У Facebook-суполцы «Толькі пра мову» трэці дзень спрачаюцца, як правільна па-беларуску называць мінскую Серабранку. Меркаванні трохі падзяліліся.
Адкуль наогул гэта непаразуменне?
Раён атрымаў назву ад маёнтка Сярэбраны Лог, які быў вядомы з 1551 года і які ў XIX стагоддзі называўся Сярэбраны Млын. Відавочна, што ўзнікае справядлівае пытанне: калі па-беларуску «срэбра», то чаму не «Срэбранка»?
Аказваецца, усё правільна: хоць «срэбра», але «Серабранка»
Як патлумачыў сябрам суполкі вядомы лінгвіст Вінцук Вячорка, у беларускай мове ёсць і слова «серабро», і «срэбра»: «Серабранка – стары беларускі тапонім. Дзякуй богу, бальшавікі яго не памянялі, і, спадзяюся, ён будзе жыць вечна».
Лінгвіст адзначыў, што па-руску таксама правільна транслітараваць «Серабранка», а не «Серебрянка»: паколькі назва беларуская, то варта і на іншых мовах яе перадаваць так, як яна гучыць па-беларуску (па аналогіі «Беларусь» замест «Белорусcия»).
Зрэшты, у каментарыях не забылі нагадаць, што апошнія дзесяцігоддзі за Серабранкай замацавалася назва Серабронкс.