Раней невядомыя публікацыі Максіма Багдановіча адшукалі на старонках дарэвалюцыйнай газеты «Голос», калі Дзяржаўны архіў Яраслаўскай вобласці Расіі адкрыў доступ да алічбаваных матэрыялаў, паведамляе ОНТ.
Што знайшлі даследчыкі?
Публікацыі Максіма Багдановіча ў газеце «Голос» за 1916 год змешчаны пад псеўданімамі «М.Б.» (4 тэксты) і «Іван Февралевъ» (5 тэкстаў).
– Падпісаны псеўданімам «Иван Февралевъ» пяць публікацый, – расказаў загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі. – Яны вельмі разнастайныя. Гэта і рэпарцёрскія нататкі пра судовае паседжанне, пра студэнцкую сталовую, небывалую гразу. Да таго ж мы выявілі некалькі матэрыялаў, якія прысвечаны так званаму «інтымнаму тэатру».
Яшчэ некаторыя псеўданімы зараз правяраюць.
– «Зритель», «Эхо», Rion стаяць у нас пад пытаннем, – кажа навуковая супрацоўніца музея Ірына Мышкавец. – Гэта псеўданімы, якія называе Сяргей Каныгін, былы супрацоўнік газеты «Голос». Справа ў тым, што з Каныгіным звязаліся, калі ён быў ужо чалавекам сталага веку, бліжэй да 80 гадоў.
Зараз online-збор публікацый вывучаюць супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.