У Гродне выставілі на аўкцыён незвычайны недабудаваны катэдж на беразе Нёмана. Яго праектаваў той жа архітэктар, што і знакаміты мясцовы «Замак Дракулы» – адзін з самых незвычайных прыватных дамоў Беларусі. Таргі прызначылі на 8 снежня, а пачатковы кошт складае 540 000 рублёў.
У Гродне ёсць уласны «Замак Дракулы» – змрочны катэдж з востраканцовай вежай на беразе Нёмана, побач са старымі каталіцкімі могілкамі. Ён стаіць недабудаваным ужо больш за 30 гадоў. З-за незвычайнага знешняга выгляду вакол будынка хадзіла нямала чутак: адны звязвалі яго з бандытамі, іншыя лічылі сінагогай.
Будаўніцтва пачалося ў 1992-1993 гадах. Па словах уладальніка, спачатку працы нават вяліся без дазволу. Пакуль у гаспадара былі грошы, будоўля працягвалася. Калі яны скончыліся, будаўніцтва спынілі.
Плошча дома разам з вежай і падвалам складае каля 700 «квадратаў». З боку Нёмана ён выглядае як сапраўдная сяміпавярховая крэпасць.
Цяпер непадалёк прадаюць яшчэ адзін недабудаваны дом, які праектаваў той жа архітэктар. Яго таксама пачалі ўзводзіць у 1990-х гадах. Першапачаткова будынак планавалі зрабіць на некалькі паверхаў вышэйшым, але ва ўладальніка скончыліся грошы. У выніку будаўніцтва спынілі, а дом накрылі дахам.

Недабудаваны дом. Фота: Realt.onliner.by.
У будынка можа быць некалькі варыянтаў выкарыстання: яго можна ператварыць у прыватны дом, гасцініцу ці камерцыйны аб’ект. Праўда, перад гэтым давядзецца ўкласціся ў рэканструкцыю.
На аўкцыён выставілі аб’ект з пачатковым коштам 540 000 рублёў. Таргі прызначаны на 8 снежня.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

















