка парку будзе даступная для мінчан, – адзначылі ў адміністрацыі раёна.

Там таксама дадалі, што асаблівасцю будучага парку з’яўляецца складанае рэльефнае размяшчэнне і наяўнасць інжынерных сетак. Акрамя таго, абяцаюць стварыць безбар’ернае асяроддзе, каб «Сад вершаў» быў зручным і даступным для людзей з дадатковымі патрэбамі.

Дарэчы, як раней пісаў CityDog.io, дызайн Уладзіслава Кашкоўскага таксама быў выбраны на конкурсе сярод студэнтаў архітэктурнага факультэта БНТУ і навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа. Менавіта яго ідэя лягла ў аснову фінальнага праекта новага Гістарычнага музея Беларусі, які з’явіцца на месцы былога парку «Дрымлэнд».
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: «Мінск-Навіны»